БЕЛ Ł РУС

Пад Кіевам знайшлі цела жанчыны, якую расшуквалі за замах у Манака на ўкраінскага крымінальнага бізнэсмена

7.07.2026 / 10:47

Nashaniva.com

Яе застрэлілі, а цела закапалі.

Паводле звестак суразмоўцаў «Украінскай праўды», цела жанчыны знайшлі каля 23:00 6 ліпеня. Паводле інфармацыі крыніц, яе застрэлілі.

Таксама паведамілі, што жанчына знаходзілася за межамі Украіны з 22 сакавіка 2025 года па 1 ліпеня 2026 года.

Іншая крыніца УП у праваахоўных органах паведаміла, што па справе ўжо затрыманы два падазраваныя.

Адзін з іх з’яўляецца дзейным афіцэрам Галоўнага ўпраўлення разведкі, другі — былым супрацоўнікам праваахоўных органаў.

Як паведамлялася раней, падазраваная — 39‑гадовая Анастасія Беразоўская. Яна жыла ў нямецкім Франкфурце. На правай руцэ ў яе тату змяі.

Яна маскіравалася, каб выглядаць як мужчына.

29 чэрвеня каля 21:00 у выніку выбуху ў Манака пацярпелі тры чалавекі, двое з якіх атрымалі вельмі цяжкія раненні. Паводле звестак СМІ, гаворка ідзе пра буйнога ўкраінскага бізнэсмена Ермалаева і яго блізкіх.

Вадзім Ермалаеў — бізнэсмен з Дняпра, заснавальнік гандлёва-вытворчай карпарацыі «Алеф» і адзін з найбуйнейшых забудоўшчыкаў горада. Раней ён рэгулярна ўваходзіў у спіс 100 самых багатых людзей Украіны па версіі Forbes. У 2019 годзе ён адмовіўся ад украінскага грамадзянства на карысць кіпрскага пашпарта.

У 2023 годзе Рада нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны ўвяла супраць яго санкцыі тэрмінам на 10 гадоў. Па словах украінскіх уладаў, гэтыя меры былі звязаныя, у прыватнасці, з абвінавачаннямі ў тым, што частка яго бізнэсу працягвала дзейнасць у анексаваным Крыме пасля 2014 года.

Сам Ермалаеў публічна адмаўляў гэтыя абвінавачанні.

Старэйшы сын Ермалаева, Артур, стварыў сетку махлярскіх кол-цэнтраў, якія падманвалі жыхароў ЕС.

Чытайце таксама:

Падазраваная ў замаху на ўкраінскага буйнога бізнэсмена ў Манака — украінка

У Манака адбыўся моцны выбух з пацярпелымі. Паведамляюць пра замах на ўкраінскага буйнога бізнэсмена

Каментары да артыкула