БЕЛ Ł РУС

Польскі дыпламат расказаў, як Лукашэнка ўмее «ачароўваць суразмоўцаў» і хто робіцца ягонымі ахвярамі

11.06.2026 / 20:51

Станіслаў Покуць

Польскі навуковец і дыпламат Марыюш Машкевіч, які ў 1998‑2002 гадах быў паслом у Беларусі, а ў 2016‑2024 — у Грузіі, у артыкуле для выдання Wszystko Co Najważniejsze піша пра мастацтва «ачароўвання суразмоўцы», якім, на яго думку, дасканала валодаюць многія людзі, якія выраслі ў СССР, а асабліва непераўзыдзены майстар — Аляксандр Лукашэнка.

Марыюш Машкевіч. Фота: gov.pl/web/gruzja

Як тлумачыць Машкевіч, «ачароўванне суразмоўцы» палягае

«на такім вядзенні размовы, каб у суразмоўцы складвалася ўражанне, што мы падзяляем яго погляды. Спачатку мы ўважліва слухаем і вылоўліваем інтэнцыі, каб пасля працяглай размовы па-майстэрску перакручваць фразы такім чынам, каб стварыць уражанне супольнасці каштоўнасцяў і ацэнак».

На ягоную думку:

«Гэта мастацтва, якое належыць да каталога навыкаў «як перажыць ноч у дзікім лесе», уяўляе сабой адно з фундаментальных культурных адрозненняў паміж людзьмі Захаду і жыхарамі постсавецкай прасторы».

Менавіта цудоўным валоданнем гэтым майстэрствам Аляксандрам Лукашэнкам Марыюш Машкевіч тлумачыць ягоную фенаменальную здольнасць «абыгрываць і ашукваць не толькі ўласных грамадзян, але, як выяўляецца, і вялікіх гэтага свету: прэзідэнтаў, прэм'ераў, міністраў».

Найпершымі ж ахвярамі «абаяльнасці» Лукашэнкі, на яго думку, робяцца «эксперты», якія «гэтым заходнім палітыкам рыхтуюць нататкі, прамовы і складаюць сцэнарыі на палітычнай дошцы».

«Базай для тэхнікі «ачароўвання суразмоўцы» з'яўляецца ўтрыманне тэмпу і тэмпературы дыялогу. Трэба давесці суразмоўцу да такога стану, што ён не зможа эмацыйна выблытацца з уласнай памылкі. Паводле прынцыпу: пакажы мне свае мары, і я прадам іх табе як мае ўласныя», — расказвае Машкевіч, як гэта працуе.

А тады пералічвае польскіх палітыкаў, якія ў розныя часы не змаглі падобнай тэхніцы, скарыстанай Лукашэнкам, супрацьстаяць:

«Сярод іх быў прэзідэнт Аляксандр Квасьнеўскі, якога пасля шматгадзіннай знясільваючай сустрэчы ў Белавежскай пушчы ў 1996 годзе супрацоўнікі з цяжкасцю праводзілі да машыны. На шчасце, прэзідэнт Квасьнеўскі хутка зразумеў, якім маніпулятарам з'яўляецца кіраўнік Беларусі, і пазней пазбягаў яго як агню.

Хто яшчэ купіўся? Няма такой палітычнай сілы, якая б не трапіла ў гэтую пастку. Міністр Радаслаў Сікорскі — апанаваны ўласным самалюбствам — чуў ад Аляксандра Лукашэнкі, што ён геніяльны. Памятнай ахвярай тэхнікі «ачароўвання» стаў таксама маршалак Сената Станіслаў Карчэўскі — ён неабачліва паўтарыў за сваёй суразмоўцай, што «Лукашэнка — гэта вельмі цёплы чалавек». Трэба адзначыць, што ён і сам хутка зразумеў, як ім зманіпулявалі. Аднак памятная фраза пайшла ў медыйны свет і стала своеасаблівым інтэрнэт-мемам».

Далей ён звяртаецца да самага свежага прыкладу — нядаўніх выказванняў былога кіраўніка польскай разведкі Пятра Краўчыка. Яго Марыюш Машкевіч судзіць стражэй, чым папярэдне згаданых асоб, бо ў іх выпадку, ён лічыць, гаворка ішла «пра анекдоты і сітуацыі, якія ўзнікалі насуперак намерам польскіх палітыкаў». Што да Краўчыка, то:

«Горш, калі кіраўнік польскай разведкі паўтарае наратывы, пачутыя ад сваіх беларускіх суразмоўцаў, і прымае іх за свае. [Краўчык] раскрыў, што польскія службы ў 2017—2019 гадах вялі інтэнсіўныя перамовы з беларускім КДБ, кіруючыся перакананнем, што калі кіраўніком службы з'яўляецца паляк паводле паходжання (Іван Церцель), то ён адназначна мусіць мець добрыя намеры. І купляліся гісторыі пра «абарону незалежнасці» і цяжкую долю пад расійскім ботам Пуціна».

Машкевіч звяртае ўвагу, што міфу пра Лукашэнку як пра абаронцу незалежнасці Беларусі і змагару супраць яе паглынання ўсходнім суседам ужо больш за 30 гадоў:

«Да сённяшняга дня беларускі сатрап дзеля асабістай выгады прадае па кавалку ўласную бацькаўшчыну, пры гэтым няспынна паўтараючы, што гэта для дабра краіны. У свет ідзе пасыл, што толькі ён гераічна супрацьстаіць інтрыгам Масквы. Так званы Захад (заплюшчваючы вочы на відавочныя «заганы» беларускай дэмакратыі) мусіць падтрымаць Лукашэнку ў гэтым гераічным працэсе абароны рэштак уласнай дзяржавы».

Як ахвяраў лукашэнкаўскага «перакульвання суразмоўцы» Машкевіч трактуе і прадстаўнікоў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, якія апошні год вядуць з Лукашэнкам дастаткова інтэнсіўныя перамовы і ўвязаліся «ў гандаль жывым таварам, то-бок у абмен палітычных зняволеных на адмену санкцый на экспарт угнаенняў».

«У сваім уяўленні я бачу, як здзіўленым амерыканцам ён паўтарае ў глыбокай таямніцы гісторыі пра крывавага Пуціна і пра тое, што толькі Лукашэнка здольны ўтрымаць свет ад ядзернай катастрофы. Цяпер на ролю ахвяры напрошваецца прэзідэнт Францыі, які накіроўвае свайго прадстаўніка на перамовы ў Мінск».

Напрыканцы артыкула Машкевіч згадвае пра тое, як у чэрвені 2002 года меў з Лукашэнкам доўгую і неафіцыйную размову як амбасадар у Мінску, які развітваўся з пасадай, і яму тады беларускі дыктатар расказваў тое самае:

«Я ведаю ад яго, што з Уладзімірам Пуціным ён змагаецца і яго панічна баіцца. Гэта не азначае, што ён абараняе незалежнасць Беларусі. Ён абараняе ўласную шкуру і свае назапашаныя багацці».

А завяршае свой тэкст заклікам да «экспертаў»:

«Спадары эксперты, улічыце пры вашых аналізах прынамсі гэтую адну «тэхналогію» «ачароўвання суразмоўцы», і тады вам будзе прасцей расшыфроўваць заблытаную логіку палітычных асоб, якія прымаюць рашэнні ў Маскве і Мінску».

Чытайце таксама:

«Лукашэнка — маньяк улады, палітычны звер» — былы амбасадар Польшчы

«Вы яшчэ не ведаеце, хто ён такі». Былы польскі пасол расказаў, як размаўляў з Лукашэнкам пра Пуціна ў 2002 годзе

Беларусы іранізуюць з інтэрв’ю былога кіраўніка польскай разведкі

«Давераная асоба Макрона, якая прыедзе ў Мінск», аказалася адстаўным паслом, што пабывае на «Мінскім дыялогу»

Каментары да артыкула