Чаму Міністэрства культуры забараніла «Беларускім песнярам» выкарыстоўваць назву
Ужо некалькі гадоў тыя выступаюць як «Беларускія легенды».
Ансамбль «Беларускія легенды». Фота тут і далей: інстаграм гурта
Вакальна-інструментальны ансамбль «Песняры» стварыў Уладзімір Мулявін у 1968 годзе. Праз 30 гадоў, у 1998, здарыўся раскол. Тады Мінкультуры прызначыла дырэктарам ансамбля Уладзіслава Місевіча. Пры гэтым функцыі мастацкага кіраўніка калектыву фармальна заставаліся за Мулявіным.
Па афіцыйнай версіі Мулявіна адхілілі праз праблемы са здароўем. Місевіч жа сцвярджаў, што той злоўжывае алкаголем.
Але неўзабаве Мулявіна вярнулі на дырэктарскую пасаду. Не абышлося без умяшання Лукашэнкі.
Пасля гэтага амаль увесь калектыў напісаў заяву на звальненне. Так і атрымалася, што пачалі адначасова працаваць два ансамблі пад падобнымі назвамі: мулявінскія «Песняры» ды пад кіраўніцтвам Місевіча.
Яшчэ ў 2020 гурт выступаў як «Беларускія песняры»
Апошнім, дарэчы, дазволілі карыстацца назвай Міністэрства юстыцыі і Камітэт па аўтарскіх і сумежных правоў. «Беларускія песняры» больш працавалі ў Расіі.
У 2003 годзе Уладзімір Мулявін памёр. Яго ансамбль фактычна перайшоў пад крыло Мінкультуры. Правы на таварны знак «Песняры» (у тым ліку і на тэрыторыі Расіі), таксама дасталіся Міністэрству культуры.
У 2004 годзе ТАА «Беларускія песняры» зарэгістравала гандлёвы знак «Гурт «Беларускія песняры» ў Распатэнце. У тым жа годзе гурт даў вялікі канцэрт у Крамлі, які прымеркавалі да дзвюх юбілейных дат — 35‑годдзя «Песняроў» і пяцігоддзя новай назвы.
А ў 2024 годзе Міністэрства культуры Беларусі праз суд дамаглося, каб «Беларускім песнярам» забаранілі выкарыстоўваць гэту назву.
Афіцыйна падстава была: у 2016 годзе было ліквідавана ТАА «Беларускія песняры». Сам гурт правы на таварны знак не аформіў. У сувязі з гэтым у 2020 годзе была спынена прававая ахова таварнага знака, чым і скарысталася Міністэрства культуры.
Але ж нельга не згадаць і тое, чаму беларускія ўлады моцна пакрыўдзіліся на «Беларускіх песняроў».
У 2021 годзе ў калектыве адбыўся раскол — сышоў заслужаны артыст Беларусі Уладзіслаў Місевіч. Прыхільнікі «Беларускіх песняроў» спачатку вырашылі, што той дыстанцыяваўся праз каранавірус — усё ж не малады хлопец, трэба сябе берагчы.
Праўда ж была зусім іншай.
Артыст Алег Аверын агучыў «Камсамольскай праўдзе» сваё бачанне сітуацыі. Маўляў, Місевіч хацеў шчыльней супрацоўнічаць з уладамі: «Размовы з ім аб тым, як жыць калектыву, пачаліся ў разгар пандэміі. Місевіч казаў, што ў нашым узросце ўжо трэба ўтвараць нейкія шчыльныя сувязі з дзяржавай. А я ўгаворваў яго не хвалявацца праз адсутнасць канцэртаў. Наш глядач нікуды не дзенецца, ён заўсёды будзе з намі, нам дастаткова будзе павесіць афішу. Нічога мяняць нам зараз не трэба, трэба пачакаць. Але ён не згаджаўся. Нашы спрэчкі працягваліся больш за год, і ніхто не чакаў, што яны скончацца яго сыходам».
Сам жа Місевіч прызнаўся журналістам, што галоўная праблема — у разыходжанні палітычных поглядаў пасля выбараў у Беларусі ў 2020 годзе: «Так, музыкі залежаць ад усёй гэтай палітычнай завірухі. Я прасіў не лезці пад кулі. Жыць трэба зараз — і мне, і калектыву. Але за маёй спінай яны (гаворка ідзе пра Аверына, Пеню і Дайнеку) падпісалі ліст і ўвайшлі ў гісторыю пратэстаў».
Маецца на ўвазе адкрыты ліст кастрычніка 2020 года з патрабаваннямі перагледзець вынікі прэзідэнцкіх выбараў і не ціснуць на дзеячаў культуры, не згодных з палітыкай беларускіх уладаў. Яго падпісалі каля 800 дзеячаў культуры — у тым ліку, і артысты з «Беларускіх песняроў».
Місевіч такім учынкам калег быў незадаволены: «Я прасіў хлопцаў перачакаць гэты момант, наша публіка ўсюды, наша задача — задаволіць усіх сваімі паводзінамі і прыкладам. Я спрабаваў растлумачыць калектыву, дзякуючы каму яны існуюць. Нам жа ў свой час не дазвалялі выкарыстоўваць імя «Беларускія песняры», нас і ў Маскве нікуды не пускалі, пакуль я не прад'яўляў даведку, што Міністэрства культуры Беларусі прызнае нас законным ансамблем. Я ніколі не казаў у калектыве, каму мы павінны быць за гэта ўдзячныя. Але не было б той паперкі — нічога і не было б.
Нагадаю і такі момант. Папярэдняе кіраўніцтва дзяржансамбля «Песняры» падало пазоў у расійскі арбітражны суд, каб пазбавіць «Беларускіх песняроў» расійскага патэнта. У Маскве занялі такую пазіцыю: спачатку вырашыце пытанне ў сябе, у Беларусі — як ваша Міністэрства культуры вырашыць, такую пазіцыю зоймем і мы. І толькі дзякуючы супрацоўнікам таго самага Мінкультуры і Адміністрацыі прэзідэнта, якія ўзялі на сябе адказнасць, мы тады змаглі працаваць далей, а той пазоў рассыпаўся. Я гэта да таго, што як нармальны вайсковы мужык я заўсёды памятаю дабро, хоць гэта зараз і не папулярна».
Імаверна, Міністэрства культуры Беларусі так і не змагло дараваць ансамблю подпісы ў адкрытым лісце. Цяпер калектыў выступае пад назвай «Беларускія легенды».
Чытайце таксама:
Беларуска шукала песню на беларускай мове для першага танца на вяселлі. Перамог хіт, якому 40 гадоў
У Мінску адкрыюць «музычную лаўку» памяці Уладзіміра Мулявіна
Каля Белавежскай пушчы ствараюць музычную трасу з песняй «Песняроў»