На Сож спусцілі «Пасейдона». У Гомелі стварылі сучасны цеплаход з сонечнымі панэлямі і першым у Беларусі вадамётным рухачом
Прагулачнае судна, абсталяванае ўнікальнымі для Беларусі тэхналогіямі, ужо пачало выконваць рэйсы па рацэ Сож, прапаноўваючы пасажырам новы ўзровень камфорту.
Новы цеплаход «Пасейдон» на рацэ Сож у Гомелі. Фота: promsm.by
На рачныя маршруты Гомеля выйшаў новы пасажырскі цеплаход «Пасейдон». Аднапалубнае судна даўжынёй амаль 22 метры разлічана на 50 пасажыраў і прапануе саракахвілінныя прагулкі па маршруце Лебядзіная сажалка — Любенскае возера — Лебядзіная сажалка. Кошт квітка складае ад 10 да 20 рублёў, а дзеці да 7 гадоў могуць падарожнічаць бясплатна.
Будаўніцтва цеплахода «Пасейдон». Фота: promsm.by
Будаўніцтва цеплахода «Пасейдон». Фота: promsm.by
Хоць у афіцыйных паведамленнях працэс называецца «мадэрнізацыяй», па сутнасці, горад атрымаў цалкам новы карабель. Як паведамляе вытворца, «ПрамБудМет», «пабудова цеплахода выканана з нуля». Праект, распрацаваны ў «Белсуднапраекце», ператварыў яго ў сучасны і тэхналагічны аб'ект.
Новы цеплаход «Пасейдон» на рацэ Сож у Гомелі. Фота: Белсуднапраект
Галоўная тэхнічная асаблівасць «Пасейдона» — вадамётны рухач, які выкарыстоўваецца на пасажырскім судне ў Беларусі ўпершыню. Такая сістэма значна змяншае асадку карабля і павышае яго манеўранасць, што крытычна важна для эксплуатацыі на неглыбокіх рэках.
Рухавік магутнасцю 220 конскіх сіл дазваляе «Пасейдону» развіваць хуткасць да 15 км/г.
Новы цеплаход «Пасейдон» на рацэ Сож у Гомелі. Фота: promsm.by
Палуба цеплахода. Фота: promsm.by
Цікавасць выклікае і сістэма электразабеспячэння. Яна пабудавана па гібрыднай схеме і складаецца з сонечных панэляў на даху, сучасных літый-жалеза-фасфатных акумулятараў і гібрыдных інвертараў. Гэтае рашэнне не толькі змяншае нагрузку на асноўны рухавік, але і робіць судна больш экалагічным.
Асаблівую ўвагу інжынеры надалі бяспецы. На цеплаходзе ўпершыню ўсталявалі аўтаматычныя электрычныя помпы: у выпадку аварыйнай сітуацыі яны адпампуюць ваду з трумаў без удзелу чалавека.
Пасажырскі салон цеплахода. Фота: promsm.by
Пасажырскі салон абсталяваны мяккімі сядзеннямі, тэлевізарам і аўдыясістэмай. У адпаведнасці з патрабаваннямі часу, для пасажыраў прадугледжаныя разеткі з магчымасцю зарадкі гаджэтаў праз раздымы USB і Type-C. Таксама на борце ўсталяваны вакуумны туалет.