У Аршанскім раёне мужчына лавіў у Дняпры рыбу і трапіў пад крыміналку
У Аршанскім раёне завялі крымінальную справу ў дачыненні да 63‑гадовага мясцовага жыхара, якога падазраюць у незаконным вылаве рыбы, занесенай у Чырвоную кнігу Беларусі.
Фота: Следчы камітэт
Паводле інфармацыі Следчага камітэта, 5 чэрвеня мужчына рыбачыў на беразе Дняпра дзвюма вудамі ў перыяд, калі ў Віцебскай вобласці дзейнічала забарона на лоўлю рыбы. Падчас рэйду супрацоўнікі інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету знайшлі ў траве мяшок з ягоным уловам і выклікалі следча-аператыўную групу.
У мужчыны канфіскавалі дзве вуды і злоўленую рыбу. Паводле вынікаў іхтыялагічнай экспертызы, гэта быў звычайны вусач — від, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Спецыялісты ацанілі шкоду, нанесеную навакольнаму асяроддзю, больш як у 6,4 тысячы рублёў.
У дачыненні да мужчыны завялі крымінальную справу за незаконную здабычу рыбы. Расследаванне працягваецца.
Падчас сезоннай забароны лову дазваляецца толькі аматарская рыбалка адной вудай з адным кручком або адным спінінгам з адной штучнай прынадай і толькі ўдзень, з берага або штучнага збудавання, без заходу ў ваду. Лоўля ж рыбы, занесенай у Чырвоную кнігу, увогуле забаронена, а пры выкарыстанні забароненых спосабаў або прылад шкода навакольнаму асяроддзю вылічваецца ў трайным памеры.
Чытайце таксама:
У Беларусі знікаюць уюны. Прычын адразу тры
У Прыпяці павялічваецца колькасць рыбы, раней занесенай у Чырвоную кнігу
У цэнтры Мінска ў Свіслачы злавілі чырвонакніжную стронгу. Няўжо яна ў ёй завялася?