БЕЛ Ł РУС

Беларуска зрабіла гарод у варшаўскай кватэры

15.06.2026 / 09:58

Nashaniva.com

На балконе варшаўскай кватэры Ірына стварае свой маленькі зялёны куток. Прызнаецца: досвед агародніцтва набыла адносна нядаўна.

Фота Most

Пяць гадоў таму яны з мужам купілі лецішча ў беларускай вёсцы, але першага ўраджаю бульбы не дачакаліся: сям’і прыйшлося тэрмінова з’ехаць. Беларуска распавяла Most пра свае «рэфлексы агародніка» і пра тое, што можа саспець у такіх абмежаваных умовах.

«Прыстройвалі расліны, як тых дваровых шчанюкоў»

Ірына згадвае, як на сваім лецішчы ў Беларусі яны з мужам да вымушанага пераезду зрабілі дзве насыпныя градкі — скалацілі агароджу з дошак і напоўнілі зямлёю.

— Жартавалі, што атрымалася пясочніца, толькі для тых, каму за 40. Зеляніны і памідораў у той пясочніцы паспелі нарасціць. Але першага ўраджаю бульбы так і не дачакаліся — яго ўжо збіралі нашыя знаёмыя, — расказвае беларуска.

У гарадской кватэры заставаліся поўныя падаконнікі дэкаратыўных раслін. Сужэнцам вельмі шкада было б, каб яны загінулі, таму рассоўвалі іх па знаёмых — «прыстройвалі, як тых дваровых шчанюкоў».

«Рэфлекс агародніка прывезлі з сабою»

Пасля вымушанага ад’езду сям’я пасялілася ў Грузіі, а затым перабралася ў Польшчу.

— Агароды пакінулі ў Беларусі, а набыты рэфлекс агародніка, як высветлілася, прывезлі з сабою. Я б, напэўна, і тут кактусы вырошчвала, як некалі раней, але муж не падзяляе маю любоў да калючак. А вось да зеляніны — падзяляе.

Да ідэі стварыць агарод на балконе сужэнцы прыйшлі выпадкова: неяк зайшлі купіць пучок кінзы для лобіа — выйшла 8 злотых. Пасля Грузіі, дзе зеляніна круглы год каштуе капейкі, падалося дарагавата. Тады і прыйшла думка паспрабаваць вырасціць яе самастойна. Ірына падлічвае, што пакецік насення каштуе ад двух да чатырох злотых — і праз пяць-шэсць тыдняў свежая зеляніна пад рукой.

— Толькі падсявай раз на пару тыдняў, каб змена расла.

Вядзерцы — з-пад ежы, зямля — з бліжэйшага пустыра

Ірына прынцыпова не купляе ніякіх дадатковых прылад — ні лямп, ні гідрапонікі.

— З нашай абмежаванай прасторай і паўкачавым ладам жыцця заракліся купляць лішняе. Вокны на сонечным баку — свету дастаткова, патрабуецца толькі паліў. З ёмістасцяў — два пластыкавыя кантэйнеры былі ў кватэры, тры гліняныя вазоны знайшла на вуліцы — суседзі выставілі як непатрэбныя. Потым у ход пайшлі і пластыкавыя вядзерцы з-пад ежы.

Зямлю Ірына часткова купляе ў краме, часткова — бярэ на бліжэйшым пустыры. Спачатку яна лічыла: што вырасце — то вырасце. Але нечакана вырасла шмат чаго.

— Акрамя кінзы, кроп, базілік, пятрушка, хоць чамусьці яна расце неахвотней за ўсё астатняе, — пералічвае Ірына. — Добра расла рукала, але яна тут і ў крамах смачная і танная — прасцей купіць. Замест яе ў гэтым годзе пасеялі любісту — цікавая, духмяная, непатрабавальная расліна, толькі-толькі парасткі палезлі. А вось гэты куст базіліка з мінулай восені расце, — Ірына кранаецца расліны, і базілікавы пах расплываецца навокал. — Амаль абскублі яго ўжо: усю зіму і вясну дадавалі ў пасту. Чакаем цяпер новага ўраджаю.

«Увесь час рукі свярбелі б перакапаць які кут пад памідоры»

Жанчына ўспамінае, як была ў гасцях у знаёмых, якія здымаюць дом пад Варшавай. Яе здзівіла, што ніхто з суседзяў нічога не садзіць.

— Проста зялёныя газоны, садовыя крэслы ды грыль. Максімум — кампактны разарый. Прыгожа, стылёва, але ў мяне б увесь час рукі свярбелі перакапаць які кут пад памідоры. Мабыць, нешта такое ў генах засеяна.

Ірына падкрэслівае, што асноўны матыў агародніцтва не ў тым, каб вырасціць тое, чаго ў Польшчы нельга купіць. Яе цікавіць сам працэс: назіраць, як расліна прабіваецца, усходзіць, расце, мацнее.

— Ёсць у гэтым нешта медытатыўнае, жыццесцвярджальнае і суцяшальнае. Ну і смак усё ж вельмі адрозніваецца. Той жа бутэрброд з селядцом і цыбуляй — і зверху галінка свайго пахучага кропу… У гэты момант разумееш, што ўсе высілкі таго вартыя.

«Цыбуля з крамы пахне падвалам»

Днямі Ірына пасадзіла цыбулю.

— Убачыла ў трамваі дзядка, які ехаў з дачы з ахапкам даўжэзнай зялёнай цыбулі — пазайздросціла. Бо тая, што з крамы, чамусьці пахне падвалам. Чыста для душы хацелася б яшчэ пасеяць маціёлы — яны неверагодна пахнуць раніцай і ўвечары. Насенне ўжо купіла. Эх, шкада, што балкон не гумовы.

Пра паўнавартасны агарод у Польшчы суразмоўца пакуль можа толькі марыць, а пра беларускі — не задумваецца.

— Не ведаю, ці пабачым мы калі-небудзь тую сваю беларускую дачу. Перастала наогул думаць пра гэта, проста выкінула з галавы. Трэба жыць сёння, радавацца чамусьці тут і цяпер, — Ірына ўсміхаецца, ківаючы на свой агародчык.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула