БЕЛ Ł РУС

У Кітаі прэзентавалі першы ў свеце самаходны ўнітаз, які можа перамяшчацца па доме

25.06.2026 / 07:00

Ідаля Салавей

Калі звычайныя робаты прывозяць ежу або прыбіраюць падлогу, то новая кітайская распрацоўка вырашыла больш далікатную задачу. Рабатызаваны ўнітаз самастойна перамяшчаецца па доме, рэагуе на галасавыя каманды і аўтаматычна ачышчаецца пасля выкарыстання.

Фота: ex.chinadaily.com.cn

Прылада, якую самі распрацоўшчыкі называюць першай у свеце самаходнай прыбіральняй, атрымала назву Xiaoban — гэта чытаецца «Сяабань», што можна перакласці як «Маленькі спадарожнік». Як піша Daily Mail, прэзентацыя навінкі адбылася ў пачатку чэрвеня на Шанхайскай міжнароднай выставе тавараў для пажылых людзей, дапаможных сродкаў і рэабілітацыйнай медыцыны.

Кіраваць робатам можна з дапамогай пульта дыстанцыйнага кіравання з вялікімі кнопкамі або галасавымі камандамі. Пры гэтым сістэма распазнавання голасу працуе ў аўтаномным рэжыме, таму карыстальнік не застанецца ў складанай сітуацыі, калі раптам знікне Wi-Fi.

Пасля атрымання каманды ўнітаз самастойна накіроўваецца да карыстальніка. Для навігацыі ён выкарыстоўвае лазерныя і ультрагукавыя чуйнікі, якія дазваляюць складаць карту памяшкання і абыходзіць перашкоды. Распрацоўшчыкі адзначаюць, што для гэтага не патрабуюцца камеры, што дапамагае захоўваць прыватнасць карыстальнікаў.

Фота: ex.chinadaily.com.cn

Пасля выкарыстання робат прапануе шэраг функцый, якія звычайна сустракаюцца ў сучасных японскіх і кітайскіх разумных прыбіральнях. Сярод іх падмыванне цёплай вадой, сушэнне паветрам і дэзінфекцыя ультрафіялетам.

Асобная ўвага нададзена барацьбе з пахамі. Прылада абсталяваная сістэмай нейтралізацыі пахаў з выкарыстаннем спецыяльнай пены і фільтра з актываваным вугалем.

Пасля завяршэння працэдур робат вяртаецца да сваёй док-станцыі. Яна падключаецца да хатняй каналізацыі, што дазваляе аўтаматычна выдаляць адходы. Калі ж па нейкай прычыне Xiaoban не можа дабрацца да станцыі, ён здольны самастойна апаражніць рэзервуар у звычайны ўнітаз. 

Пасля гэтага сістэма запускае аўтаматычную ачыстку. Для дэзінфекцыі выкарыстоўваюцца струмені вады пад ціскам і ўльтрафіялетавае выпраменьванне.

Стваральнікі Xiaoban сцвярджаюць, што галоўная задача распрацоўкі — палегчыць жыццё людзям, якія маюць патрэбу ў доглядзе, і знізіць нагрузку на работнікаў сацыяльнай сферы.

Аднак у сацыяльных сетках многія карыстальнікі ўспрынялі навінку з гумарам. Некаторыя пажартавалі, што галоўнымі кліентамі стануць не пенсіянеры, а аматары камп'ютарных гульняў, якія не хочуць адыходзіць ад экрана. Іншыя пачалі фантазіраваць пра выкарыстанне самаходнага ўнітаза ў якасці сродку перамяшчэння па доме.

У Кітаі Xiaoban ужо паступіў у продаж. Яго цана складае каля 29 тысяч юаняў, або прыкладна 4300 даляраў ЗША. Пакуль што прылада даступная толькі на кітайскім рынку: кампанія-вытворца пра планы вывесці самаходны ўнітаз на рынкі іншых краін пакуль не паведамляе.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула