БЕЛ Ł РУС

Перамога Бёрнэма на выбарах адкрывае яму шлях да барацьбы за пасаду прэм'ера Брытаніі

19.06.2026 / 07:57

Nashaniva.com

56‑гадовы ветэран лейбарысцкай палітыкі Бёрнэм з’яўляецца самым папулярным палітыкам у краіне. Цяперашні прэм’ер-міністр Кір Стармер у гэтым рэйтынгу — на 21‑м месцы.

Фота: Christopher Furlong/Getty Images

Мэр Вялікага Манчэстэра Эндзі Бёрнэм перамог на дадатковых парламенцкіх выбарах, што адкрывае яму шлях да барацьбы за лідарства ў Лейбарысцкай партыі і, патэнцыйна, за пасаду прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі. Пазіцыі сённяшняга кіраўніка ўрада Кіра Стармера аслаблі пасля разгромных вынікаў лейбарыстаў на муніцыпальных выбарах у маі, піша Бі-бі-сі.

Бёрнэм атрымаў перамогу над Робертам Кеньёнам, кандыдатам правапапулісцкай партыі Reform UK Найджэла Фараджа.

Дадатковыя парламенцкія выбары ў акрузе Мэйкерфілд на паўночным захадзе Англіі былі прызначаныя пасля таго, як былы дэпутат ад гэтай акругі Джош Сайманс склаў паўнамоцтвы, каб расчысціць шлях для вяртання Бёрнэма ў парламент.

Па словах Бёрнэма, перамога ў Мэйкерфілдзе можа стаць «пераломным момантам», які прывядзе да «змен, у якіх мае патрэбу краіна».

На мясцовых выбарах 7 мая як кіроўныя лейбарысты, так і кансерватары панеслі сур’ёзныя страты, саступіўшы значную частку галасоў правапапулісцкай партыі Reform UK Найджэла Фараджа і, у меншай ступені, Партыі зялёных.

Пасля няўдалых вынікаў ціск на Стармера ўнутры партыі прыкметна ўзмацніўся, аднак ён адмовіўся сыходзіць у адстаўку.

Поспех Бёрнэма можа стаць адпраўной кропкай для барацьбы за лідарства ў Лейбарысцкай партыі і прывесці да змены кіраўніка ўрада. Сам Стармер, аднак, заяўляў, што мае намер працягваць працу.

Калі Бёрнэм, як чакаецца, ініцыюе барацьбу за лідарства, гэта будзе ўжо яго трэцяя спроба.

Ён двойчы ўдзельнічаў у выбарах кіраўніка партыі: у 2010 годзе прайграў Эду Мілібэнду, а ў 2015 годзе — Джэрэмі Корбіну.

У выпадку змены прэм’ер-міністра Вялікабрытанія можа атрымаць ужо сёмага кіраўніка ўрада за крыху больш чым дзесяцігоддзе.

«Гэта апошні шанец на змены»

У сваёй пераможнай прамове Бёрнэм звярнуўся да членаў Лейбарысцкай партыі, назваўшы вынік выбараў «апошнім шанцам на змены».

«Другога шанцу не будзе», — сказаў ён, дадаўшы, што цяпер існуе магчымасць пабудаваць «новую палітыку, заснаваную на адзінстве і надзеі».

Выказваючы шкадаванне наконт таго, што яго перамога азначае завяршэнне працы на пасадзе мэра Вялікага Манчэстэра, Бёрнэм заявіў, што пераадолець разрыў паміж поўначчу і поўднем Англіі немагчыма «без маштабных змен на нацыянальным узроўні».

«Я заўсёды ведаў, што аднойчы вярнуся ў Вестмінстэр, каб завяршыць незавершаную справу, каб Мэйкерфілд, Вялікі Манчэстар і поўнач Англіі змаглі рэалізаваць свой патэнцыял», — сказаў ён.

«Кароль поўначы» Эндзі Бёрнэм

56‑гадовы ветэран лейбарысцкай палітыкі Бёрнэм, паводле вынікаў апытанняў кампаніі YouGov, з’яўляецца самым папулярным палітыкам у краіне. Прэм’ер-міністр Кір Стармер у гэтым рэйтынгу — на 21‑м месцы.

Бёрнэм быў дэпутатам Палаты грамадаў на працягу 16 гадоў да абрання мэрам у 2017 годзе і займаў розныя пасады ва ўрадах Тоні Блэра і Гордана Брауна.

У 2017 годзе Бёрнэм перамог на выбарах мэра Вялікага Манчэстэра — гэта агламерацыя з насельніцтвам каля трох мільёнаў чалавек — і пакінуў Палату абшчын. Затым ён яшчэ двойчы пераабіраўся мэрам, кожны раз перамагаючы з вялікім адрывам.

«Каралём поўначы» яго называлі прэса і палітыкі падчас пандэміі каранавіруса, калі ён узяў на сябе нефармальную ролю прадстаўніка ўсёй паўночнай часткі Англіі і адкрыта спрачаўся з Лонданам і тагачасным урадам кансерватараў наконт лакдаунаў і іншых супрацьэпідэмічных мер.

Працэдура выбараў

Згодна са статутам Лейбарысцкай партыі, каб ініцыяваць новыя выбары кіраўніка партыі пры дзеючым лідары, які не гатовы сыходзіць, член партыі павінен:

— па-першае, быць дэпутатам Палаты грамадаў,

— па-другое, сабраць подпісы 20% парламенцкай фракцыі (цяпер — 81 подпіс),

— па-трэцяе, атрымаць падтрымку мінімум трох звязаных з партыяй арганізацый, дзве з якіх павінны быць прафсаюзамі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула