Польшча за пяць месяцаў выдала беларусам больш за 12 тысяч дазволаў на жыхарства
Усяго ў Польшчы на 1 чэрвеня мелі дакументы, якія дазваляюць знаходжанне ў краіне, 135 876 грамадзян Беларусі.
Польшча ў студзені—маі гэтага года выдала грамадзянам Беларусі больш за 12 тысяч дазволаў на жыхарства. Пра гэта сведчыць свежая статыстыка Упраўленне па справах замежнікаў Польшчы, піша Reform.news.
У гэтым годзе 10 134 чалавекі атрымалі ў Польшчы часовы дазвол на жыхарства, 1599 — пастаянны дазвол на жыхарства, 380 чалавек — статус рэзідэнта Еўрапейскага саюза.
За той жа перыяд беларусам выдалі 1374 адмовы ў выдачы дазволаў на жыхарства, а 598 спраў былі спынены без вынясення рашэння.
66% часовых дазволаў на жыхарства былі выдадзены на падставе працы, 24% — уз’яднання сям’і, 3% — вучобы, 7% — з іншых падстаў.
У гэтым годзе заявы на атрыманне ДНЖ у Польшчы падалі 23 280 грамадзян Беларусі.
У маі гэтага года Упраўленне па справах замежнікаў вынесла рашэнні аб выдачы міжнароднай абароны 86 грамадзянам Беларусі, у тым ліку 72 быў нададзены статус уцекача, а 14 — дадатковая абарона.
17 грамадзянам Беларусі ў маі адмовілі ў выдачы абароны, і столькі ж спраў было спынена.
Усяго з пачатку года 217 грамадзян Беларусі атрымалі статус бежанца, 368 была нададзена дадатковая абарона. 31 чалавеку адмовілі ў міжнароднай абароне, а 96 спраў былі спынены.
У маі грамадзяне Беларусі падалі 120 хадайніцтваў аб выдачы міжнароднай абароны ў дачыненні да 148 асоб. З пачатку года Упраўленне атрымала ад беларусаў 623 хадайніцтвы ў дачыненні да 766 асоб. Акрамя таго, у дачыненні да 24 асоб хадайніцтвы былі пададзены паўторна, а ў дачыненні да 26 — адноўленыя разгляды спраў.
Паводле даных Упраўлення, яно працягвае разглядаць заявы 2908 грамадзян Беларусі аб міжнароднай абароне ў першай інстанцыі. У другой інстанцыі знаходзяцца справы 116 грамадзян Беларусі.
У цэлым Упраўленне разглядае 7,8 тыс. хадайніцтваў аб міжнароднай абароне. Іх колькасць зніжаецца: колькасць прынятых рашэнняў перавышае колькасць новых зваротаў. Сярэдні час разгляду заявы складае 277 дзён.
Усяго ў Польшчы на 1 чэрвеня мелі дакументы, якія дазваляюць знаходжанне ў краіне, 135 876 грамадзян Беларусі(на 1840 менш у параўнанні з 1 мая), у тым ліку:
80 768 мелі часовы дазвол на жыхарства,
- 41 294 — пастаянны дазвол на жыхарства,
- 9930 — дадатковую абарону,
- 2412 — статус рэзідэнта ЕС,
- 1085 — статус уцекача,
- 212 — часовую абарону,
- 175 — іншыя падставы.
У гэтым годзе па выніках пяці месяцаў беларусы атрымалі ў Польшчы 2737 праязных дакументаў. Такія дакументы ў спрошчаным парадку могуць атрымаць грамадзяне Беларусі, у якіх скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта, але яны не могуць атрымаць яго на радзіме.
Беларусы застаюцца асноўнымі атрымальнікамі такіх дакументаў. Усяго з 2020 года грамадзянам Беларусі Польшча выдала ўжо больш за 11 тыс. праязных дакументаў. Для параўнання, грамадзянам іншых краін за гэты перыяд было выдадзена толькі 1647 такіх дакументаў.