БЕЛ Ł РУС

Навукоўцы: азонавы слой пачаў разбурацца яшчэ да эпохі фрэонаў

19.07.2026 / 12:41

Ідаля Салавей

Азонавы слой Зямлі пачаў адчуваць уплыў дзейнасці чалавека яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагоддзя — задоўга да таго, як асноўнай пагрозай для яго сталі фрэоны. Паводле новага даследавання, вырашальную ролю ў гэтым адыгрываў прамысловы растваральнік тэтрахлорметан.

Азонавая дзірка над Антарктыдай у 2000 годзе. Фота: Wikimedia Commons

Доўгі час асноўнай прычынай разбурэння азонавага слоя лічылі фрэоны, а маштаб праблемы стаў вядомы пасля адкрыцця азонавай дзіркі над Антарктыдай у 1980‑х гадах. Аднак новае даследаванне, пра якое паведамляе Tagesspiegel, паказвае, што антрапагеннае разбурэнне азонавага слоя пачалося значна раней.

Паводле аўтараў працы з Масачусецкага тэхналагічнага інстытута (MIT), калі б у сярэдзіне 1950‑х гадоў існавалі сучасныя сродкі назірання, першыя прыкметы страты азону можна было б выявіць ужо ў 1957 годзе.

Даследчыкі высветлілі, што галоўнай прычынай ранняга разбурэння азонавага слоя быў не фрэон, а тэтрахлорметан (CCl₄). Гэтае рэчыва выкарыстоўвалі ў ЗША як прамысловы растваральнік з 1914 года, а да 1930‑х гадоў яно ўжо атрымала шырокае распаўсюджанне. Як і фрэоны, тэтрахлорметан вылучае хлор, які разбурае малекулы азону.

Паводле даследавання, у перыяд з 1920 да 1960 года тэтрахлорметан быў галоўнай крыніцай выкліканага чалавекам разбурэння азонавага слоя. Аднак яго маштабы былі недастатковымі, каб выклікаць прыкметныя наступствы для здароўя людзей.

Пасля ў атмасферы пачала імкліва расці канцэнтрацыя хларафторвугляродаў (ХФВ, або фрэонаў), і неўзабаве менавіта яны сталі галоўнай прычынай разбурэння азонавага слоя.

Да сваіх высноў даследчыкі прыйшлі, аб'яднаўшы мадэляванне рэакцыі азонавага слоя на прыродныя з'явы, у тым ліку вывяржэнні вулканаў, з аналізам дадзеных, атрыманых з ледавых кернаў, якія захоўваюць сляды хімічных рэчываў, што прысутнічалі ў атмасферы ў мінулыя дзесяцігоддзі.

Мадэляванне таксама паказала, што пры наяўнасці адпаведных вымярэнняў першыя прыкметы разбурэння азонавага слоя ў 1957 годзе найхутчэй былі б заўважаныя над тропікамі, дзе натуральныя ваганні колькасці азону невялікія. У высокіх шыротах страты былі большымі, аднак выявіць іх было цяжэй праз значныя натуральныя ваганні ўзроўню азону. Пры гэтым для такой ацэнкі назіранні павінны былі б пачацца яшчэ ў 1950 годзе, каб мець дастатковыя даныя для параўнання.

У 1974 годзе хімікі ўпершыню эксперыментальна пацвердзілі, што фрэоны разбураюць азон. У 1980‑х спадарожнікавыя назіранні паказалі значнае змяншэнне азонавага слоя над Антарктыдай, пасля чаго ў 1987 годзе быў падпісаны Манрэальскі пратакол. Ён істотна абмежаваў вытворчасць азонаразбуральных рэчываў, у тым ліку фрэонаў і тэтрахлорметану.

Паводле Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі, дзякуючы гэтым мерам азонавы слой цяпер паступова аднаўляецца і можа вярнуцца да стану сярэдзіны ХХ стагоддзя ўжо да сярэдзіны XXI стагоддзя. Гэта павінна істотна знізіць рызыку захворванняў, звязаных з уздзеяннем ультрафіялетавага выпраменьвання, а таксама паменшыць шкоду для экасістэм.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула