БЕЛ Ł РУС

Украінскі амбудсмен пасля трагедыі ў Бранскай вобласці звязаўся з Беларуссю

17.06.2026 / 21:52

Nashaniva.com

Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Дзмітрый Лубінец заявіў, што пасля паведамленняў пра нібыта ўкраінскую атаку на аўтобус з дзецьмі ў Бранскай вобласці ён неадкладна звязаўся з беларускім бокам і атрымаў першапачатковую інфармацыю пра здарэнне, піша «РБК-Украіна».

Дзмітрый Лубінец. Фота: УНІАН

Падчас кантакту ён падкрэсліў пазіцыю Украіны, паводле якой украінскія сілы не маюць дачынення да гэтага інцыдэнту. Паводле слоў Лубінца, Узброеныя сілы Украіны не наносяць удараў па цывільных аб'ектах і мірным насельніцтве, а на тэрыторыі Расіі атакуюць толькі ваенныя цэлі.

Ён адзначыў, што, у адрозненне ад Расіі, якая рэгулярна абстрэльвае ўкраінскія гарады і цывільную інфраструктуру, Украіна дзейнічае ў межах міжнароднага гуманітарнага права.

Лубінец таксама дапусціў, што гісторыя з аўтобусам можа быць інфармацыйнай правакацыяй або спецыяльнай інфармацыйнай аперацыяй, якая выгадная перадусім расійскаму боку. Ён заявіў пра гатоўнасць удзельнічаць у адкрытым і непрадузятым высвятленні ўсіх абставін здарэння.

Паводле расійскай версіі, агучанай 17 чэрвеня кіраўніцтвам Бранскай вобласці, аўтобус з беларускімі дзецьмі нібыта быў атакаваны ўкраінскім беспілотнікам. Пры гэтым загінула адна жанчына і ёсць яшчэ восем пацярпелых, у тым ліку шэсць дзяцей.

Беларускае Міністэрства замежных спраў асудзіла здарэнне і назвала яго тэрарыстычным актам, запатрабаваўшы тлумачэнняў ад украінскага боку.

У сваю чаргу Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны і Цэнтр супрацьдзеяння дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны зняпраўдзілі інфармацыю пра ўдар. Паводле іх сцвярджэнняў, у названы час украінскія вайскоўцы наогул не выкарыстоўвалі беспілотнікі для атак на тэрыторыі Бранскай вобласці.

Чытайце таксама:

РНБА Украіны: Правакацыя нікчэмная і мае ўсе прыкметы скаардынаванай аперацыі без якіх-небудзь фактычных доказаў

Пяскоў расказаў пра адказ Расіі пасля ўдару па беларускім аўтобусе пад Бранскам

Губернатар Бранскай вобласці апублікаваў фотаздымкі беларускіх дзяцей з бальніцы

З'явілася ВІДЭА з месца трапляння дрона ў беларускі аўтобус

У Рэчыцы расказалі падрабязнасці фатальнай паездкі мясцовых жыхароў у Расію. Аўтобусаў было два, дзяцей 41 з 88

Каментары да артыкула