Прэзідэнт Украіны паставіў ультыматум — адвесці ад украінскай мяжы тэхніку, якая карэктуе агонь па ўкраінскім насельніцтве. «Інакш гэта зробім мы», — дадаў ён.

Уладзімір Зяленскі адрэагаваў на прабачэнні Лукашэнкі, які заявіў, што «перабаршчыў» на яго адрас, і цяпер запэўнівае, што Беларусь не ўступіць у вайну.
Зяленскі сказаў, што асабістыя словы можна дараваць, але не ўдзел Беларусі ва ўдарах па Украіне.
Прэзідэнт Украіны зазначыў, што Лукашэнка кіруе краінай, якая з’яўляецца суседам Украіны: «Бяспека на мяжы для нас вельмі важная», — кажа ён.
Таму, тлумачыць Зяленскі, калі Лукашэнка гаворыць, што ён не хоча быць уцягнутым у гэтую вайну, «ён павінен быць чэсным, прынамсі перад сваім народам».
«Таму што гэта не ён можа быць уцягнутым у вайну, гэта можа быць уцягнутая цэлая яго краіна. Уцягнутая Расіяй. Яны з першых дзён гэтай вайны гэта робяць, гэта факт», — сказаў Зяленскі.
Ён згадаў пачатак поўнамаштабнай вайны, калі ракеты ляцелі з Беларусі.
«І тады ён таксама тэлефанаваў і прасіў прабачэння, і казаў, што: «Я гэта не кантраляваў, Расія дзейнічала на сваёй зямлі». І, безумоўна, я ў гэта не веру, але… але ён пра гэта ўжо гаварыў», — запэўнівае прэзідэнт Украіны.
Ён даводзіць, што і зараз Расія будзе працягваць штурхаць Беларусь у гэтую вайну. Але Лукашэнка зараз ужо разумее, «што Украіна будзе адказваць».
«Не трэба лішніх слоў. У яго сёння на яго вышках ёсць рэтранслятары. Расійскія рэтранслятары, беларускія — якая нам розніца? На яго тэрыторыі, уздоўж дзвюх абласцей, памежных з Украінай, знаходзіцца тэхніка, якая карэктуе агонь па ўкраінскім насельніцтве. Менавіта насельніцтве! Там у нас няма зараз такога моцнага фронту, дзе Украіна і Беларусь. Забіваюць там цывільных. Там рэтранслятары на адпаведных вышках. Ён можа гэта зняць?
Для чаго словы, што ён не хоча быць уцягнутым? Хай зніме гэтую тэхніку, хай выключыць гэтую тэхніку. Я думаю, што яму тыдня будзе дастаткова гэта зрабіць. Таму што… чаму я кажу тыдзень? Таму што зараз кожнага дня праз гэта гінуць нашы цывільныя людзі, параненыя дзеці. Калі ён гэта не зробіць, зробім мы», — сказаў Зяленскі.
Ён звярнуў увагу і на беларускую нафтаперапрацоўчую прамысловасць.
«Мы робім усё, каб у рускіх не было магчымасці прадаваць нафту і даваць, адпаведна, дызель і нафту сваёй арміі. Таму што ўсё гэта выкарыстоўваецца супраць нас.
Ён сёння — галоўны пастаўшчык ці адзін з галоўных пастаўшчыкоў для расійскай арміі. Менавіта Лукашэнка, менавіта Беларусь. Можна гэта спыніць? Я ўпэўнены, што гэта ў яго сілах, і гэта менавіта ён кантралюе».
Таксама Зяленскі згадаў удар дронам па беларускім аўтобусе ў Расіі.
«Ну, усе ўжо прызналі, і міжнародныя эксперты, і, мне здаецца, таксама і рускія прызнаюць гэта… ці, скажам так, не адкрыта, што гэта ўдар быў не наш. Як гэта звязваюць? Вельмі проста: рускія будуць рабіць шмат розных правакацый для таго, каб уцягнуць народ Беларусі ў гэтую вайну», — дадаў ён.
Каментары
Наблявузгалі сваімі нотамі?
Мяркую што Украіна знішчыць ня толькі рэтраслятары, але і Мозырскі НПЗ да кучы.
Яшчэ ў іх 500 мэтаў на тэрыторыі РБ сярод якіх рэзыдэнцыі перасідзента, будынкі апрычнікаў і гд.