БЕЛ Ł РУС

Прапагандыстка, якая забараняла кнігі, арандавала кінатэатр на дзень нараджэння для паказу свайго фільма

2.07.2026 / 12:51

Арына Жураўская

Тамара Вяцкая была сярод тых, хто забараніў кнігу журналіста Змітра Лукашука.

Тамара Вяцкая. Скрыншот СТБ

Тамара Вяцкая — намесніца галоўнага рэдактара дзяржаўнага «Радыё-Мінск». Пра крэатыўнае святкаванне дня нараджэння прапагандысткі распавяла яе дачка Ксенія, дырэктарка фермерскага рынку «Усё сваё».

Ксенія Вяцкая падзялілася ў Threads фота і відэа з сямейнага свята: «Як адзначаюць дзень нараджэння ў маёй сям’і: мама зняла кінатэатр «Перамога», каб паказаць сваё кіно».

Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра арэнду не цэлага кінатэатра, а гастразалы — тая разлічана на 12 месцаў. Дарэчы, для арэнды такой залы дастаткова выкупіць усе 12 квіткоў — і далей можна ўжо дамаўляцца на ежу з кафэ кінатэатра.

Мяркуючы па апублікаваных кадрах, фільм Тамара Вяцкая прысвяціла тэме рэлігіі. У фільме можна пабачыць святара Паўла Сердзюка (настаяцеля храма святога Мікалая Японскага ў Мінску). Яго жонка Вераніка Сярдзюк, кіраўніца цэнтра «Матуля», — дачка Вяцкай.

Раней Тамара Вяцкая ўваходзіла ў склад камісіі, якая шукала «экстрэмізм» у кнігах. У сакавіку 2021 года яна і яшчэ сем чалавек, напрыклад, ацэньвалі кнігу «Беларуская нацыянальная ідэя» журналіста Змітра Лукашука (копію заключэння экспертнай камісіі атрымала «Еўрарадыё»).

Тамара Вяцкая прагаласавала за тое, што ў творы ёсць экстрэмізм.

«Усе мае сваякі жывуць на Украіне (так і сказала. — Заўв. «Еўрарадыё»), і я гэтую сітуацыю ведаю знутры, і яна вельмі неадназначная. І я не разумею, навошта такая кніга патрэбная. Я не знайшла адказу ў гэтай кнізе, навошта яна напісана. Яна разбуральная, яна жорсткая. Зноў жа, я жанчына, і, можа, мужчынам гэта ўсё падабаецца, але мне гэта не падабаецца. Адкажу на гэта так: нам, праваслаўным, можна ўсё, але не ўсё карысна. Гэтая кніга не карысная», — каментавала яна сваё рашэнне.

Чытайце таксама:

Хто забараняе ў Беларусі кнігі — вось гэтыя 22 чалавекі

Што рабіць з кнігамі, якія трапілі ў спіс забароненых у Беларусі? Адказалі ў Мінінфармацыі

У Беларусі забаранілі яшчэ 17 кніг, у асноўным заходніх аўтараў

«Спачатку я не магла ў гэта паверыць». Прапрапраўнучка Дуніна-Марцінкевіча расказала, якія пачуцці ў яе выклікае прызнанне творчасці продка «экстрэмісцкай»

Каментары да артыкула