Як здымалі «Адысею» — такі маштаб уражвае нават Галівуд. Мэту Дэйману і Роберту Пацінсану давялося прайсці праз сапраўдныя выпрабаванні
Рэжысёр Крыстафер Нолан, які пасля трыумфу «Опенгеймера» атрымаў поўную свабоду дзеянняў, экранізаваў адну з галоўных паэм заходняй цывілізацыі — гісторыю пра вяртанне Адысея дадому пасля Траянскай вайны.

Сусветная прэм’ера прыгодніцкага фільма «Адысея» сцэнарыста і рэжысёра Крыстафера Нолана запланаваная на 15 ліпеня. Ролю Адысея — цара Ітакі, які накіроўваецца ў доўгае і небяспечнае падарожжа дахаты пасля Траянскай вайны, — выконвае Мэт Дэйман. На ролю Тэлемаха — сына галоўнага героя, які ўвесь гэты час чакае бацьку ў Ітацы, — Нолан запрасіў Тома Холанда (вядомага па ролі Чалавека-павука).
Роберт Пацінсан сыграў Антыноя — аднаго з жаніхоў Пенелопы, што пасяліліся ў доме Адысея і падчас яго адсутнасці спрабуюць завалодаць яго ўладай і жонкай. Пенелопу сыграла Эн Хэтэўэй, а сярод іншых акцёраў фільма — Джон Бернтал, Зендая і шэраг іншых галівудскіх зорак.

Пра тое, як ствараўся фільм, бюджэт якога склаў 250 мільёнаў даляраў, падрабязна расказвае вялікі матэрыял GQ, заснаваны на інтэрв’ю з Ноланам, Дэйманам, Холандам і Пацінсанам. Калі верыць іх успамінам, здымкі больш нагадвалі вялікую экспедыцыю, чым звычайную працу над блокбастарам.
Уся вытворчасць заняла 91 дзень і прайшла ў шасці краінах — Марока, Грэцыі, Італіі, Ісландыі, Шатландыі і ЗША. За гэты час Нолан адзняў каля 610 кіламетраў плёнкі IMAX — маштаб, якога сёння амаль ніхто не можа сабе дазволіць.

Ітака на вяршыні гары
Пры гэтым рэжысёр свядома пазбягаў простых рашэнняў. Нолан ужо шмат гадоў паўтарае, што сапраўдныя месцы заўсёды выглядаюць на экране лепш за камп’ютарную графіку. Паводле яго слоў, ён увесь час шукае «момант чараўніцтва ў рэальным месцы» — сапраўдны захад сонца, сапраўдны замак, сапраўдны ландшафт.
Таму для Ітакі была выбраная не студыя і не лічбавая дэкарацыя, а сапраўдны сярэднявечны замак Кастэла-ды-Санта-Катарына на італьянскім востраве Фавіньяна каля берагоў Сіцыліі.
Праблема палягала ў тым, што гэты замак знаходзіцца высока на гары. Да яго вядзе вузкая сцежка, якая зігзагамі падымаецца ўверх каля 45 хвілін. Дарога аказалася занадта вузкай для тэхнікі. Спачатку прадзюсары спрабавалі дамовіцца пра будаўніцтва новай дарогі. Але праект так і не быў рэалізаваны.
Тады Нолан проста вырашыў працаваць у тых умовах, якія былі. Усе, хто мог падымацца пешшу, павінны былі падымацца пешшу. Тэхніку і частку супрацоўнікаў перавозілі верталётамі. Для двухсот членаў групы нават давялося пабудаваць асобную платформу для абедаў на схіле гары.
У выніку кожны працоўны дзень пачынаўся з пад’ёму амаль на 300 метраў угару. Акцёры ішлі тым жа маршрутам, што і тэхнічны персанал. Том Холанд і Роберт Пацінсан падымаліся ў касцюмах і сандалях. Нолан пазней жартаваў, што кожны дзень назіраў, як 29‑гадовы Холанд лёгка абганяе яго на гэтай дарозе.

Па словах Мэта Дэймана, такі падыход рэжысёра стаў для яго сапраўдным шокам. Акцёр, які за сваю кар’еру працаваў прыкладна на васьмідзесяці здымачных пляцоўках, сцвярджаў, што любая з лакацый «Адысеі» была б самай цяжкай лакацыяй у любым іншым фільме. Але ў Нолана такія месцы ішлі адно за адным.
Не менш моцнае ўражанне зрабілі на акцёраў і здымкі ў Марока. Том Холанд успамінаў, што, упершыню апынуўшыся на пляцоўцы, ён доўга ішоў уздоўж пляжу і бачыў перад сабой бясконцыя рады грэчаскіх воінаў, караблёў і дэкарацый Траянскай вайны. Ён нават пачаў пытацца ў памочнікаў, дзе знаходзіцца сама здымачная група. Усё выглядала не як блокбастар, а як гістарычная рэканструкцыя неймавернага маштабу.
Пазней Холанд прызнаваўся, што менавіта тады ўпершыню зразумеў сапраўдны размах праекта. Але для Нолана справа ніколі не зводзіцца толькі да маштабу. У сваіх інтэрв'ю ён неаднаразова тлумачыў, што галоўнае для яго — стварыць у гледача адчуванне фізічнай прысутнасці ў падзеях фільма.
Мінімум падману
Гэтая філасофія шмат у чым тлумачыць і яго шматгадовую прыхільнасць да фармату IMAX. Нолан лічыць, што вялікі кадр на плёнцы дазваляе перадаць асаблівае адчуванне матэрыяльнасці свету. Гледачу здаецца, што ён не проста назірае за падзеямі, а знаходзіцца побач з героямі, можа адчуць маштаб мясцовасці, фактуру прадметаў і нават уявіць сабе пахі, гукі і тэмпературу навакольнага асяроддзя.

Для «Адысеі» Нолан папрасіў кампанію IMAX распрацаваць мадыфікаваную камеру, якая магла б выкарыстоўвацца не толькі для вялікіх панарамных кадраў, але і для звычайных дыялогавых сцэн. Традыцыйныя камеры IMAX занадта шумныя для такой працы, таму інжынеры стварылі спецыяльны гукаізаляцыйны корпус. Калі ж ён пачаў перашкаджаць акцёрам бачыць адзін аднаго падчас размовы, Нолан прапанаваў выкарыстоўваць сістэму люстэркаў, якая дазваляла бачыць твар партнёра побач з аб'ектывам камеры.
Гэтае тэхнічнае рашэнне добра адлюстроўвае агульны падыход рэжысёра. Нолан імкнецца зрабіць так, каб акцёры як мага менш мелі справу з умоўнасцямі здымачнага працэсу і як мага больш — з рэальным асяроддзем.

Том Холанд пасля казаў, што Нолан амаль ніколі не просіць акцёраў проста ўяўляць тое, чаго няма. Калі герой павінен на нешта рэагаваць, рэжысёр стараецца зрабіць так, каб гэта сапраўды існавала перад яго вачыма або хаця б адбывалася побач.
Роберт Пацінсан успамінаў адну з такіх сцэн. Яго герой павінен быў пачуць нешта ўдалечыні і звярнуць на гэта ўвагу. Акцёр чакаў, што яму проста пакажуць патрэбны кірунак або пазней дададуць неабходны гук пры мантажы.
Аднак Нолан паведаміў, што нічога імітаваць не будуць. За некалькі дзясяткаў метраў ад камеры Мэт Дэйман і Эн Хэтэўэй — экранныя Адысей і Пенелопа — сапраўды выконвалі сваю сцэну. Пацінсан іх амаль не бачыў, але чуў тое, што адбывалася, і рэагаваў на рэальную падзею, а не на ўяўны сігнал.

Такім жа чынам былі арганізаваныя і многія іншыя эпізоды фільма. Мэт Дэйман расказваў, што Нолан прынцыпова імкнуўся здымаць сцэны ў тых умовах, у якіх яны адбываюцца паводле сюжэту. Калі Адысей трапляе ў шторм, гэта азначае сапраўднае мора і сапраўдны карабель. Калі паводле паэмы яго прывязваюць да мачты падчас сустрэчы з Сірэнамі, то акцёра сапраўды прывязваюць да мачты сапраўднага судна ў адкрытым моры.
На думку Дэймана, менавіта гэта і стварае асаблівую атмасферу на пляцоўцы: акцёрам не трэба ўяўляць абставіны, у якіх знаходзяцца іх героі, бо яны фізічна апынаюцца ў гэтых абставінах.
Дысцыпліна на пляцоўцы
Не менш важнай часткай фільма стала і арганізаванасць Нолана. Холанд, які правёў апошнія гады ў сусвеце Marvel, быў уражаны тым, наколькі дакладна ўсё спланавана. Паводле яго слоў, рэжысёр мог адказаць на любое пытанне імгненна.
Першая сцэна, у якой удзельнічаў Холанд, паводле раскладу павінна была здымацца два дні. Але ўжо падчас абеду Нолан абвясціў, што ўсё будзе скончана за адзін дзень. Да вечара сцэну сапраўды знялі.
Пасля вяртання да працы над новым фільмам пра Чалавека-павука Холанд пачаў спасылацца на досвед Нолана падчас размоў з кіраўніцтвам Sony і прадзюсарамі.
Апошні фільм такога маштабу?
Апошнія дні здымак прайшлі ўжо ў ЗША — на студыі Universal, у вялізным водным рэзервуары Falls Lake («Возера вадаспадаў»).
Там каманда патапіла поўнамаштабную копію карабля Адысея. Да таго моманту ўдзельнікі праекта ўжо прайшлі праз горы Сіцыліі, ветраныя берагі Шатландыі і халодныя лакацыі Ісландыі. Многія спадзяваліся, што студыя стане самым лёгкім этапам працы. Але Нолан застаўся верны сабе.
Для здымкі штармавых сцэн выкарыстоўваліся два магутныя рэактыўныя рухавікі, якія абрушвалі на акцёраў патокі вады.

Як успамінаў Дэйман, нават у цалкам кантраляваных студыйных умовах было холадна, мокра і вельмі няўтульна. Менавіта таму, аглядаючыся назад, акцёр называў «Адысею» амаль унікальнай з’явай для сучаснага Галівуда.
На яго думку, сёння засталося ўсяго некалькі рэжысёраў, здольных атрымаць рэсурсы для такога кіно: знятага на плёнку, у сапраўдных месцах, з рэальнымі караблямі, сапраўдным морам, сапраўднымі гарамі і без спроб замяніць усё гэта камп’ютарнай графікай.
І менавіта таму ўжо падчас працы над фільмам у яго ўзнікала адчуванне, што ён удзельнічае не проста ў чарговым блокбастары, а ў завяршэнні цэлай эпохі вялікага студыйнага кіно.
Каментары