БЕЛ Ł РУС

«Можа, дзе і пабачымся»: саліст гурта «Тяні-Толкай» пайшоў працаваць у таксі

7.07.2026 / 15:25

Арына Жураўская

Колькасць спевакоў за стырном таксі ў Мінску імкліва павялічваецца. Цяпер там можна пабачыць не толькі Аляксея Хлястова і яго брата Андрэя, але і Паўла Клышэўскага, саліста гурта «Тяні-Толкай».

Павел Клышэўскі. Фота з яго інстаграма

Павел Клышэўскі падзяліўся ў інстаграме зменамі ў сваім жыцці: сёння ў яго першы працоўны дзень у таксі. Два месяцы таму ён прызнаўся ў сацсетках, што разглядае магчымасць пайсці таксаваць на арэнднай машыне і прасіў падзяліцца досведам — ці рэальна зарабляць, калі працуеш не на ўласным аўтамабілі.

Каментатары тады падтрымалі Паўла — шмат хто напісаў цёплыя словы спеваку. Нехта нават падзяліўся асабістай гісторыяй: «Гурт маёй маладосці. Я на ваш канцэрт у Брэсце дзяўчыну вадзіў. Прыйшлося ажаніцца. Да гэтага часу на званку стаіць «А дома піражкі»».

І вось нарэшце Клышэўскі дарабіў усе неабходныя дакументы і ўпершыню выйшаў на лінію: «Крыху хвалююся, канешне, але паспрабую. Можа, дзе і пабачымся. Буду трымаць у курсе».

Нагадаем: гурт «Тяні-Талкай» трапіў у чорныя спісы і цяпер не можа зарабляць на сваёй музыцы. Нягледзячы на гэта, артысты працягвалі збірацца ў сваёй студыі і ладзілі стрымы для падпісчыкаў.

Але і гэтай магчымасці іх сёлета пазбавілі. Напрыканцы сакавіка ЖРЭА, у якога гурт ажно 14 гадоў арандаваў памяшканне, раптоўна паведаміла, што не будзе працягваць арэнду. Ніякіх уцямных прычын агучана не было.

Раней Клышэўскі спрабаваў зарабіць у сферы грамадскага харчавання. У 2023 годзе ён адкрыў бар, які назваў у гонар гурта — «Тяні-Толкай». Але папрацаваць спакойна паспеў толькі чатыры дні — потым улады закрылі бар. Спачатку сілавікі намякалі на тое, быццам бар замовіў рэкламу ў «экстрэмістаў». Потым улады апублікавалі афіцыйную версію — абвінавацілі месца ў антысанітарыі.

Пасля «Тяні-Толкай» усё ж аднавіў працу — мяркуючы па інстаграме, бар існаваў да верасня 2025 года. Летась артыст прадаў яго. А ў таксі Клышэўскі вырашыў пайсці, бо «жыць неяк трэба». Ён пісаў у каментарах, што чуў: у таксі можна зарабляць 2,5 тысячы рублёў штомесяц.

Каментатары падтрымліваюць спевака. Маўляў, гэта цікавы досвед — і можна знайсці шмат сюжэтаў для новых песень.

Чытайце таксама:

«Жыць неяк трэба». Яшчэ адзін вядомы беларускі спявак збіраецца працаваць таксістам

Аляксей Хлястоў звярнуўся да падпісчыкаў — упершыню пасля Акрэсціна

Спявак Дзядзя Ваня шукае працу. Ён адбывае хатнюю хімію

Каментары да артыкула