Пацярпелых у Бранскай вобласці гатовы прыняць дзве ўстановы Мінска
Пра гэта паведаміла Мінздароўя.
Фота з тэлеграм-канала губернатара Бранскай вобласці Ягора Кавальчука
Міністэрства аховы здароўя паведамляе, што на дадзены момант пецярых пацярпелых дзяцей (адно дзіця ў цяжкім стане) гатовы прыняць у РНПЦ дзіцячай хірургіі, а дарослага пацыента шпіталізуюць у 432‑і галоўны вайсковы клінічны медыцынскі цэнтр Узброеных сіл.
«На гэты момант эвакуююцца шасцёра пацярпелых. З іх двое — у цяжкім стане: адно дзіця і адзін дарослы. Яшчэ чацвёра знаходзяцца ў стане рознай ступені цяжкасці, але не цяжкім», — сказаў раней міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў.
Хлопчыку, які знаходзіцца ў цяжкім стане, учора вечарам змешанай брыгадай, у склад якой уваходзілі спецыялісты з Масквы, Бранска і Беларусі, была праведзена аперацыя.
Учора, 17 чэрвеня, у Бранскай вобласці быў пашкоджаны аўтобус, які перавозіў дзяцей з футбольнай каманды дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы №2 горада Рэчыцы, а таксама навучэнцаў прыватнай танцавальнай студыі. Як сцвярджаюць расійскія ўлады, удар быў нібыта нанесены ўкраінскім беспілотнікам.
У выніку здарэння загінула жанчына, якая суправаджала групу дзяцей і была жонкай трэнера каманды. Яшчэ восем чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей, атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.