БЕЛ Ł РУС

Кіраўнік МЗС Украіны паабяцаў люстрана адказваць на ўсе крокі Польшчы: Наўроцкі атрымлівае апладысменты з Масквы

21.06.2026 / 20:34

Nashaniva.com

Андрэй Сібіга выступіў з жорсткай заявай на адрас прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага.

Андрэй Сібіга. Фота: AP Photo / Efrem Lukatsky

Міністр замежных спраў Украіны паабяцаў люстрана адказваць на ўсе несяброўскія крокі Польшчы.

«Мы будзем люстрана адказваць на ўсе крокі, асабліва калі гэтыя крокі несяброўскія і зневажальныя для нашай краіны. Час ігнаравання прайшоў.

[Прэзідэнт Польшчы Караль] Наўроцкі выступіў разбуральнікам тых пазітыўных напрацовак, якіх мы дасягнулі апошнім часам. Нездарма ён атрымлівае апладысменты з Масквы», — заявіў Сібіга.

Міністр адзначыў, што многія партнёры Украіны праявілі салідарнасць і асудзілі дзеянні прэзідэнта Польшчы.

«Мы заклікаем палякаў да ўзважанасці і дыпламатыі. Мы адкрытыя да палітычнага дыялогу. Мы штодня размаўляем з нашымі польскімі сябрамі пра тое, як захаваць дыпламатычны трэк. Мы аб'яднаныя супольнымі выклікамі, інтарэсамі і супольнай еўрапейскай будучыняй», — сказаў Сібіга.

Ён дадаў, што Украіна і Польшча мусяць пазбавіцца ад уплыву мінулага на нашы адносіны.

«Важна адкласці эмоцыі ў бок. У нас ёсць механізмы, папярэдні пазітыўны досвед, воля. Украіна гатовая да сумленнага і раўнапраўнага дыялогу. Наша суб'ектнасць расце. Камусьці гэта можа не падабацца, але гэта рэаліі». — адзначыў міністр.

Канфлікт паміж Варшавай і Кіевам узнік пасля таго, як у маі 2026 года Уладзімір Зяленскі прысвоіў аднаму з падраздзяленняў украінскіх Сіл спецыяльных аперацый ганаровае найменне «Герояў Украінскай паўстанцкай арміі». У Польшчы гэта выклікала крытыку праз сувязь УПА з падзеямі на Валыні ў 1943—1944 гадах.

Пасля рашэння Наўроцкага аб пазбаўленні Зяленскага ордэна Белага Арла, які той атрымаў ад былога прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды, украінскі лідар вярнуў узнагароду ў Польшчу. Пасля гэтага аналагічнае рашэнне прынялі Кучма, Юшчанка і Парашэнка. Вярнулі таксама свае ўзнагароды міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга, кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Украіны Кірыла Буданаў, пасол Украіны ў Польшчы Васіль Боднар.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула