БЕЛ Ł РУС

«Рэтранслятары выключыць, зняць і паказаць нам, што яны знятыя». Зяленскі патлумачыў, чаму паставіў ультыматум і што мае зрабіць Мінск

21.06.2026 / 21:30

Nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны адзначыў, што пакуль не атрымаў на яго ніякай рэакцыі ад Лукашэнкі.

Уладзімір Зяленскі. Фота: Jonathan Raa / NurPhoto via Getty Images

Уладзімір Зяленскі патлумачыў, чаму вырашыў выставіць публічны ўльтыматум Лукашэнку.

Паводле слоў украінскага прэзідэнта, патрабаванне дэмантаваць рэтранслятары для расійскіх дронаў у Брэсцкай і Гомельскай абласцях ён перадаваў праз неафіцыйныя каналы ўжо даўно. Аднак рэакцыі не было.

«Калі я нешта раблю публічна, я перад гэтым раблю пэўныя крокі па дээскалацыі непублічна. Гэта мая стратэгія. На ўзроўні разведак і вайскоўцаў Беларусь на ўзроўні кіраўніцтва атрымлівала інфармацыю: пераставайце дапамагаць рускім.

Гісторыя з рэтранслятарамі — не гісторыя ўчорашняга дня. Гэта доўгі працэс, за ім стаяць ахвяры з боку выключна Украіны. Тэхнічна яны каардынуюць і дапамагаюць расійскімі і іранскімі дронамі біць па ўкраінскім насельніцтве. Вось што адбываецца», — сказаў Зяленскі ў інтэрв'ю ТСН.

Паводле яго слоў, Лукашэнка атрымліваў гэтую інфармацыю. І ён павінен дзейнічаць, а не прасіць прабачэння.

«Лукашэнка павінен, акрамя слоў, дэманстраваць дээскалацыю. Не проста словамі «Я прашу прабачэння». Сваё «прашу прабачэння» ён няхай сабе пакіне. Яно не працуе пасля першага дня пачатку вайны. Я гэта тлумачыў праз нашу разведку і службу бяспекі. На розных узроўнях у нас ёсць кантакт.

Я яму тлумачыў: патрэбна дэманстрацыя канкрэтных крокаў. Крок нумар адзін — ніякай тэхнічнай падтрымкі. Рэтранслятары выключыць, зняць і паказаць нам, што яны знятыя. І мы закрылі гэтае пытанне», — сказаў Зяленскі.

Паколькі рэакцыі на неафіцыйныя папярэджанні не было, справа дайшла да публічнага ультыматуму.

«Паколькі гэта перадавалася ім неаднаразова, мы перайшлі ў стадыю публічнага сігналу. Калі ён не зніме — мы знімем. Гэта здарыцца за тыдзень. Або яны, або мы», — заявіў Зяленскі.

Уладзімір Зяленскі адзначыў, што пакуль не атрымліваў ніякай рэакцыі на сваю заяву. Пры гэтым яго не цікавяць публічныя словы Лукашэнкі, а толькі дзеянні. Гэта ж тычыцца і паставак паліва для расійскай арміі.

Чытайце таксама:

Зяленскі назваў, якія рэтранслятары на мяжы і беларускія прадпрыемствы хвалююць Украіну

«Бяда, на вялікі жаль, ужо ступае на парог Сінявокай». Ультыматум Зяленскага Лукашэнку: што будзе далей?

Зяленскі: Даю Лукашэнку тыдзень

Каментары да артыкула