БЕЛ Ł РУС

У Англіі трохгадовы хлопчык пайшоў з бацькамі ў заапарк і апынуўся ў вальеры з кракадзіламі

22.06.2026 / 23:11

Nashaniva.com

У Англіі трохгадовы хлопчык атрымаў цяжкія траўмы пасля таго, як апынуўся ў вальеры з кракадзіламі ў заапарку. Інцыдэнт адбыўся 18 чэрвеня ў заапарку Johnsons of Old Hurst каля горада недалёка ад горада Хантынгдан у графстве Кембрыджшыр, куды дзіця прыйшло разам з сям'ёй, паведамляе Бі-бі-сі.

Фота: Kerena Cobbina/BBC

Паводле папярэдняй інфармацыі, на хлопчыка напала як мінімум адна жывёліна. Медыкам удалося стабілізаваць стан пацярпелага, пасля чаго яго даставілі ў бальніцу.

Як менавіта дзіця апынулася ў вальеры, пакуль невядома. Першай на дапамогу прыйшла супрацоўніца заапарка Трэйсі, да якой далучыліся яе муж і сын. Іх дзеянні дапамаглі выратаваць хлопчыка да прыбыцця экстранных службаў.

Паводле паведамленняў мясцовых СМІ, паліцыя затрымала 30‑гадовага мужчыну па падазрэнні ў замаху на забойства. Паводле адной з версій, ён мог кінуць дзіця да кракадзілаў. Аднак з-за асаблівасцяў стану здароўя мужчыну прызналі непрыдатным для допыту і адпусцілі пад заклад да верасня.

Кракадзілы ўтрымліваліся ў спецыяльна абсталяваным памяшканні, а наведвальнікі назіралі за імі з узвышаных аглядальных пляцовак, абароненых металічнымі агароджамі. Раней парушэнняў бяспекі ў гэтым вальеры не выяўлялася.

Цяпер праваахоўнікі вывучаюць запісы з камер назірання і высвятляюць усе абставіны здарэння, у тым ліку як доўга дзіця знаходзілася ў вальеры. Паведамляецца, што кракадзілаў пасля інцыдэнту не забівалі і не вывозілі.

На час расследавання павільён, дзе знаходзіцца вальер з кракадзіламі, закрыты для наведвальнікаў.

Чытайце таксама:

«Хацеў сустрэць кракадзілаў і бегемотаў». Беларус зладзіў адзіночны сплаў па рацэ Лімпапо

Калумбійскіх «какаінавых бегемотаў» гатовыя прыняць у Індыі

Індыя хоча выкарыстоўваць змей і кракадзілаў для абароны дзяржаўнай мяжы

У Гродзенскім заапарку паказалі, з якой лыжкі кормяць кракадзілавага каймана ВІДЭА

У Аўстраліі спатрэбілася 11 чалавек, каб пачысціць зубы аднаму кракадзілу

Каментары да артыкула