Грамадства22

Якія прадуктовыя сеткі з'явіліся і зніклі ў Беларусі ў апошнія гады? Такіх нямала

Днямі па сацсетках пайшлі чуткі, што крамы папулярнай сеткі дыскаўнтараў «Хіт!» у Беларусі паціху закрываюцца. Ці так гэта і як апошнім часам развіваюцца сеткі крам у краіне? Выданне Blizko.by вывучыла ўсё самае цікавае.

Фота: hitdiscount.by

Што там з «Хітом»?

Нядаўна ў сацсетцы Threads заўважылі, што нейкія крамы сеткі «Хіт!» (яе развівае кампанія «Еўрагандаль») сталі закрывацца. Напрыклад, у Мінску і ў Дзяржынску, паводле заўваг відавочцаў, быў «Хіт!» — стаў «Еўраопт». І гэта нібыта не адзінкавыя прыклады.

Выданню «Анлайнер» у сетцы пацвердзілі, што частку крам пад гэтым брэндам сапраўды закрываюць і паступова пераводзяць у іншыя фарматы, у тым ліку ў «Еўраопт». Так, за апошнія тры гады цэлых 140 крам вось так змянілі фармат. Але больш за 200 «Хітоў» па-ранейшаму працуюць, і хоць нейкія яшчэ, напэўна, памяняюць шыльды, усе крамы «Хіт!» закрываць не будуць. Але і новыя адкрываць больш не стануць.

Увогуле ж сеткі крам ваююць за купцоў і пастаянна трансфармуюцца. Нейкія растуць, нейкія ўціскаюцца. Адныя закрываюцца, на іх месца прыходзяць новыя. Камусьці ўдаецца хутка вырасці і стаць буйной сеткай, іншыя так і застаюцца мікрасеткамі на некалькі крам. Некаторыя ж крамы застаюцца гордымі адзіночкамі.

У гэтым артыкуле гаворка пра тыя новыя шыльды, якія з'явіліся ў Беларусі апошнім часам, а таксама тыя старыя, якія пакінулі ці абмежавалі рынак. 

Новыя адкрыцці

«UNISTORE опт&розніца»

Сетку развівае кампанія «ЮніСтор Груп», яна ж вядзе сеткі крам «Вожык» і «Сем пятніц». Першая мінская крама адкрылася ў маі 2021 года, дакладней, адміністрацыйна яна знаходзіцца па-за сталіцай, у раёне вёскі Баравая ў Бараўлянскім сельсавеце, на выездзе з Мінска па Лагойскім тракце.

Цяпер у сетцы 8 крам: па адной у Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Салігорску. Таксама фармальна ўсяго адна крама ў Мінску (у Каменнай Горцы) і яшчэ дзве пад Мінскам: ужо згаданая ў Баравой і ў Сеніцкім сельсавеце, адразу за МКАД у гандлёвым цэнтры «Сеніца» (прычым на сайце кампаніі маркер на карце стаіць не на сваім месцы).

«Разумны выбар»

Сетку «Разумны выбар» запусціла кампанія «Лібрэтык» — тая самая, што развівае сетку «Суседзі». Першыя дзве крамы адкрыліся ў Баранавічах у студзені 2022 года.

Цяпер у сетцы ёсць 26 крам у 13 гарадах краіны (пераважна ў райцэнтрах). З іх у Мінску ўсяго 3 пункты (і яшчэ адзін у пасёлку Юбілейны за Сеніцай). Сетка пазіцыянуе сябе як новы фармат штодзённых купляў: усё самае патрэбнае, побач і па нізкіх цэнах.

«Белка»

Крама «Белка» адкрылася ў сталічнай Лошыцы на пачатку 2022 года — ТАА «100рытэйл» запусціла пункт на вуліцы Уладзіслава Сыракомлі. З таго часу тая крама зачынілася, але цяпер у Мінску працуюць яшчэ тры: дзве на праспекце Дзяржынскага і адна на вуліцы Ціміразева.

Сайта ў крамы няма, проста яшчэ адна невялікая сетка. Нагадвае сетку «Зялёны клён», адна з крам якой, да слова, таксама ёсць у Лошыцы (але кіруе ёй іншая кампанія).

«Квасоўскі»

Пра гэтую сетку вы напэўна не чулі, хоць пра кампанію, якая стаіць за ёй, чуць маглі. Прынамсі, калі вы жывяце ў Гродзенскай вобласці. У вёсцы Квасоўка пад Гроднам працуе знакаміты вытворчы кааператыў імя Віталя Крамко, які вырас з калгаса «Кастрычнік» і вядзе сваю гісторыю з 1949 года. Калгас, а пасля і кааператыў неаднаразова ўдастойваліся дзяржаўных узнагарод.

Сваю прадукцыю прадпрыемства рэалізуе ў тым ліку праз уласную сетку «Квасоўскі». Усяго ў ёй 5 крам: чатыры ў Гродне і раёне і адна ў Мінску — шукайце яе ў мікрараёне Брылевічы. Сталічная крама адкрылася ў снежні 2022-га.

«Спутнік»

Крамы «Спутнік» (амаль з такім жа лагатыпам, які быў у закрытай аднайменнай расійскай пошукавай сістэмы) з'явіліся ў верасні 2023 года: так пераназвалі гіпермаркеты гіпердыскаўнтара «Святлафор». Тады купцам абяцалі, што цэны ў абедзвюх сетках будуць аднолькавымі.

Старонка са спісам крам на сайце новай сеткі зламаная, а пошукавікі паказваюць, што ў Мінску «Спутнік» толькі адзін — на вуліцы Каржанеўскага — плюс яшчэ адзін адразу за МКАД, у гандлёвым цэнтры DiaMond City. Таксама «Спутнікі» знайшліся ў абласных цэнтрах (акрамя Брэста), Бабруйску, Барысаве, Жлобіне, Лідзе, Мазыры і Оршы — разам 12 пунктаў.

«Выгада»

Дыскаўнтар «Выгада!» — гэта ўтварэнне ЗАТ «Юніфуд», якое развівае сетку «Алмі», менавіта так называецца зніжкавая праграма ў гэтай сетцы. Дык вось, першая крама «Выгада!» адкрылася ў лютым 2024‑га ў Гродне (зноў Гродна!) з банэрамі «Нізкія цэны! Кожная купля з выгадай!».

Тады, два з лішнім гады таму, СМІ расказвалі, што «Выгада!» стане новай сеткай, у якую можа перайсці частка крам «Алмі». На тое, што ўсё ж такі плануецца сетка, паказвае і загаловак «Адрасы крам» на новым сайце. Вось толькі адрас так да гэтага часу і застаўся адным-адзіным.

«Местное известное»

Сетку «Местное известное» запусціла кампанія «Грынрозніца» — тая самая, якая кіруе сеткай супер– і гіпермаркетаў Green. Як паведамляе сайт сеткі, «Местное известное» — гэта гандлёвая марка правільнага харчавання, уся прадукцыя натуральная, вырашчаная ў экалагічна чыстых мясцовасцях як у Беларусі, так і за яе межамі.

Першыя пяць крам адкрыліся ў Мінску 21 чэрвеня 2024 года, але вось асобнага сайта ў новай сеткі знайсці не змаглі (ці хоць бы спіса крам на сайце Green). «Яндэкс.Карты» паказваюць, што цяпер у сетцы 4 крамы: тры па старых адрасах і адна новая. А вось яшчэ два пункты па старых адрасах, у Грушаўцы і Уруччы, з студзеня 2025‑га закрытыя.

«Знаёмы»

«Знаёмы» — гэта сетка, якую запусціў Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў. Першая крама адкрылася крыху больш за год таму, у студзені 2025-га, у Барысаве. Але па стане на чэрвень 2026‑га ў сетцы так і засталася гэтая адна крама. Чаму тады гаворыцца пра сетку? Таму што хлебакамбінат сам так і заяўляў: «УП «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў» з гонарам абвяшчае пра адкрыццё новай рознічнай сеткі «Знаёмы». Першая крама адкрыецца ўжо заўтра…»

Наогул у камбіната ёсць ужо мінімум дзве ўласныя сеткі: «Уладар» і «Турэцкі кумпячок», а таксама асобныя крамы «Мельнік», «Каласок», «Мясны дом», «Пятачок», «Мяско», «Лагойчанка». Няхай вас не здзіўляюць мясныя крамы ў «хлебнай» сетцы, таму што Барысаўскі мясакамбінат з'яўляецца філіялам камбіната хлебнага. І пры такой складанай падпарадкаванасці ды мностве брэндаў здаецца, што на развіццё «Знаёмага» проста не засталося рэсурсаў.

А якія сеткі закрыліся?

«ПровиантЪ»

Сетка крам «ПровиантЪ» (менавіта ў такім напісанні) ад ТАА «ПравіянтГруп» была немаленькай для Мінска: да восені 2021 года ў сталіцы налічвалася 35 яе крам, яшчэ было 7 пунктаў у Баранавічах і адна крама ў Нясвіжы.

У розныя часы ў сетку «ПровиантЪ» уваходзілі магазіны «Савецкі» (у Баранавічах) і «Азарэнне». Але ўжо ў 2022‑м сетка проста закрылася. Частку яе крам выкупіла кампанія «Лібрэтык» (ёй належыць сетка «Суседзі»). Прычынай закрыцця сеткі «ПровиантЪ» называюць банкруцтва.

Spar

Spar — гэта буйная нідэрландская сетка крам з 90‑гадовай гісторыяй. Зараз па ўсім свеце працуюць больш за 13 800 крам у 48 краінах. Назва, дарэчы, перакладаецца як «елка» — яе стылізаваная выява ёсць на лагатыпе кампаніі.

У Мінску першая крама сеткі адкрылася ў жніўні 2017 года на Партызанскім праспекце, 40. Франшызай кіравала кампанія «Юніфуд», якая таксама развівала сеткі «Алмі» і Zakrama. Прадстаўнікі кампаніі казалі, што да 2020 года плануюць адкрыць 60 крам у розных гарадах Беларусі. Але ў выніку на ўсю краіну было ў 10 разоў менш крам: тры ў Мінску і па адной у Брэсце, Гродне, Бабруйску, Пінску, Кобрыне і Мазыры. Пры гэтым частка з іх мела назвы Eurospar і Interspar. А ў красавіку 2024‑га закрылася і апошняя сталічная крама гэтай сеткі (іх паціху перавялі ў сетку «Алмі»). Наколькі вядома Blizko.by, гэта самая буйная сусветная сетка крам, якая працавала і ў Беларусі.

Каментары2

  • venlo
    11.06.2026
    Пра Азарэнне забыліся напісаць. таксама буйная сетка была
  • Ёсік
    11.06.2026
    Шаноўная рэдакцыя НН, сетка Местное известное напісалі правільна, па-расейску. А навошта перакладаеце на беларускую мову Умный выбор? У Лібрэтыка ніколі не было беларускай мовы.

Цяпер чытаюць

Удава Мікіты Мелказёрава ўпершыню публічна расказала пра ноч яго смерці6

Удава Мікіты Мелказёрава ўпершыню публічна расказала пра ноч яго смерці

Усе навіны →
Усе навіны

УСУ знішчылі пазіцыю комплексу СПА С-400 побач з палацам Пуціна1

Сталі вядомыя імёны зніклых у гарах Кыргызстана альпіністаў. Двое з іх беларусы3

У Варшаве прайшоў традыцыйны Жаночы сняданак са Святланай Ціханоўскай ФОТЫ29

Супрацоўнікі міліцыі, якія трапілі ў ДТЗ у Кобрыне, шпіталізаваныя4

Сын Джо Байдэна расказаў пра пагаршэнне стану бацькі, які хварэе на рак1

Больш за 100 тысяч фактаў пераследу: «Вясна» апублікавала сумную статыстыку шасці гадоў рэпрэсій11

Святлана Шаціліна больш не ўзначальвае Місію дэмакратычных сіл Беларусі ва Украіне9

У гарах Кыргызстана знайшлі пусты намёт зніклых альпіністаў, сярод якіх двое беларусаў1

Не толькі малітвы. Ксёндз Юрый Санько — пра TikTok, храп на імшы і гульні ў вольны час

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Удава Мікіты Мелказёрава ўпершыню публічна расказала пра ноч яго смерці6

Удава Мікіты Мелказёрава ўпершыню публічна расказала пра ноч яго смерці

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць