Уводзіцца адміністрацыйная адказнасць для аператараў за дрэнную сотавую сувязь
Гэтае палажэнне ўступае ў сілу сёння, з 19 чэрвеня.
У Беларусі ўводзіцца адміністрацыйная адказнасць для аператараў за дрэнную сотавую сувязь. Пра гэта БелТА паведамілі ў Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі.
Законам «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці» уводзіцца адміністрацыйная адказнасць за парушэнне аператарам сотавай сувязі патрабаванняў заканадаўства да ахопу тэрыторыі Беларусі паслугамі сотавай сувязі і іх якасці ў выглядзе штрафу ў памеры да тысячы базавых велічынь (сёння — да 45 тысяч рублёў). Гэтае палажэнне ўступае ў сілу з 19 чэрвеня.
Як патлумачылі ў Мінсувязі, асноўнымі дакументамі ў пытаннях аказання паслуг сотавай рухомай электрасувязі з’яўляюцца ўказ Лукашэнкі ад 26 жніўня 2024 года №335 і пастанова Савета Міністраў ад 31 снежня 2024 года №1073.
У гэтых дакументах утрымліваюцца абавязковыя для аператараў сотавай сувязі патрабаванні да ахопу тэрыторыі краіны паслугамі сотавай сувязі і іх якасці.
Аб’ектамі кантролю выканання гэтых патрабаванняў з’яўляюцца Мінск, абласныя і раённыя цэнтры, гарады і пасёлкі гарадскога тыпу, а таксама астатняя тэрыторыя Беларусі, уключаючы аўтамабільныя і чыгуначныя дарогі, населеныя пункты з колькасцю насельніцтва 25 чалавек і больш.
Функцыі кантролю за ахопам краіны паслугамі сотавай рухомай электрасувязі і іх якасцю ўскладзены на Дзяржаўную інспекцыю па электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі (БелДІЭ).
БелДІЭ ў выпадку выяўлення факту невыканання сотавым аператарам патрабаванняў да сотавай сувязі вядзе адміністрацыйны працэс, вызначае вінаватую асобу і накіроўвае дакументы ў суд для прыняцця рашэння і вызначэння памеру штрафу.
Уся інфармацыя пра кантроль за выкананнем патрабаванняў да сотавай сувязі назапашваецца ў сістэме «Хваля» (хваля.бел) і даступная аператарам для планавання мерапрыемстваў па ліквідацыі выяўленых недахопаў.