БЕЛ Ł РУС

На Паўночных могілках у Мінску адкрылі помнік акадэміку Радзіму Гарэцкаму ФОТАФАКТ

22.06.2026 / 21:29

Станіслаў Покуць

22 чэрвеня, роўна праз год пасля смерці акадэміка Радзіма Гарэцкага, на ягонай магіле на мінскіх Паўночных могілках урачыста адкрылі надмагільны помнік яму. Фота помніка з'явілася ў сацсетках.

Фота з сацсетак

На ўрачыстае адкрыццё помніка сабраліся каля 40 чалавек. Яго аўтар — вядомы скульптар Ігар Засімовіч, у аснове — валун з Браслаўскага краю.

Радзім Гарэцкі пражыў вельмі доўгае, 96‑гадовае жыццё, на працягу якога заўсёды імкнуўся служыць сваёй радзіме і свайму народу, хоць воляй лёсу некалькі дзесяцігоддзяў быў вымушаны правесці за межамі бацькаўшчыны.

Нарадзіўся Радзім Гарэцкі 7 снежня 1928 года ў Менску, у сям’і Гаўрылы Гарэцкага, аднаго з заснавальнікаў і першых правадзейных членаў Беларускай акадэміі навук, і Ларысы Гарэцкай (у дзявоцтве Парфяновіч). Ён пляменнік Максіма Гарэцкага, беларускага пісьменніка.

З-за рэпрэсій супраць сям'і Радзім правёў дзяцінства ў Расіі, дзе ў 1952 годзе скончыў Маскоўскі нафтавы інстытут і пасля больш за 20 гадоў адпрацаваў у Геалагічным інстытуце АН СССР. Толькі ў 1971 годзе ён вярнуўся на радзіму, дзе з 1977 па 1993 год узначальваў Інстытут геахіміі і геафізікі, у 1992‑1997 гадах быў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі.

Радзім Гарэцкі стаў адным з заснавальнікаў сучаснай беларускай школы тэктонікі, яго даследаванні дапамаглі адкрыць шматлікія радовішчы карысных выкапняў, за што ён быў ушанаваны Дзяржаўнымі прэміямі СССР і Беларусі.

Акрамя навукі, ён актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю, узначальваў Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» і напісаў шэраг мастацка-дакументальных кніг пра гісторыю свайго роду і рэпрэсаваную беларускую інтэлігенцыю. У кнізе «Ахвярую сваім «я»… (Максім і Гаўрыла Гарэцкія)» (1998) Радзім Гарэцкі апісаў трагічны лёс сваіх блізкіх.

Ён усімі сіламі падтрымаў рух за незалежнасць Беларусі і дапамагаў станаўленню грамадзянскай супольнасці Беларусі. З 1993 года ён стаў прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Радзім Гарэцкі дажыў да пратэстаў 2020 года і звязаных з імі рэпрэсій, і ў верасні таго года ў інтэрв'ю газеце «Народная Воля» расказаў, якія пачуцці перажываў у сувязі з гэтым:

«З аднаго боку, мне вельмі балюча на ўсё гэта глядзець. Па мірным Мінску ездзяць бронетранспарцёры, аўтазакі, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны аплецены калючым дротам, як у вайну! Улада неяк неадэкватна ўспрымае сітуацыю. Па вуліцах жа мірны народ ідзе. Людзі так і кажуць: мы выйшлі на мірнае шэсце! За што іх дубасіць? Навошта Лукашэнка аддаў такі загад сваім падначаленым? Колькі ўжо збітых, колькі пакалечаных і параненых, ёсць ужо і забітыя. Жудасныя рэчы…

З другога боку, я проста шчаслівы, што дажыў да гэтага часу, калі нарэшце прачнуўся ўвесь беларускі народ. І адчуў сваю моц, зразумеў, што хоча жыць у незалежнай і дэмакратычнай беларускай дзяржаве. Калі я бачу мора бел-чырвона-белых сцягоў, мая душа радуецца». 

Чытайце таксама:

Як Радзім Гарэцкі прамяняў кар'еру ў Маскве на Мінск і не пашкадаваў. Гісторыя жыцця 96‑гадовага віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук

Ён прайшоў шлях ад сына «ворага народа» да доктара навук і атрымальніка Дзяржпрэміі

Радзім Гарэцкі: Я пражыў амаль 92 гады і рады бачыць, як абудзіўся мой народ

Радзіму Гарэцкаму — 90: «Маё жыццё прайшло пад дамоклавым мячом. Нас у Беларусь не пушчалі»

Каментары да артыкула