БЕЛ Ł РУС

Якія рэтранслятары на мяжы мае на ўвазе Украіна?

22.06.2026 / 13:04

Nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выставіў ультыматум Аляксандру Лукашэнкі. Кіеў патрабуе цягам тыдня адключыць і дэмантаваць рэтранслятары, якія, па меркаванні Кіева, карэктуюць маршруты расійскіх дронаў. Пра што ўвогуле гаворка? 

Як патлумачылі «Нашай Ніве» ў Belpol, рэтранслятары, пра якія кажа Уладзімір Зеленскі, — гэта, хутчэй за ўсё, дадатковае абсталяванне, размешчанае на стандартных вышках сотавай сувязі беларускіх мабільных аператараў.

Расійскія ўдарныя дроны — у прыватнасці, «Шахеды» — выкарыстоўваюць іх для навігацыі і перадачы даных (напрыклад, відэа ў рэальным часе або даных пра сваё становішча, хуткасць і іншыя параметры). Аднак стандартная базавая станцыя сотавай сувязі «б'е» на адлегласць усяго каля трох кіламетраў, чаго недастаткова для кіравання дронамі, якія залятаюць углыб тэрыторыі Украіны.

Калі ж на вышку пастаўлены накіраваны рэтранслятар або ўзмацняльнік, сігнал можна пасылаць на 30—50 кіламетраў углыб чужой тэрыторыі. Такое абсталяванне стварае канал сувязі, накіраваны прамянём у бок Украіны, каб дрон мог за яго «зачапіцца».

Дрон ляціць, трымаючы сувязь з некалькімі базавымі станцыямі. Ведаючы хуткасць праходжання сігналу да кожнай з іх, можна матэматычна дакладна вылічыць каардынаты беспілотніка. Украінцы выкарыстоўваюць гэты метад, каб збіваць дроны, а расіяне — каб іх весці.

У прыватнасці, гаворка можа ісці пра вышкі на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Вышкі мабільнай сувязі стандарту LTE (4G) пачалі з’яўляцца ў бязлюднай зоне зусім нядаўна — у красавіку.

Ілюстрацыйнае фота

Вышкі ў Гомельскай вобласці на мяжы з Украінай — не адзіныя, дзе можа быць усталявана дадатковае абсталяванне, якое выкарыстоўваецца ў вайсковых мэтах. Пацвердзіў гэта ў сваёй прамове і Уладзімір Зяленскі.

«Мы зафіксавалі, што ўздоўж нашай мяжы на тэрыторыі Беларусі ўсталявана спецыяльнае абсталяванне, якое працуе на Расію, на расіян, якое дапамагае расіянам наносіць удары дронамі па нас, па нашай тэрыторыі.

Мы ва Украіне ведаем пра чатыры такія рэтранслятары ў Беларусі — менавіта ў Гомельскай і Брэсцкай абласцях. Менавіта дзякуючы такому абсталяванню наносіліся ўдары па Жытомірскай, Ровенскай, Валынскай абласцях, па нашай энергетыцы, па нашай чыгунцы — па звычайных гарадах, па нашых вёсках. Беларусь мае час, каб дэмантаваць гэтае абсталяванне». 

Украіна не назвала лакацый, у якіх яна фіксуе наяўнасць такіх рэтранслятараў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула