БЕЛ Ł РУС

Пацярпелых у Бранскай вобласці перавязуць у Беларусь

17.06.2026 / 21:26

Nashaniva.com

Міністр аховы здароўя Беларусі Аляксандр Хаджаеў паведаміў, што пацярпелыя ў выніку інцыдэнту з аўтобусам у Бранскай вобласці будуць дастаўленыя ў Беларусь для далейшага лячэння і аказання медыцынскай дапамогі.

Фота: тэлеграм-канал губернатара Бранскай вобласці Ягора Кавальчука

Паводле слоў чыноўніка, беларускія медыкі, якія былі накіраваныя ў Расію, ужо прыбылі да пацярпелых і разам з расійскімі калегамі правялі ацэнку іх стану. Да працы таксама далучыліся спецыялісты з Масквы.

Як адзначыў міністр, на гэты момант найбольш цяжкі стан маюць два чалавекі — адзін дарослы і адно дзіця.

Расійскі бок выказаў гатоўнасць працягнуць лячэнне пацярпелых у сваіх медыцынскіх установах. Аднак, як сцвярджае Хаджаеў, Лукашэнка, які за сёння ні разу не паказаўся на публіцы, даручыў арганізаваць перавозку беларускіх грамадзян на радзіму для далейшага аказання медыцынскай дапамогі.

Для выканання гэтай задачы рыхтуецца спецыяльны медыцынскі верталёт, які будзе выкарыстаны ў транспартаванні пацярпелых у Беларусь. Пасля прыбыцця яны будуць змешчаныя ў беларускія бальніцы, дзе ім акажуць неабходную дапамогу.

17 чэрвеня ў Бранскай вобласці быў пашкоджаны аўтобус, які перавозіў дзяцей з футбольнай каманды дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы №2 горада Рэчыцы, а таксама навучэнцаў прыватнай танцавальнай студыі. Як сцвярджаюць расійскія ўлады, удар быў нібыта нанесены ўкраінскім беспілотнікам.

У выніку здарэння загінула жанчына, якая суправаджала групу дзяцей і была жонкай трэнера каманды. Яшчэ восем чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей, атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.

Чытайце таксама:

РНБА Украіны: Правакацыя нікчэмная і мае ўсе прыкметы скаардынаванай аперацыі без якіх-небудзь фактычных доказаў

Губернатар Бранскай вобласці апублікаваў фотаздымкі беларускіх дзяцей з бальніцы

З'явілася ВІДЭА з месца трапляння дрона ў беларускі аўтобус

Міністр аховы здароўя ўдакладніў лічбу пацярпелых у Бранскай вобласці беларусаў

У Рэчыцы расказалі падрабязнасці фатальнай паездкі мясцовых жыхароў у Расію. Аўтобусаў было два, дзяцей 41 з 88

Каментары да артыкула