БЕЛ Ł РУС

Замест пенсіі — калонія. 72‑гадовага беларускамоўнага айцішніка асудзілі па цяжкіх палітычных артыкулах

13.06.2026 / 10:00

Nashaniva.com

Аляксандр Катлянік доўгі час быў звязаны з гандлем, а на пенсіі стаў індывідуальным прадпрымальнікам у сферы праграмавання. Але спакойнай старасці не атрымалася — мінчука кінулі за краты за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні» і «заклікі да прычынення шкоды Беларусі».

Аляксандр Катлянік. Фота: Belpol

Аляксандр Катлянік нарадзіўся 30 снежня 1953 года. Па звестках Белпол, больш за 20 гадоў ён быў у бізнэсе. З 1990‑х па 2008‑ы Аляксандр быў намеснікам дырэктара ТАА «Ліцьвін», якая займалася раздробным гандлем. Адтуль перайшоў у ТАА «Экспатэхпрам» і ТАА «ПрамПошук», якія спецыялізаваліся на аптовым гандлі нехарчовымі таварамі.

У кастрычніку 2018 года Аляксандр зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік. У якасці асноўнага віду дзейнасці ён абраў камп'ютарнае праграмаванне. Гэта даволі рэдкі і натхняльны выпадак — Катляніку тады было 65 гадоў.

У жыцці Аляксандр карыстаўся беларускай мовай — прынамсі, пры кантактаванні ў інтэрнэце і падчас замоў у інтэрнэт-крамах.

Аднак працу і спакойнае жыццё перапыніў палітычны пераслед. Мінскі гарадскі суд асудзіў Аляксандра паводле ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы) і ч. 3 арт. 361‑1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Яму пагражала да 12 гадоў калоніі.

Цяпер пажылы праграміст за кратамі. Яму прысудзілі калонію, але тэрмін і акалічнасці справы невядомыя.

Чытайце таксама:

65‑гадовага гамельчука асудзілі за спробу дыверсіі на чыгунцы і здраду дзяржаве. Што вядома?

Сям’ю з Мінска будуць судзіць за здраду дзяржаве і кантрабанду зброі. Іх, падобна, затрымалі на мяжы — вось што вядома

Беларускамоўнага шматдзетнага бацьку з Мінска судзілі па палітычнай крыміналцы

Каментары да артыкула