У Барселоне збіраюцца абкласці вялікімі зборамі круізных турыстаў
Улады Барселоны прапануюць амаль утрая павялічыць турыстычны збор для пасажыраў круізных лайнераў, якія знаходзяцца ў горадзе менш за 12 гадзін. Калі ініцыятыву ўхваліць парламент Каталоніі, збор вырасце з 11 да 30 еўра ў дзень, піша Euronews.
Фота: AP
Павышаная стаўка будзе дзейнічаць толькі для круізных суднаў, якія заходзяць у порт Барселоны на кароткі час. Маршруты, што пачынаюцца або заканчваюцца ў Барселоне, пад новыя правілы не трапяць, бо такія турысты звычайна даўжэй застаюцца ў горадзе, карыстаюцца гатэлямі, транспартам і іншымі паслугамі.
Па словах гарадскіх уладаў, галоўная мэта павышэння збору — не толькі папаўненне бюджэту, але і стрымліванне празмернага круізнага турызму. Частка палітыкаў лічыць, што гэта дапаможа вызначыць месца круізных заходаў у турыстычнай стратэгіі Барселоны. Іншыя прапануюць абмежаваць агульную колькасць пасажыраў круізных лайнераў, аднак адзначаецца, што рэалізаваць такую меру будзе значна складаней.
У разгар турыстычнага сезона пасажыры круізных суднаў складаюць каля 7,5% усіх наведвальнікаў Барселоны за дзень, пры гэтым у сярэднім яны праводзяць у горадзе каля 5 гадзін 40 хвілін.
Сусветная рада па турызме і падарожжах (WTTC) раскрытыкавала ініцыятыву. У арганізацыі папярэдзілі, што рэзкае павышэнне збораў можа зрабіць Барселону менш канкурэнтаздольнай у параўнанні з іншымі міжземнаморскімі партамі. Паводле ацэнак WTTC, турысты могуць пачаць менш траціць грошай падчас знаходжання ў горадзе або выбіраць іншыя маршруты.
Паводле даных арганізацыі, Барселона штогод прымае каля чатырох мільёнаў пасажыраў круізных лайнераў, а сярэднія выдаткі аднаго пасажыра, які пачынае або завяршае круіз у горадзе, складаюць каля 255 еўра. Толькі ў 2024 годзе круізная індустрыя прынесла ў бюджэт Барселоны амаль 12 мільёнаў еўра ў выглядзе падаткаў.
Чытайце таксама:
«Выйшлі з аўтобуса і адмовіліся ад тура». Беларусы расказалі, як мяжа сапсавала ім падарожжа
У Еўропе праз экстрэмальную спякоту загінулі ўжо дзясяткі людзей
Японія адразу ў пяць разоў павялічвае кошт сваіх віз
Дзе ў Еўропе самая чыстая вада для купання? Апублікаваны новы рэйтынг пляжаў