У Мінску адкрылі новы буйны парк віртуальных прыгод
У мінскім ТРЦ «Тытан» на праспекце Дзяржынскага адкрылася Avatar Arena — адзін з найбуйнейшых у Беларусі паркаў віртуальных прыгод. Праект стаў часткай маштабнай рэканструкцыі гандлёва-забаўляльнага комплексу, піша выданне «Наш портал».
Пасля адкрыцця новай гандлёвай галерэі і абноўленага фудкорта ў вызваленай прасторы размясцілі сучасны VR-парк. Побач таксама працуюць боўлінг, лазертаг і дзіцячы лабірынт.
Парк займае больш за 700 квадратных метраў. Яго галоўная асаблівасць — магчымасць свабодна перамяшчацца без правадоў і гуляць вялікімі кампаніямі. Дзве гульнявыя арэны плошчай 150 і 120 квадратных метраў могуць аб’ядноўвацца ў адну вялікую прастору амаль на 290 квадратных метраў. Адначасова там могуць знаходзіцца да 30‑ці чалавек.
Для наведвальнікаў падрыхтавалі больш за 115 віртуальных гульняў і сцэнарыяў. Для дзяцей прапануюцца яркія камандныя прыгоды, для падлеткаў — дынамічныя экшн-гульні і тактычныя місіі, а для дарослых — квэсты і хорары з поўным пагружэннем у віртуальны свет.
Асобнай навінкай сталі адукацыйныя праграмы ў дапоўненай рэальнасці. Удзельнікі могуць вывучаць космас, даследаваць марскія глыбіні, знаёміцца з рознымі прафесіямі, робататэхнікай і асновамі фінансавай пісьменнасці.
Парк прызначаны не толькі для звычайнага адпачынку. Тут можна арганізаваць дзень нараджэння, выпускны вечар або карпаратыўнае мерапрыемства. Для гэтага прадугледжаныя тры банкетныя пакоі, якія пры неабходнасці аб’ядноўваюцца ў залу на 70 чалавек. Для школьных груп і летніх лагераў распрацаваныя спецыяльныя праграмы, якія спалучаюць віртуальныя прыгоды з пазнавальнымі заняткамі.
Рэканструкцыя комплексу працягвалася каля двух гадоў. Новая гандлёвая галерэя займае каля 7500 квадратных метраў, мае тры паверхі, злучаныя эскалатарамі. Ніжнія паверхі адведзеныя пад крамы вядомых брэндаў, а на трэцім размешчаны фудкорт на 200 пасадачных месцаў.
Чытайце таксама:
На Паўночных могілках у Мінску адкрылі помнік акадэміку Радзіму Гарэцкаму ФОТАФАКТ
У Полацку адкрылі музей самага старажытнага манастыра Беларусі
Якія прадуктовыя сеткі з'явіліся і зніклі ў Беларусі ў апошнія гады? Такіх нямала