У горадзе Вішнёвым пад Кіевам зафіксавалі найбуйнейшыя разбурэнні жылога сектара за час вайны
Прэм'ер-міністарка Украіны Юлія Свiрыдзенка заявіла, што ўкраінскі горад Вішнёвае ў Кіеўскай вобласці пацярпеў ад самых маштабных разбурэнняў жылой забудовы за ўвесь час поўнамаштабнага расійскага ўварвання, піша «Украінская праўда».
Фота: ДСНС Кіеўскай вобласці
Паводле слоў украінскай прэм'еркі, у выніку расійскай атакі і наступнай паўторнай дэтанацыі пашкоджана каля 13 гектараў жылой забудовы.
Урад Украіны выдзеліць сродкі з рэзервовага фонду для дапамогі мясцовай супольнасці, у тым ліку на аднаўленне пашкоджанага жылля.
З ночы ў Вішнёвым працуюць штабы дапамогі, дзе жыхары могуць атрымаць неабходныя кансультацыі і аформіць кампенсацыю. Да ліквідацыі наступстваў прыцягнутыя каля 500 ратавальнікаў і больш за 400 супрацоўнікаў паліцыі.
Раней паведамлялася, што ў выніку атакі ў ноч на 6 ліпеня ў Вішнёвым загінулі тры чалавекі, амаль 500 жыхароў былі эвакуяваныя праз пагрозу паўторнай дэтанацыі. Паводле апошніх даных, у Кіеўскай вобласці пацярпелі 26 чалавек.
У ноч на 6 ліпеня Расія нанесла масаваны камбінаваны ўдар па тэрыторыі Украіны з выкарыстаннем беспілотнікаў і ракет розных тыпаў. Паводле ўкраінскага боку, сілы супрацьпаветранай абароны знішчылі 363 з 419 паветраных цэляў, аднак былі зафіксаваныя і траплянні.
Чытайце таксама:
Украінскай СПА не ўдалося збіць ніводнай балістычнай ракеты: патрэбныя ракеты для Patriot
У выніку начнога ўдару па Кіеве загінулі 9 чалавек, 46 параненыя
Увесь Крым застаўся без святла
Украіна нанесла ўдар па найбольшым у Расіі Омскім НПЗ, за 2500 км ад фронту