НАТА заменіць амерыканскія самалёты AWACS на шведскія Saab GlobalEye
НАТА заменіць амерыканскія самалёты далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання Boeing E-3A Sentry (AWACS) на сучасныя шведскія Saab GlobalEye. Пра сумесную закупку да дзесяці новых самалётаў абвясціў генеральны сакратар альянсу Марк Рутэ падчас адкрыцця саміту НАТА ў Анкары, паведамляе турэцкае агенцтва Anadolu.
Самалёты Saab GlobalEye. Фота: saab.com
Паводле слоў кіраўніка альянсу, новыя самалёты ўзмоцняць магчымасці альянсу ў галіне паветранага назірання, выяўлення пагроз і кіравання войскамі.
Saab GlobalEye — гэта самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання, створаны шведскай кампаніяй Saab на базе бізнэс-джэта Bombardier Global 6000/6500. Ён абсталяваны шматфункцыянальнай радыёлакацыйнай станцыяй Erieye ER з актыўнай фазаванай антэннай рашоткай і прызначаны для выяўлення паветраных, марскіх і наземных цэляў, каардынацыі дзеянняў авіяцыі і перадачы інфармацыі іншым падраздзяленням у рэжыме рэальнага часу. Арыенціровачны кошт аднаго самалёта складае каля 300 мільёнаў даляраў.
Замена AWACS стала адной з галоўных ініцыятыў, прадстаўленых на форуме абароннай прамысловасці НАТА. Акрамя гэтага, альянс абвясціў пра сумесную закупку амерыканскіх беспілотнікаў MQ-4C Triton для марской разведкі, пашырэнне парку еўрапейскіх самалётаў-запраўшчыкаў Airbus A330 MRTT, а таксама запуск касмічнай ініцыятывы HALO, якая аб'яднае вайсковыя спадарожнікі краін НАТА ў адзіную сетку.
Таксама Марк Рутэ прадставіў праграму Drone Edge, у межах якой краіны альянсу плануюць інвеставаць больш за 40 мільярдаў даляраў у сродкі барацьбы з беспілотнікамі цягам наступных пяці гадоў. Да канца 2027 года НАТА разлічвае ў пяць разоў павялічыць колькасць аператараў дронаў і стварыць адзіную сістэму супрацьдзеяння беспілотным лятальным апаратам.
Акрамя таго, альянс запускае ініцыятыву NATO Engine, якая прадугледжвае стварэнне сеткі абаронных прадпрыемстваў ва ўсіх 32 краінах — членах НАТА для павелічэння вытворчасці ўзбраенняў. Па словах Рутэ, ніводная дзяржава не здольная самастойна задаволіць усё большы попыт на абаронную прадукцыю.
Чытайце таксама:
Трамп прадставіў свой новы раскошны «Борт нумар адзін» — ён можа каштаваць мільярд даляраў
Камандуючы войскамі ЗША ў Еўропе заявіў, што Пуцін не шукае вайны з НАТА
ЗША вядуць перамовы аб пашырэнні размяшчэння ядзернай зброі ў Еўропе
Самалёту кіраўніка Мінабароны Вялікабрытаніі заглушылі GPS-сігнал каля Расіі