БЕЛ Ł РУС

Еўрасаюз уводзіць мыты на недарагія пасылкі з Кітая

29.06.2026 / 22:38

Nashaniva.com

Еўрапейская камісія ўводзіць новы мытны збор на недарагія пасылкі з Кітая. З 1 ліпеня за адпраўленні коштам да 150 еўра будзе спаганяцца плата ў памеры 3 еўра, паведамляе The Guardian.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com

Адначасова будзе скасавана правіла, якое дазваляла ўвозіць у краіны Еўрасаюза тавары такой вартасці без выплаты мыта. У Бруселі разлічваюць, што гэта дапаможа скараціць плынь танных тавараў з Кітая і падтрымаць еўрапейскіх рознічных прадаўцоў.

Паводле звестак Еўракамісіі, колькасць недарагіх пасылак, якія паступаюць у ЕС, вырасла больш чым у чатыры разы — з 1,3 мільярда ў 2022 годзе да 5,9 мільярда ў 2025-м. Каля 90 працэнтаў такіх адпраўленняў паступае з Кітая, галоўным чынам праз інтэрнэт-платформы Shein і Temu.

У Еўракамісіі таксама звярнулі ўвагу на праблемы з якасцю і бяспекай імпартных тавараў. Паводле даследавання, апублікаванага 29 чэрвеня, каля 60 працэнтаў прадукцыі, набытай праз інтэрнэт па-за межамі Еўрасаюза, не адпавядае еўрапейскім патрабаванням.

Найбольшая колькасць парушэнняў была выяўлена сярод касметыкі, цацак, харчовых дабавак і сродкаў індывідуальнай абароны. Улады ЕС лічаць, што новыя меры дапамогуць не толькі падтрымаць мясцовы бізнэс, але і павысіць бяспеку тавараў для спажыўцоў.

Чытайце таксама:

Улады знайшлі на замежных маркетплэйсах «экстрэмісцкую сімволіку»

Тыкток кідае выклік «Амазону» і становіцца новым лідарам у інтэрнэт-гандлі

Таццяна Кім распавяла, якім бізнэсам занялася б сёння, калі б ёй было 18 гадоў

Ozon прадаваў матацыклы пад выглядам мапедаў

Каментары да артыкула