БЕЛ Ł РУС

Кіраўнік МЗС Літвы: Палітыка ў дачыненні да Беларусі мяняцца не будзе, змены толькі ў фармулёўках

9.07.2026 / 17:39

Nashaniva.com

Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што, нягледзячы на змены ў фармулёўках новай урадавай праграмы, палітыка Вільні ў дачыненні да Беларусі застаецца нязменнай, піша LRT.

Кястуціс Будрыс. Фота: AP Photo / Mindaugas Kulbis

Па словах Кястуціса Будрыса, пакуль Мінск працягвае падтрымліваць палітыку, якая, на думку літоўскага боку, стварае пагрозы бяспецы Літвы, ягоная краіна будзе выступаць за захаванне жорсткага курсу і падаўжэнне санкцый.

«Інтарэс Літвы ў адносінах з Беларуссю палягае ў гарантаванні бяспекі. Беларусь з'яўляецца крыніцай гібрыдных пагроз і розных дзеянняў, накіраваных супраць Літвы. Пакуль Беларусь працягвае такую палітыку, Літва будзе прытрымлівацца жорсткага курсу, мы будзем дабівацца ўвядзення дадатковых санкцый […] Такая наша пазіцыя, і я не бачу тут ніякіх змен», — заявіў палітык 9 ліпеня ў эфіры Žinių radijas.

Перад тым увагу літоўскай апазіцыі прыцягнула тое, што ў новай праграме ўрада не згадваецца неабходнасць захавання міжнароднай ізаляцыі Беларусі. Замест гэтага гаворыцца толькі пра працяг ізаляцыі Расіі. Аднак у іншым раздзеле дакумента адзначаецца, што калі Беларусь і далей будзе падтрымліваць расійскую агрэсію супраць Украіны або ажыццяўляць гібрыдныя атакі супраць Еўрасаюза ці Украіны, Літва будзе ўзмацняць ціск і ізаляцыю.

Таксама ў новай праграме змянілася рыторыка адносна Беларускай атамнай электрастанцыі. Цяпер урад абяцае ўздымаць пытанні бяспекі БелАЭС на міжнародных пляцоўках, дамагацца выканання Беларуссю міжнародных абавязацельстваў і найвышэйшых стандартаў ядзернай і экалагічнай бяспекі.

Будрыс падкрэсліў, што ўрадавая праграма не з'яўляецца дакументам па ацэнцы пагроз або стратэгіяй нацыянальнай бяспекі, а толькі вызначае асноўныя палітычныя намеры ўрада.

Ён таксама запэўніў, што Літва і надалей будзе падтрымліваць санкцыі супраць Беларусі, пакуль афіцыйны Мінск не зменіць сваю палітыку. Акрамя таго, міністр адзначыў, што рашэнні аб санкцыях будуць прымацца зыходзячы з інтарэсаў нацыянальнай бяспекі Літвы.

«Калі будуць такія ўмовы — будзем прытрымлівацца такой пазіцыі, калі ўмовы зменяцца — будзем дзейнічаць інакш. Але кожны раз, калі паступіць прапанова Міністэрства замежных спраў аб неабходных кроках, будзе пазначана прычына: Літве неабходна тое, тое і тое, таму мы прапануем прытрымлівацца менавіта такой пазіцыі. А не таму, што гэта патрэбна камусьці іншаму ці таму, што хтосьці проста ўпарта хоча, каб санкцыі працягваліся», — сказаў Кястуціс Будрыс.

Чытайце таксама:

Міністр замежных спраў Літвы сустрэўся з прадстаўнікамі беларусаў і запэўніў іх у нязменнасці палітыкі

Міністр транспарту Літвы: Ціску з боку ЗША адносна транзіту беларускага калію няма

МЗС Літвы пацвердзіла, што краіна абмяркоўвае з ЗША пытанне беларускіх калійных угнаенняў

ЗША неафіцыйна папрасілі тры краіны зняць санкцыі з беларускага калію

Каментары да артыкула