«Бачу, нешта шэрае ляціць. Атрымала асколак». Пацярпелыя дзеці з аўтобуса распавялі, што здарылася ў Бранскай вобласці
Маці пацярпелага хлопчыка экстранна лавіла машыну, каб завезці яго да дактароў.
10‑гадовы Яраслаў Мацюшэнка. Скрыншот СТБ
Дзеці з аўтобуса, які трапіў пад меркаваную атаку дрона ў Бранскай вобласці, расказалі, што адбывалася.
Пацярпелых дзяцей, якія ехалі з Гомельскай вобласці на адпачынак у Геленджык, паказаў канал СТБ. Аўтары сюжэта без падрабязнасцей распавялі, што маршрут на больш небяспечны чамусьці вырашыў змяніць кіроўца. Праўда, як высветлілася, некаторыя бацькі нават не задумваліся, што дарога можа быць небяспечнай.
Адной з пасажырак аўтобуса была 11‑гадовая Маша Крычаўцова. Яна ехала на мора разам з братам.
«Мы сядзелі, нам уключылі мульцікі. Я адвярнулася. І бачу, што нешта ляціць, там шэрае нешта было. Асколак у мяне быў. Мы выйшлі з аўтобуса і пайшлі ў лес, прыехалі вайскоўцы, аказалі ўсім дапамогу, выклікалі хуткую. Мы паехалі на хуткай. Мне выдалялі асколкі тут, тут і тут», — расказала Маша.
11‑гадовая Маша Крычаўцова. Скрыншот СТБ
Дзяўчынцы зрабілі аперацыю і выдалілі асколкі, цяпер жыццю Машы нічога не пагражае.
У пярэдняй частцы аўтобуса сядзеў 10‑гадовы Яраслаў Мацюшэнка. Яго чакае аперацыя: у хлопца асколкі ў кісці, пашкоджаныя грудная клетка і калена.
«Я збіраўся ўжо класціся спаць, ужо пачынаю заплюшчваць вочы, адбыўся выбух. Я адразу пачаў класціся на падлогу. У мяне на руцэ было вельмі шмат крыві», — расказаў Яраслаў.
У Краснадарскі край Яраслаў ехаў разам з бацькамі, яны не пацярпелі. Паводле слоў бацькі, паездку планавалі з лютага. Пра тое, што маршрут ідзе праз рэгіён павышанай небяспекі, дарослыя не задумваліся.
«У нас было два варыянты, альбо Геленджык, альбо Кабардзінка. Вырашылі паехаць у агульнай групе ў Геленджык. Натуральна, паніка была, таму што разбітае шкло, крык, плач, шмат крыві», — кажа Аляксандр Мацюшэнка.
Сярод пацярпелых — пяцёра дзяцей. Самы цяжкі пацыент яшчэ ў рэанімацыі. Арцёму зрабілі аперацыю, ён ужо апрытомнеў і пачаў дыхаць сам. Яго маці Наталля таксама была ў аўтобусе. Яна расказала, што выцягвала сына сама, а пасля лавіла машыну, каб хутчэй завезці яго да дактароў.
Маці Арцёма Наталля Польская. Скрыншот СТБ
«Я выцягвала сама. Мне нехта з нашых бацькоў дапамог. Мы спынілі машыну, звычайную машыну, мусіць, дачнік нейкі ехаў. Хуткай не было, рана сур'ёзная, страта крыві вялікая была. Мы паехалі ў першы населены пункт, там аказалі першую дапамогу. Было страшна ехаць, але калі ўжо апынуліся на тэрыторыі Беларусі, мірнае неба над галавой — гэта не проста словы, гэта дарагога варта», — адзначыла Наталля.
Пацярпелага трэнера рэчыцкай футбольнай каманды паклалі ў ваенны шпіталь. У яго шматлікія раненні, яго стан медыкі ацэньваюць як сярэдняй цяжкасці.
У сераду, 17 чэрвеня, у Бранскай вобласці быў пашкоджаны аўтобус, які перавозіў дзяцей з футбольнай каманды дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы №2 горада Рэчыцы, а таксама навучэнцаў прыватнай танцавальнай студыі. Як сцвярджаюць расійскія ўлады, удар быў нібыта нанесены ўкраінскім беспілотнікам.
У выніку здарэння загінула жанчына, якая суправаджала групу дзяцей і была жонкай трэнера каманды. Яшчэ восем чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей, атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.
У чацвер і пятніцу ўсіх пацярпелых даставілі ў Беларусь.
Чытайце таксама:
У Мінздароўя расказалі пра стан пацярпелых ад удару дрона ў Бранскай вобласці
Мінск пагражае Кіеву «дзеяннямі ў адказ» пасля здарэння з аўтобусам у Бранскай вобласці
Беларускія следчыя працуюць у Бранскай вобласці на месцы ўдару па аўтобусе з Гомельскай вобласці