БЕЛ Ł РУС

Рэстаўратары аднаўляюць знакаміты жыровіцкі іканастас. Але ў гістарычным колеры ў манастыры яго наўрад ці пабачаць

4.07.2026 / 08:00

Ф. Раўбіч

На скрупулёзнае аднаўленне архітэктурных канструкцый, размаляваных пад эбенавае дрэва, і пазалочанай разьбы XVII стагоддзя выдаткавалі мільёны. Аднак у самім Жыровіцкім манастары свайго шэдэўра барока не чакаюць — яго ўжо замянілі пазалочаным псеўдарускім наваробам.

Эскізная схема жыровіцкага іканастаса, якая паказвае, якім ён будзе пасля рэстаўрацыі. Скрыншот відэа «Беларусь 1»

Як паведамляецца ў рэпартажы тэлеканала «Беларусь 1», працэс аднаўлення аднаго з найстарэйшых у краіне іканастасаў ідзе ў мінскіх майстэрнях «Белрэстаўрацыі». На гэтыя мэты з фонду прэзідэнта выдзелена каля 3,4 мільёна рублёў.

Маштабныя працы выкананыя ўжо больш чым на 30%. Канструкцыя мае вышыню каля 13 метраў разам з крыжам і шырыню амаль дзевяць метраў. Спецыялісты цалкам аднавілі верхнюю секцыю 1670‑х гадоў і цяпер заканчваюць расчышчаць аснову. Усе працы вядуцца ўручную.

Арыгінальны чорны колер іканастасу ў XVII стагоддзі мусіў імітаваць каштоўнае эбенавае дрэва. Саму ж драўніну іканастасу моцна паеў шашаль. Скрыншот відэа «Беларусь 1»

Рэстаўрацыя накладнога разнога дэкору іканастаса. Скрыншот відэа «Беларусь 1»

За стагоддзі існавання дрэва неаднаразова перафарбоўвалі, таму рэстаўратарам даводзіцца паступова здымаць ад 5 да 11 слаёў позніх пакрыццяў. Падчас расчысткі высветлілася, што першапачаткова барочны іканастас быў размаляваны пад чорнае эбенавае дрэва, што стварала кантраст з пазалочанай разьбой.

Мастак-рэстаўратар Аляксандр Тарасік адзначае, што задача спецыялістаў — зняць усе пазнейшыя наслаенні, каб дайсці да першапачатковай задумы аўтара.

«Наша задача — захаваць максімальна аўтара, закансерваваць яго», — канстатуе рэстаўратар.

Абразы з іканастаса Успенскага сабора Жыровіцкага манастыра на выстаўцы «Залаты век беларускага іканапісу. XVII стагоддзе». Невядомы віленскі (?) мастак. Пасля 1676 г. Фота: Нацыянальны мастацкі музей

Як мы пісалі раней, яшчэ ў 2009 годзе сем старадаўніх барочных абразоў былі вынятыя з цэнтральнага іканастаса і перададзеныя ў Нацыянальны мастацкі музей. Замест гістарычных твораў у храм змясцілі сучасныя працы інакіні Анфісы, выкананыя ў «старажытнарускім стылі». Гэтыя псеўдарускія новаробы візуальна разбураюць стылістыку барочнага інтэр'ера сабора.

Завяршыць рэстаўрацыю цэнтральнага іканастаса плануюць да канца гэтага года. Краязнаўцы не выключаюць, што пасля аднаўлення помнік не вернецца ў Жыровіцы, а застанецца ў экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея побач са сваімі абразамі.

Псеўдарускія іканастасы, пастаўленыя на месцы гістарычных ва Успенскім саборы Жыровіцкага манастыра. Фота: 1prof.by

У мінулым годзе ў Жыровічах дэмантавалі не толькі галоўны барочны іканастас, але і іканастасы Іаанаўскага і Свята-Пакроўскага прыдзелаў, створаныя ў стылі класіцызму ў 1860‑я гады. Як стала вядома сёлета, на іх месца ўсталявалі масіўныя пазалочаныя канструкцыі ў стылі рускага ўзорачча — кірунку Маскоўскага царства XVII стагоддзя, які не ўласцівы архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага і Беларусі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула