БЕЛ Ł РУС

Беларускія турфірмы тэрмінова пераробліваюць аўтобусныя маршруты ў Грузію — час у дарозе павялічваецца на 4‑5 гадзін

18.06.2026 / 11:55

Дзяніс Рудніцкі

Пасля таго, як у турыстычны аўтобус з беларусамі ў Бранскай вобласці прыляцеў дрон, беларускія турысты пачалі панікаваць. Бо па тым жа маршруце звычайна везлі і людзей на адпачынак у Грузію. Турфірмы ўжо прапаноўваюць больш бяспечны варыянт.

Фота: olan.by

Пра змены адным з першых распавёў у тыктоку Дзмітрый Мілаванаш, дырэктар «Славія Тур». Яго кампанія сёння ноччу адпраўляла турыстаў у Грузію ўжо па новым маршруце:

— Усе нашы маршруты ў адпаведнасці з рэкамендацыямі МЗС Беларусі скарэктаваныя. Ужо сёння наш аўтобус, які вяртаўся назад з Грузіі, пасля Варонежа павярнуў у іншы бок. Ён паехаў у аб'езд Бранскай вобласці. І ўсе наступныя маршруты ў нас таксама скарэктаваны і едуць праз Смаленскую і Тульскую вобласці. Адпаведна, потым трапляюць у Варонеж, а адтуль на трасу М4, і рухаюцца да Верхняга Ларса па ёй.

Дзмітрый адзначыў, што праз гэта час у дарозе павялічваецца ў сярэднім на 4‑5 гадзін.

Журналіст «Нашай Нівы» як турыст звярнуўся ў некалькі беларускіх турфірм і ўсюды яму пацвердзілі, што маршрут у Грузію быў тэрмінова перароблены. Цяпер беларусам прапаноўваюць выязджаць праз Магілёўскую вобласць у Смаленскую вобласць.

Пакуль што кажуць, што на кошт гэта не паўплывае.

Чытайце таксама:

РНБА Украіны: Правакацыя нікчэмная і мае ўсе прыкметы скаардынаванай аперацыі без якіх-небудзь фактычных доказаў

Дзяржканалы поўняцца абвінавачваннямі на адрас Украіны. Ніводзін дзяржканал не апублікаваў каментары ўкраінцаў. Рэакцыі Лукашэнкі дагэтуль няма

Што вядома пра жанчыну, якая загінула ў аўтобусе, што вёз беларускіх футбалістаў-школьнікаў у Геленджык?

Дзяцей-футбалістаў з Рэчыцы павезлі ў Геленджык па прыфрантавой вобласці Расіі. У аўтобус трапіў беспілотнік

Каментары да артыкула