БЕЛ Ł РУС

Пуцін паабяцаў узмацніць удары па ўкраінскай інфраструктуры і перакананы, што Расія паспяхова наступае

12.06.2026 / 19:17

Nashaniva.com

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што Расія плануе ўзмацніць удары па інфраструктуры Украіны. Гэту заяву ён зрабіў падчас сустрэчы з удзельнікамі вайны супраць Украіны 12 чэрвеня.

Уладзімір Пуцін. Фота: Contributor Getty Image

Пуцін сцвярджае, што ў адказ на дзеянні Украіны Расія будзе працягваць наносіць удары і нават нарошчваць іх інтэнсіўнасць, асабліва па аб’ектах інфраструктуры праціўніка. Ён падкрэсліў, што гэта ўжо адбываецца і будзе працягвацца далей.

Адначасова ён прызнаў, што ўдары Узброеных сіл Украіны па расійскай нафтавай і энергетычнай інфраструктуры наносяць шкоду эканоміцы Расіі. Паводле яго слоў, з пачатку года было больш за 80 такіх удараў па расійскіх НПЗ, партах і аб’ектах паліўна-энергетычнага комплексу. Аднак Пуцін дадаў, што, на яго думку, усе пашкоджанні хутка аднаўляюцца і не ствараюць для Расіі аж надта сур’ёзных праблем.

Таксама ён заявіў, што Расія нібыта адна супрацьстаіць «калектыўнаму Захаду» і блоку НАТА, які, паводле яго слоў, аказвае ціск на краіну. Пуцін сцвярджае, што спробы раскалоць расійскае грамадства або нанесці шкоду эканоміцы, на яго думку, не дасягнуць выніку.

Што да ваенных дзеянняў, то ён упэўнены, што расійскія войскі працягваюць прасоўванне ў зоне баявых дзеянняў. Ён адзначыў, што гэта адбываецца не так хутка, як хацелася б, але, паводле слоў расійскага лідара, рух наперад і ўсталяванне кантролю над тэрыторыямі працягваецца штодня і будзе працягвацца ў далейшым.

Прытым Пуцін адмаўляе, што вайна адбываецца з ініцыятывы Расіі і што менавіта яна яе пачала:

«Гэта не мы развязалі вайну. Не мы пачалі баявыя дзеянні з пачаткам «СВА», не! Гэта яны здзейснілі дзяржпераварот на Украіне, гэта вымусіла нас узяць пад абарону жыхароў Крыма. Потым развязалі вайну, вайну ж развязалі! Пачалі баявыя дзеянні на паўднёвым усходзе Украіны».

Чытайце таксама:

Камандуючы войскамі ЗША ў Еўропе заявіў, што Пуцін не шукае вайны з НАТА

На вайне ва Украіне загінуў першы расійскі баец 2008 года нараджэння

Лукашэнка назваў Пуціна гарантам справядлівага сусветнага парадку

Загінуў адміністратар вядомага Z-канала, у якім смакуюць расійскія ўдары па цывільных аб'ектах

Побач з рэзідэнцыяй Пуціна нацягнулі антыдронавыя сеткі

Каментары да артыкула