На вуду расійскіх пранкераў трапіў дарадца прэзідэнта Літвы
Вядомыя расійскія пранкеры Ваван і Лексус заявілі, што падманулі з фальшывым тэлефонным званком дарадцу прэзідэнта Літвы па пытаннях нацыянальнай бяспекі Дэйвідаса Матулёніса. Яны сцвярджаюць, што выдалі сябе за сакратара Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Рустэма Умерава, паведамляе Delfi.lt.
Дэйвідас Матулёніс
Дэйвідас Матулёніс пацвердзіў, што такая размова сапраўды адбылася. Пры гэтым ён падкрэсліў, што падчас гутаркі не агучвалася ніякай сакрэтнай або канфідэнцыйнай інфармацыі.
Паводле яго слоў, званок быў арганізаваны на высокім узроўні і, верагодна, з выкарыстаннем тэхналогій штучнага інтэлекту для імітацыі голасу ўкраінскага чыноўніка.
Падчас размовы дарадца прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы адзначыў, што Літва і надалей падтрымлівае Украіну, не ўскладае на яе адказнасць за выпадкі залёту беспілотнікаў і лічыць, што Расія можа выкарыстоўваць падобныя інцыдэнты для правакацый супраць краін Балтыі. Ён таксама паведаміў пра намер умацаваць сістэму аховы паветранай прасторы і прыцягнуць украінскіх спецыялістаў, якія маюць вопыт у супрацьдзеянні беспілотнікам.
Пры гэтым Дэйвідас Матулёніс адзначыў, што пасля размовы літоўскі бок звязаўся з украінскімі калегамі, каб разам з імі праверыць інфармацыю.
Чытайце таксама:
Лёва «Бі-2» расказаў, як яго спрабавалі развесці пранкеры Ваван і Лексус і выцягнуць на сустрэчу