«Вельмі страшнага кіно 6» не будзе — сусветны хіт усё-ткі знялі з беларускага пракату. Чаму?
Папулярную чорную камедыю «Вельмі страшнае кіно 6» чакалі ў Беларусі яшчэ ў сярэдзіне чэрвеня, але нечакана сеансы пачалі пераносіць, а потым і прыбіраць з раскладаў. Як стала вядома, фільм канчаткова знялі з пракату.
Кадр з фільма
«Вельмі страшнае кіно 6» — чарговая частка буйной камедыйнай франшызы. У яе фільмах сумяшчаюць пародыі на хорары і сатыру на буйныя падзеі і папулярныя мемы.
Новы фільм выйшаў у сусветны пракат 5 чэрвеня і сабраў прыстойную касу — больш за 200 мільёнаў даляраў пры выдатках у 30 мільёнаў. Дастаткова, каб лічыць яго касавым хітом.
У Беларусі чакалі фільм тыдзень таму, але раптам кінатэатры пачалі пераносіць сеансы і вяртаць грошы за квіткі. Тады стала вядома, што Міністэрства культуры чамусьці не дадае фільм у рэестр дазволенага кіно, таму і пра пракат гаворкі не ішло. 22 чэрвеня, аднак, некаторыя кінатэатры ўсё ж пачалі прадаваць квіткі на стужку, і гледзячы па каментарах у сеціве, некаторыя беларусы нават паспелі паглядзець фільм у кіно.
Фота: Entertainment Weekly
Але ж цяпер квіткі на «Вельмі страшнае кіно 6» ужо не набыць. Як стала вядома «Нашай Ніве», фільм знялі з пракату па ўсёй краіне.
Верагодна, прычына гэтага — тое, што фільм закранае ЛГБТ-тэматыку. Напрыклад, там ёсць трансгендарны персанаж, які змяніў пол, а таксама персанаж-гомасэксуаліст. У версіі, якая ненадоўга трапіла ў беларускія кінатэатры, частку жартаў, звязаных з гэтай тэматыкай, зацэнзуравалі.
З пачатку 2026 года ў Беларусі набылі моц папраўкі ў закон «Аб правах дзіцяці», якія забаранілі «прапаганду гомасэксуальных адносін, змены полу і бяздзетнасці».