Сталі вядомыя новыя факты пра каліноўца Сяргеева, які трапіў у лукашэнкаўскую турму
Праваабаронцам з Mayday Team сталі вядомыя новыя падрабязнасці пра Андрэя Сяргеева з пазыўным «Кот», якога раней паказалі ў сюжэце тэлеканала АНТ сярод затрыманых беларусаў, што ваявалі на баку Украіны.
Андрэй Сяргееў. Скрыншот сюжэта АНТ
Вядома, што Сяргееў яшчэ ў савецкія часы скончыў Казанскае танкавае вучылішча. Пасля ўдзелу ў пратэстах 2020 года ён разам з сям’ёй выехаў з Беларусі. Паводле інфармацыі прапагандыстаў, у Польшчы ён далучыўся да Палка Каліноўскага. Пасля выхаду сюжэта яго былы пабрацім Аляксандр Клачко паведаміў, што мужчына меў сур’ёзныя праблемы са здароўем.
Паводле звестак Mayday Team, Андрэя Сяргеева затрымалі ў жніўні 2025 года на памежным пункце ў Брэсце, калі ён выязджаў з Беларусі ў Польшчу, дзе працаваў кіроўцам-дальнабойшчыкам. Пасля затрымання супраць яго распачалі крымінальную справу і змясцілі ў следчы ізалятар у Калядзічах.
Прыкладна ў лютым 2026 года следства было завершана, а справу перадалі ў суд. Крыніца праваабаронцаў сцвярджае, што Сяргеева абвінавацілі ва ўдзеле ў баявых дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы, а таксама нейкім чынам звязалі з так званай «справай Гаюна».
Паводле суразмоўцы Mayday Team, мужчына баяўся атрымаць настолькі вялікі тэрмін зняволення, што мог не выйсці з калоніі жывым. Колькі гадоў пазбаўлення волі яму ў выніку прызначылі, пакуль невядома.
Чытайце таксама:
Стала вядома пра арышт яшчэ аднаго каліноўца Андрэя Сяргеева