БЕЛ Ł РУС

Беларусы на першым месцы ў рэгіёне па смяротнасці ад хвароб сэрца і сасудаў

14.06.2026 / 15:34

Вінцэсь Клепачэня

Нягледзячы на адкрыццё новых кардыялагічных цэнтраў і рост колькасці высокатэхналагічных умяшанняў, Беларусь застаецца адной з краін Еўропы з найвышэйшай смяротнасцю ад хвароб сэрца і сасудаў. Паводле міжнародных даных, беларусы паміраюць ад сардэчна-сасудзістых захворванняў у 3,5 раза часцей за немцаў і больш чым удвая часцей за палякаў. Пры гэтым каля траціны пацыентаў з інфарктам міякарда па-ранейшаму не маюць доступу да лячэння, якое ў краінах Еўрасаюза ўжо даўно стала стандартам.

Новы шпіталь у Гродне. Ілюстрацыйнае фота: Гродзенская праўда

Такія высновы ўтрымліваюцца ў незалежным аглядзе беларускай сістэмы аховы здароўя, падрыхтаваным актывістамі незалежнага прафсаюза медыкаў пры падтрымцы Фонду медыцынскай салідарнасці Беларусі BYMEDSOL і праекта «Белыя халаты».

Паводле даных World Heart Federation і Institute for Health Metrics and Evaluation, у 2021 годзе ад хвароб сэрца і сасудаў (ССЗ) у Германіі памерла 133 чалавекі на 100 тысяч насельніцтва, у Польшчы — 218, у Літве — 303, у Латвіі — 330, у Расіі — 395. Беларусь з паказчыкам 467 узначальвала гэты спіс.

Краіна

Узростава-стандартызаваная смяротнасць ад ССЗ на 100 тысяч, 2021

Адносна Германіі

Беларусь

467

3,51×

Расія

395

2,97×

Латвія

330

2,48×

Літва

303

2,28×

Польшча

218

1,64×

Германія

133

1,00×

Крыніца: матэрыялы агляду

Пры гэтым праблема, як адзначаюць аўтары даследавання, не зводзіцца толькі да высокай смяротнасці. Афіцыйная беларуская статыстыка паказвае вялікія адрозненні ў паказчыках сардэчна-сасудзістых захворванняў паміж рэгіёнамі.

Так, агульная захваральнасць на ішэмічную хваробу сэрца ў 2025 годзе ў Брэсцкай вобласці была амаль удвая вышэйшая, чым у Віцебскай, а колькасць новых выпадкаў хвароб сістэмы кровазвароту ў Мінску больш чым удвая перавысіла паказчык Магілёўскай вобласці.

Агульная захваральнасць на цэрэбраваскулярныя хваробы ў Віцебскай вобласці была ў 2,4 раза вышэйшай, чым у Магілёўскай, а колькасць новых выпадкаў нестабільнай стэнакардыі ў Гомельскай вобласці — амаль у 2,5 раза большай, чым у Мінскай.

Для краіны з адзінай сістэмай аховы здароўя такія разыходжанні выглядаюць незвычайнымі. Яны могуць сведчыць пра розную якасць дыягностыкі і дыспансернага назірання, праблемы са статыстычным улікам або недастатковае выяўленне захворванняў у асобных рэгіёнах. Інакш кажучы, частка пацыентаў можа проста не трапляць у афіцыйную статыстыку своечасова.

Аднак нават тыя паказчыкі, якія фіксуюцца афіцыйна, сведчаць пра яшчэ адну праблему — абмежаваную даступнасць высокатэхналагічнай кардыялагічнай дапамогі.

Параўнанне з суседнімі краінамі паказвае, што ў Беларусі значна радзей праводзяцца сучасныя кардыялагічныя працэдуры, неабходныя для дыягностыкі і лячэння цяжкіх сардэчных захворванняў.

Паводле разлікаў аўтараў даследавання, у 2025 годзе ў Беларусі выконвалася каля 4,2 тысячы каранаграфій на мільён жыхароў. Гэта крыху больш, чым у Расіі (3,1—3,7 тысячы), але значна менш, чым у краінах Еўрасаюза: у Польшчы гэты паказчык перавышаў 6,3 тысячы, у Латвіі складаў больш за 7 тысяч, а ў Літве і Германіі набліжаўся да 9,5 і 9,1 тысячы адпаведна.

Яшчэ больш прыкметнае адставанне назіраецца па колькасці празскурных каранарных умяшанняў (ПКУ) — працэдур, якія выкарыстоўваюцца для аднаўлення крывацёку ў звужаных або закаркаваных каранарных артэрыях. У Беларусі ў 2025 годзе было праведзена каля 2 тысяч такіх умяшанняў на мільён чалавек, што прыкладна адпавядае расійскаму ўзроўню (1,9-2,2 тысячы). У Польшчы, Літве, Латвіі і Германіі гэты паказчык быў амаль удвая вышэйшы — ад 3,6 да 4,4 тысячы на мільён насельніцтва.

Табліца. Супастаўленне колькасці высокатэхналагічных умяшанняў пры вострай сардэчнай паталогіі па краінах

Краіна

Каранаграфія / дыягнастычная катэтэрызацыя на 1 млн

Год

ПКУ на 1 млн

Год

Беларусь

4 250

2025

1 970

2025

Расія

3 100—3 700

2023

1 900—2 200

2023

Латвія

7 111

2024

4 011

2024

Літва

9 491

2024

3 649

2024

Польшча

6 354

2024

3 776

2024

Германія

9 107

2023

4 413

2023

Крыніца: матэрыялы агляду

У апошнія гады ўлады спрабуюць выправіць сітуацыю, адкрываючы новыя кардыяэндаваскулярныя цэнтры ў рэгіёнах. Такія ўстановы ўжо з'явіліся ў Брэсце, Жлобіне, Ваўкавыску, Лідзе, Крычаве і Магілёве, яшчэ некалькі плануюць адкрыць.

Аднак доступ да сучаснага лекавання па-ранейшаму застаецца абмежаваны. У 2025 годзе толькі 68,3% пацыентаў з інфарктам міякарда змаглі атрымаць празскурнае каранарнае ўмяшанне. Для параўнання, у Польшчы і Германіі такую дапамогу атрымліваюць каля 90—95% пацыентаў.

Чытайце таксама:

Рызыка сардэчных захворванняў ніжэйшая, калі атлусценне звязанае з генетыкай, а не ладам жыцця

Пра інфаркт па пунктах. Вы павінны гэта ведаць, каб здолець выратаваць блізкага

На блізкім гарызонце новыя лекі ад халестэрыну: яны сапраўды рэвалюцыйныя

Каментары да артыкула