У Гродне дзяўчатам 14 і 15 гадоў пагражае калонія за шопінг у інтэрнэце
Падлеткі бавілі час тым, што спрабавалі зайсці ў чужыя профілі на папулярным маркетплэйсе, наўгад уводзячы розныя тэлефонныя нумары. Удалай стала спроба з ранейшым нумарам іх знаёмай — сістэма пусціла школьніц у чужы акаўнт.
Фота: vecteezy.com
Гродзенскія школьніцы, 14 і 15 гадоў, перабіралі нумары для ўваходу на гандлёвую пляцоўку, пакуль выпадкова ў іх гэта не атрымалася.
Убачыўшы, што да профілю прывязаная чужая банкаўская карта, дзяўчыны не спыніліся. Яны пачалі масава заказваць тавары. Агульная сума падлеткавага шопінгу за чужы кошт склала амаль 4 000 рублёў.
Сапраўднай уладальніцай акаўнта і грошай аказалася 53‑гадовая жыхарка Івацэвіцкага раёна. Заўважыўшы, што з карты зніклі велізарныя грошы, жанчына пайшла ў міліцыю. Дзяўчат вылічылі.
Цяпер у дачыненні да непаўналетніх распачата крымінальная справа за крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп'ютарнай інфармацыі, здзейснены групай асоб.
Крымінальная адказнасць за такія камп'ютарныя крадзяжы ў Беларусі надыходзіць ужо з 14 гадоў.
Школьніцам цяпер пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.
Чаму так здарылася
Міліцыя нагадвае: калі чалавек перастае карыстацца SIM-картай, мабільны аператар праз паўгода-год прадае гэты нумар іншаму кліенту. Каб вашы старыя нумары не сталі лёгкай здабычай для іншых, перад блакіроўкай сімкі абавязкова трэба:
адвязаць стары нумар ад усіх маркетплэйсаў (Wildberries, Ozon, AliExpress) і прапісаць там новы;
адключыць нумар ад інтэрнэт-банкінгу і банкаўскіх карт (праз мабільны дадатак або ў аддзяленні банка);
змяніць нумар ва ўсіх месенджарах і сацыяльных сетках, уключаючы Telegram, Viber, Instagram і акаўнты Google.