БЕЛ Ł РУС

У Гродне пачынаюць маштабную рэканструкцыю набярэжнай Нёмана

8.07.2026 / 21:58

Nashaniva.com

У Гродне пачынаецца маштабная рэканструкцыя набярэжнай Нёмана са стварэннем новай рэкрэацыйнай зоны, паведаміла прэс-служба Гродзенскага аблвыканкама. 

Праект рэканструкцыі падзелены на тры этапы.

Першы этап ахопіць участак ад лесвіцы каля Барыса-Глебскай Каложскай царквы да месца ўпадзення ракі Гараднічанкі ў Нёман. Яго працягласць складзе 247 метраў.

На гэтым участку вуліцу зробяць пешаходнай, шырынёй 3,25 метра. Каля берага паставяць агароджу, а рух транспарту абмяжуюць — праезд будзе дазволены толькі спецыяльным службам.

Падчас упарадкавання з’явяцца дзве аглядныя пляцоўкі з лаўкамі, велапаркоўка каля лесвіцы на шэсць месцаў, а таксама інфармацыйныя стэнды пра гісторыю вуліцы Рыбацкай.

Пешаходную дарожку выкладуць буйнафарматнай бетоннай пліткай з асобнымі ўчасткамі з гранітнай брукаванкі.

У сувязі з пачаткам работ з 9 ліпеня да 30 лістапада 2026 года будзе часова закрыты рух транспарту і пешаходаў па вуліцы Правабярэжнай на ўчастку паміж лесвіцай каля Каложскай царквы і месцам упадзення Гараднічанкі ў Нёман.

За першым этапам рэканструкцыі плануюць правесці другі (ад ракі Гараднічанка да месца прымыкання да вуліцы Праванабярэжнай вуліцы Заводскай) і трэці (ад месца прымыкання да вуліцы Праванабярэжнай вуліцы Заводскай да вуліцы Маставой).

Абнавіць набярэжную павінны да 900‑годдзя заснавання Гродна, якое будзе адзначацца ў 2028 годзе.

Чытайце таксама:

«Пахавальныя вянкі». Улады Гродна спыталі гараджан пра аркі на галоўнай вуліцы. Больш за 1000 каментароў — і амаль усе супраць

Галоўную архітэктурную ўзнагароду Беларусі атрымаў праект знішчэння гістарычных казармаў у Гродне. Хто яшчэ адзначаны? ШМАТ ФОТА

Гродзенец купіў альбом з фатаграфіямі горада, якім споўнілася сто гадоў

Колішняму гродзенскаму піўзаводу выбралі назву і паказалі, як ён будзе выглядаць пасля рэканструкцыі

У Гродне збіраюцца завесці развадны мост, воднае таксі і месца для ёгі

Каментары да артыкула