БЕЛ Ł РУС

Эстонец выкраў у сваёй былой жонкі-беларускі дачку. Прапаганда папракае: не трэба было рабіць дзіцяці эстонскі пашпарт

2.07.2026 / 21:49

Ганна Стафановіч

Алена спрабавала спыніць мужа, які вывез у Еўрасаюз 4‑гадовую дачку, нягледзячы на афіцыйную забарону на вываз дзіцяці з Беларусі. Цяпер стала вядома: дзяўчынка знаходзіцца на тэрыторыі Эстоніі.

Алена. Фота з яе Threads

Пяць дзён таму беларуска Алена падняла паніку ў Threads. 27 чэрвеня ранкам яе былы муж-эстонец узяў у чарговы раз іх агульную дачку (графік зносін з дзіцем быў вызначаны беларускім судом), але не вярнуў.

Была аформлена забарона на вываз дзіцяці з тэрыторыі Беларусі. Але ж маленькая Даша, як грамадзянка і Беларусі, і Эстоніі, мела яшчэ і эстонскі пашпарт.

На наступны дзень Алена паведаміла, што ёй стала вядома: былы муж, яго маці і дачка ўжо знаходзяцца ў Расіі (у Смаленску) — і плануюць перасекчы мяжу з Эстоніяй.

Яшчэ праз дзень беларусцы патэлефанавалі з эстонскай паліцыі і пацвердзілі: яе дачка разам з бацькам знаходзіцца на тэрыторыі Эстоніі. Цяпер маці ў роспачы шукае спосабы вярнуць дачку сабе.

Дэталі свайго сямейнага жыцця Алена распавяла «Мінскай праўдзе».

Сама жанчына з Мар’інай горкі. У 2021 годзе яна выйшла замуж за грамадзяніна Эстоніі і нарадзіла дачку Дар’ю — жыць сям’я вырашыла ў Еўрасаюзе.

Але ж складанасці ўзніклі амаль адразу. Алена сцвярджае, што былы каханы амаль што не працаваў — мог знайсці нейкую халтуру раз на паўгода. А грошы, якія сваякі падарылі з нагоды нараджэння дзіцяці, бацька прайграў у казіно.

Жылі бедна — нават на адзенне малой фінансаў не заўсёды хапала. Пры гэтым Алена кажа, што дачкой тата зусім не займаўся і раздражняўся праз тое, што немаўля плача па начах.

Дзяўчынцы, якая нарадзілася ў Эстоніі ад бацькі-эстонца ў першую чаргу зрабілі эстонскі пашпарт. Беларускі пашпарт у маленькай Дар’і з’явіўся пазней — у 2022 годзе, калі сям’я прыехала ў Беларусь у госці да маці Алены.

Пасля таго адпачынку адносіны паміж Аленай і яе мужам толькі пагоршыліся. Летам 2023 года, не без складанасцяў адшукаўшы грошы на паездку на радзіму, жанчына з дачкой зноў прыехалі ў Беларусь. У гэты момант Эстонія анулявала Алене дазвол на жыхарства — яна кажа, што нагодай стала адсутнасць працы і афіцыйнага прыбытку ў яе мужа.

У выніку сям’я вырашыла жыць у Беларусі — эстонец прыехаў сюды і аформіў дазвол на жыхарства. Арандавалі кватэру ў Мінску — але спакойнага жыцця зноў не атрымалася. І віной таму праблемы з грашыма. Алена распавядае, што муж стаў вельмі агрэсіўным, пасля чарговага высвятлення адносін ёй нават прыйшлося пісаць заяву ў міліцыю і здымаць пабоі.

У 2024 годзе жанчына з дачкой вярнулася да сваёй маці ў Мар’іну Горку, падала на развод. Амаль што адначасова былыя муж і жонка звярнуліся ў суд, каб вызначыць парадак зносін з дзіцем — вынік усіх задаволіў.

Але ж было зразумела, што шансы эстонца працягнуць дазвол на жыхарства ў Беларусі амаль што нулявыя — ён афіцыйна не працаваў і не меў прыбыткаў.

Фота з Threads Алены

Калі ён прыязджаў да дачкі, часта адбываліся канфлікты — і дома, і ў дзіцячым садку. Алена выдыхнула з палёгкай, калі выйграла суд па ўстанаўленні забароны на выезд дзіцяці з краіны.

Былога мужа гэта ў выніку не спыніла. Прапагандысты мяркуюць, што эстонец мог схлусіць на радзіме, быццам згубіў эстонскі пашпарт дачкі, і зрабіць новы — а гэтага дакумента не было ў базе памежнікаў.

Алена. Скрыншот відэа «Мінскай праўды»

У тэксце прапаганда некалькі разоў падкрэслівае, што такіх праблем у маці не было б, калі б Дар’я не мела эстонскага пашпарта.

Чытайце таксама:

«Некалькі месяцаў не магу абняць дзіця». Маладая маці просіць Лукашэнку вярнуць маленькага сына, якога забраў бацька

Украіна спрабуе вярнуць дзяцей, эвакуяваных у Італію пасля пачатку вайны

Суд пастанавіў вярнуць маці дзяцей, якія былі вывезеныя бацькам у Луганск

Каментары да артыкула