У Слоніме дзеля рэканструкцыі вызвалення горада вызваляюць яго ад дрэў
Мясцовы паблік slonim_live задаў пытанне чат-боту Слонімскага райвыканкама, навошта каля мясцовага возера Салдацкага масава высякаюць дрэвы і тут жа іх спальваюць.
Фота: instagram.com/slonim_live
«Падкажыце, што адбываецца на Салдацкім, значна высечаная расліннасць і тут жа спальваецца, дым ідзе на адпачывальнікаў… Няўжо ўсю гару аголяць? Якія тут планы па ўпарадкаванні?», — задалі пытанне чыноўнікам.
Ад іх прыйшоў такі адказ:
«З мэтай падрыхтоўкі да правядзення ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Вызваленне Слоніма» ў межах святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 82‑й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вядуцца работы па ўпарадкаванні вышэйпазначанай тэрыторыі, таксама будзе праведзена санапрацоўка тэрыторыі ад кляшчоў».
Таксама чыноўнікі паведамілі, што ў сувязі з падрыхтоўкай ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Гераічная абарона Слоніма. Чэрвень 1941» з 30 чэрвеня па 4 ліпеня будзе часова закрыты для наведвання пляж на тым жа Салдацкім возеры ў мікрараёне Энка.
Чытайце таксама:
15 трупаў і зламанае крыло. Пад Мінскам бяздумна загубілі цэлую калонію шэрых чапляў
У Мядзведжыне татальна высякаюць лес. Афіцыйная версія — ратуюць ад караеда
У Баранавіцкім раёне перад старадаўняй царквой спілавалі дрэвы. Жыхары абураныя