БЕЛ Ł РУС

«Піва тут няма наогул». Беларускаму айцішніку ў Саудаўскай Аравіі крута — але ёсць цана

10.07.2026 / 21:47

Nashaniva.com

Менеджар Расціслаў працуе ў краіне, дзе летам з абодвух кранаў цячэ кіпень, алкаголь пад татальнай забаронай, «гуляць няма дзе», а супрацоўніц у нікабах (складаны галаўны ўбор, адкрыты толькі вочы) часам складана адрозніць адну ад адной, піша Devby.io.

Фота: Unsplash

Расціслаў Мяснікоў — рэсурсны і праектны менеджар у буйной ІТ-кампаніі з беларускімі каранямі. Пасля падзей 2020—2022 гадоў ён кіраваў вялікай размеркаванай камандай з Грузіі і Грэцыі. А ў 2024-м, калі эпоха аддаленых менеджараў падышла да канца, пагадзіўся на працу ў новым рэгіянальным офісе — і пераехаў у Саудаўскую Аравію. Жыве і працуе ў горадзе Эль-Хубар на беразе Персідскага заліва, кіруе AI-праектамі.

Пераезд. «Дзе? Саудаўская Аравія? Цудоўная краіна! Насамрэч нічога пра яе не ведаў»

— У 2024 годзе кампанія вырашыла адкрываць офіс у Саудаўскай Аравіі. Калі мне расказалі пра гэта і прапанавалі такі варыянт, я спытаў: «Дзе? Саудаўская Аравія? Цудоўная краіна!» Насамрэч я практычна нічога не ведаў пра Саудаўскую Аравію.

А яшчэ сярод калег чамусьці пайшла чутка, што я мусульманін, што ў мяне татарскія карані. У мяне сапраўды ёсць татарскія карані, мая мама татарка, але я нават блізка не мусульманін. Зрэшты, спрачацца з гэтым я не стаў. І пагадзіўся туды паехаць. Даволі доўга працягвалася падрыхтоўка, трэба было сабрацьдакументы і зрабіць апастыль, прайсці медагляд (ёсць такое патрабаванне ў саудытаў). Я ўсё гэта зрабіў, атрымаў візу, з ёй яшчэ тры месяцы чакаў ухвалення ад кампаніі.

І ў маі 2024 года прыехаў у Саудаўскую Аравію.

Да пераезду я ўжо працаваў з саудаўскім офісам каля года аддалена. Прыкладна ў тым жа рэчышчы — наймаў людзей, займаўся адаптацыяй і маральнай падтрымкай.

— Саудаўскі офіс працуе пераважна з экспатамі?

— Саудытаў у нас таксама хапае. Хаця і экспатаў дастаткова.

— Што з таго, пра што вы чыталі ці чулі пра гэту краіну да пераезду, аказалася праўдай?

— Ведаў я, бадай, толькі тое, што яна знаходзіцца на Аравійскім паўвостраве і што яе сталіца — Эр-Рыяд. Пазней я здзівіўся, што калі кажаш людзям, што ты ў Саудаўскай Аравіі, потым вельмі часта трэба тлумачыць: «Не, гэта не Дубай. Гэта наогул іншая краіна. Дубай — гэта Эміраты, а тут Саудаўская Аравія».

З чым я сапраўды знаёмы — гэта з ісламам, але не як рэлігійны чалавек, а хутчэй як чалавек адукаваны. Па маме мая сям'я — татары (я нават нарадзіўся ў горадзе Волжску, гэта Рэспубліка Марый Эл, побач з Татарстанам). Яны мусульмане, і мой дзядуля быў моцна пагружаны ў рэлігію. Дзякуючы дзядулю і маме я нешта ведаю пра іслам. Калі стаў старэйшым, мне самому стала цікава, шмат чытаў па гэтай тэме. І сэнс слоў накшталт «іншаала», «машала» [тое, што пажадаў Алах] я ведаю дастаткова даўно. Дзякуючы гэтаму ўдавалася нават здзіўляць мясцовых. Напрыклад, калі я ўжываў фразу «аль-Хамду лі-Ллях!» [хвала Алаху!], яны ўражваліся таму, наколькі дарэчы я яе выкарыстоўваў.

Напэўна, гэтым і абмяжоўваліся мае веды. Большую частку таго, што я даведаўся пра краіну, я адкрыў для сябе ўжо па прыездзе.

Краіна. «З аднаго крана гарачая вада, з другога вельмі гарачая. Піва немагчыма наогул»

— Пра смачную ежу — чыстая праўда. Зразумела, што ў іх свая спецыфіка, але ежы тут сапраўды вельмі шмат, і яна смачная. Гэтыя хлопцы абажаюць мяса. Пасля Грэцыі, чыя кухня для мяне была, хутчэй, пакутай, тут усё наадварот.

Фота: Unsplash

А яшчэ тут я перакаштаваў, напэўна, усе гатункі і віды безалкагольнага піва, якія толькі існуюць на свеце. Усё таму, што алкаголю тут няма наогул. Нідзе, ні ў якім выглядзе яго купіць немагчыма. Калі вы хочаце выпіць — трэба садзіцца ў машыну і ехаць у Бахрэйн. Або ляцець хаця б у Дубай ці ў Катар. Там ёсць — тут няма, проста наогул ніяк. Гэта для многіх становіцца велізарным адкрыццём.

Я заўважаў, што калі каму-небудзь з калег, якія разглядаюць магчымасць сюды пераехаць, пра гэта расказваеш, яны пачынаюць перапытваць: «Наогул няма піва?» — «Наогул». — «Ну добра, мне трэба падумаць, хачу я гэтага ці не».

— Вы пераехалі з сям'ёй?

— Адзін. Спачатку быў план, што я ўладкуюся, неяк тут асяду, разбяруся і потым перавязу сям'ю. Але ў выніку, асабліва з улікам апошніх падзей вакол Ірана (хоць да Саудаўскай Аравіі нічога не далятае), усё атрымалася інакш. Разумееце, мая сям'я — украінцы. У 2024 годзе, калі я з Грэцыі з'ехаў у Саудаўскую Аравію, яны на нейкі час нават вярнуліся ў Кіеў і пажылі там, сербанулі гора. І гэта такі досвед, які яны паўтараць не хацелі б. Таму я нават не настойваю.

У нас атрымліваецца такое вахтавае жыццё. Я тут працую дастаткова вялікія прамежкі часу, камунікую з сям'ёй у тэлеграме, а ў адпачынках мы бачымся. Дзеці, вядома, вельмі моцна тужаць і сумуюць, просяць, каб я вярнуўся (сям'я зараз у Еўропе). Спадзяюся, мы ўрэшце знойдзем нейкі больш гнуткі і мабільны варыянт, але пакуль — як ёсць.

— Як вам клімат?

— Тут паўгода гарачае лета, а паўгода — пекла. Каляндарнае лета, недзе з мая да верасня, а асабліва ліпень і жнівень тут — пекла страшнае. Вось зараз мы з вамі размаўляем, ужо вечар, сонца садзіцца — а тэрмометр паказвае +40°C. Днём, калі сонца паліць, лепш пад яго наогул не выходзіць. Або хаця б доўга не знаходзіцца на адкрытай прасторы, таму што схапіць цеплавы ўдар — як няма чаго рабіць.

Фота: Unsplash

— Пекла нават у параўнанні з Пелапанесам?

— Ой, ды ну, колькі там у Грэцыі, +36°C — гэта максімум. Апоўдні, вядома, лепш схавацца, але ў астатні час — цалкам нармальна.

— Ваду з-пад крана можна піць?

— Калі верыць таму, што мне расказвалі, вада тут у водаправодзе, як і ў Эміратах — дыстыляваная марская. Яна ачышчаная ад солі, даволі чыстая, але ўсё ж такі яе не рэкамендуюць піць. Таму я, натуральна, купляю бутэляваную ваду.

А яшчэ ў вады з-пад крана, якая тут цячэ летам, ёсць забаўная асаблівасць. З аднаго крана ліецца гарачая вада, а з другога — вельмі гарачая. Кіпень — і пякельны кіпень. Таму раніцай трэба вельмі хутка прымаць душ, пакуль не злілася вада з унутраных труб, якая ахаладзілася за ноч, і не пайшоў кіпень з гарачага рэзервуара на вуліцы. Сонца выгравае гэтыя здаравенныя бакі на дахах вельмі хутка.

Летам халоднай вады з крана проста няма. Людзі, у якіх дома ёсць бойлеры, выкарыстоўваюць іх наадварот: з вечара набіраюць у іх ваду, яна за ноч астывае ў кандыцыянаванай кватэры, і на дзень у вас ёсць 40—50 літраў умоўна прахалоднай вады.

— Якія яшчэ нюансы саудаўскага жыцця моцна кантрастуюць з еўрапейскім лайфстайлам?

— Горад Эль-Хубар, у якім я жыву, даволі праставаты. І адна з асаблівасцяў жыцця ў Саудаўскай Аравіі — тое, што многія звыклыя нам забавы, музыка, алкаголь тут харам, гэта значыць пад забаронай. Нашаму чалавеку можа быць жудасна нудна, абсалютна няма чаго рабіць. А калі прыходзіць лета, днём нават у выхадны дзень асабліва не выйдзеш на вуліцу, каб прагуляцца ў 50‑градусную спякоту.

І сутыкаешся з праблемай: а чым наогул заняцца? У мяне ёсць PlayStation — у тым ліку з яе дапамогай і ратуюся. Гэта насамрэч складаны момант, да якога цяжка адаптавацца. Не магу сказаць, што я канчаткова прывык.

Фота: Unsplash

Як ратавацца ад таго ж выгарання ў такіх умовах? Трэнажорная зала некалькі разоў на тыдзень, таму што там ёсць басейн, там ёсць людзі, можна пабалбатаць з трэнерам і іншымі хлопцамі ў закрытым кандыцыянаваным памяшканні. Іншы раз я хаджу туды хутчэй дзеля камунікацыі, чым для трэніровак.

Зрэшты, фітнэс робіцца базавай неабходнасцю менавіта з-за таго, што тут ты цэлы дзень знаходзішся наогул без руху. Альбо сядзіш у кватэры пад кандыцыянерам, альбо ў офісе пад кандыцыянерам, альбо ў машыне пад кандыцыянерам.

Кандыцыянер, дарэчы, у мяне дома працуе бесперапынна, але я наконт гэтага асабліва не перажываю. Асабліва пасля Грэцыі з яе касмічнымі рахункамі за электраэнергію. Тут электрычнасць каштуе капейкі.

— Гэта бяспечная краіна?

— Вельмі. Гэта не для прыгожага слоўца ці нейкай рэкламы: сапраўды, узровень бяспекі фенаменальны. Вы можаце забыць свой тэлефон, кашалёк, пачак грошай у грамадскім месцы, і дзе яны ляжалі, там і будуць ляжаць праз тыдзень, ніхто іх не кране. Або знойдуць і вам усё вернуць. Нядаўна я быў у адпачынку, і калі прыляцеў у Неапаль, зразумеў, што трэба нанова вучыцца сачыць за сваімі рэчамі.

А вось кіруюць мясцовыя, вядома, як вар'яты. За рулём паказваюць непрыстойныя жэсты праз шкло, лаюцца адзін на аднаго «бедуінамі» (тут гэта прыкладна як у Беларусі «калгаснікі»). Але ў астатнім гэта вельмі спакойныя, няспешныя людзі.

Эль-Хубар. Фота: Jay Openiano, Unsplash

Яны не любяць спяшацца, гэта праўда. У іх разуменні часу тое, што ў нас займае тыдзень-два — у іх гэта паўгода. А тое, што ў нас адымае паўгода, у іх расцягнецца на пару гадоў. Асабліва востра гэта адчуваецца ў бізнэсе.

Жанчыны. «Гэта сталы для супрацоўнікаў, гэта — для супрацоўніц»

— Ёсць шмат стэрэатыпаў пра тое, як у Саудаўскай Аравіі жывецца жанчынам. Што з гэтага міф, а што рэальнасць?

— Я ахвотна наймаю і працую з жанчынамі-саўдыткамі. Сёння ў нас у камандзе ёсць дызайнерка і распрацоўшчыца. Мясцовая HR у нас таксама дзяўчына. Яшчэ была адна дзяўчына-распрацоўшчыца, якая нядаўна пайшла ў іншую кампанію, саудаўскую. Усё гэта адбывалася абсалютна спакойна, без нейкага ціску: яна, як свабодны чалавек, захацела памяняць трэк, ёй прапанавалі менеджарскую пасаду і большы заробак — яна і пайшла. Ёсць яшчэ дзяўчына — бізнэс-аналітык, якая зараз заканчвае вучыцца і атрымлівае магістарскую ступень. Наогул саудаўская моладзь мяне вельмі радуе: яны ўніклівыя, цікавыя, разумныя, адукаваныя.

Адзінае, да чаго складана адразу прызвычаіцца — гэта нікаб. Такі складаны жаночы галаўны ўбор, які пакідае адкрытымі толькі вочы. І часам даводзіцца гадаць, хто менавіта перад табой, бо твару не відаць наогул.

— А гэты дрэс-код не тычыцца жанчын-экспатаў?

— Я б сказаў, што дрэс-код для экспатаў не адрозніваецца ад таго, які выкарыстоўваецца ва ўмоўнай Беларусі. Зразумела, што занадта адкрытыя ўборы тут не вітаюцца — але яны і ў беларускай бізнэс-прасторы недарэчныя. Звычайны дзелавы касцюм.

Ні ў каго не выклікаюць пытанняў адкрытыя валасы, ад дзяўчат не патрабуюць пакрываць галаву. Саўдыты да гэтага ставяцца даволі спакойна. Зрэшты, магчыма, самі дзяўчаты пракаментуюць гэта трохі інакш. Некаторыя з нашых калег, якія прыехалі, часам скардзяцца на тое, што ім аказваюць, скажам так, навязлівыя знакі ўвагі — звычайна гэта абмяжоўваецца нейкімі выкрыкамі з вокнаў машын.

Фота: Unsplash

Зрэшты, далёка не ўсе жанчыны-саўдыткі, нават калі яны замужам, адзяваюць поўны традыцыйны касцюм, які закрывае абсалютна ўсё. Многія адзяваюцца больш свабодна, лягчэй і прасцей. Часам можна сустрэць жанчын з адкрытымі рукамі, адкрытым тварам або адкрытай галёнкай. Хоць успрымаецца гэта прыкладна як аголеная шчыкалатка ў пурытанскай Англіі.

Яшчэ адзін важны фактар, які варта ўлічваць — гэта гістарычны падзел мужчын і жанчын, такая вось сегрэгацыя. Калі заходзіш у кавярню, бачыш, што дзяўчаты сядзяць асобна, мужчыны асобна.

Калі мужчына і жанчына ў адной кампаніі, гэта напэўна муж і жонка. Зайсці і сустрэць проста змешаную сяброўскую кампанію практычна немагчыма.

Яны з ранняга дзяцінства растуць асобна: хлопчыкі з хлопчыкамі, дзяўчаткі з дзяўчаткамі. І гэта настолькі ўкаранілася як культурная звычка, што яна застаецца з імі назаўжды. Нават тыя з іх, хто вучыўся ў ЗША ці ў Еўропе, вяртаючыся сюды, будуць праводзіць час у аднаполых кампаніях.

— А гэта неяк уплывае на арганізацыю воркплэйсаў у ІТ-кампаніях? Ёсць асобныя зоны для супрацоўнікаў і супрацоўніц?

— Так, першапачаткова наш офіс быў так арганізаваны: гэта сталы для супрацоўнікаў, гэта для супрацоўніц. Праўда, зараз ён даволі пусты, многія працуюць дыстанцыйна. Але калі ёсць вытворчая неабходнасць, усе працуюць разам. У прынцыпе ўсё ок, вялікай праблемы ў гэтым няма.

Галіна. «ІТ зараз у СА — супермодная, трэндавая прафесія»

— Як справы з мовай? Вучыце арабскую ці ўдаецца абыходзіцца англійскай?

— Арабскую я спрабаваў вучыць, але ніяк не знайду добрага выкладчыка. Альбо дорага (300 рыялаў [каля $80] за гадзіну заняткаў), альбо якасць так сабе. Многія саўдыты англійскай асабліва не ведаюць, але звычайна гэта ўмоўныя таксісты і людзі без вышэйшай адукацыі. У ІТ-асяроддзі ўсё інакш. Нават да 2018 года (да адкрыцця краіны свету) саўдыты ўсімі сіламі стараліся адпраўляць сваіх дзяцей вучыцца ў Еўропу, ЗША ці ў краіны таннейшыя — Малайзію, на Філіпіны. Там яны вучацца in English, таму ІТ-спецыялісты, як правіла, гавораць па-англійску выдатна.

— Што ў Саудаўскай Аравіі з інтэрнэтам і сувяззю?

— Telegram нармальна працуе. У WhatsApp нельга патэлефанаваць, але ён без праблем працуе як чат, і ім тут усе актыўна карыстаюцца.

У EPAM мы свабодна карыстаемся карпаратыўнымі інструментамі накшталт Microsoft Teams, усё працуе стабільна. VPN мне тут асабліва не патрэбны, таму што большасць сайтаў, дзе можна глядзець кіно ці серыялы, адкрытыя без абмежаванняў (у адрозненне ад некаторых еўрапейскіх краін). Хіба што ў працы часам VPN патрэбны, у мэтах бяспекі.

— Вы кіруеце сваімі праектамі з дапамогай Agile-метадалогіі і выбудоўваеце самаарганізаваныя інжынерныя каманды. Як гэтыя заходнія падыходы спалучаюцца з традыцыйнай саудаўскай дзелавой культурай? Яны не канфліктуюць паміж сабой?

— Я б сказаў, што наадварот. Нашым саўдытам падабаецца працаваць з намі, таму што яны адчуваюць якасную розніцу. Усё ж такі тут ІТ ніколі не было галіной, якая, як калісьці ў Беларусі, кіпела, віравала і развівалася. Для Саудаўскай Аравіі гэта, хутчэй, трэнд апошніх некалькіх гадоў. Будаўніцтва — так. Нафтаздабыўная галіна — так. А ІТ заўсёды было чымсьці чыста дапаможным. Зразумела, што інжынерная культура, якая ёсць у EPAM, моцна пераўзыходзіць тое, з чым сутыкаліся мясцовыя людзі да гэтага. А для нас Scrum і іншыя Agile-метадалогіі — гэта ўжо даўно стандарт. Мы нават не задумваемся пра гэта, гэта досвед, які пайшоў у мышцы.

Фота: Unsplash

— Наколькі наогул прэстыжныя сярод мясцовых ІТ-прафесіі? Хто ідзе вучыцца на такія спецыяльнасці?

— Ёсць такі стэрэатып, што ўсе саўдыты вельмі багатыя. Насамрэч для многіх з іх праца — гэта неабходнасць. Так, сярэдні даход у далярах у іх часта можа быць вышэйшы, чым у еўрапейцаў. Але працаваць трэба, бо іншых грошай, акрамя заробку, у іх у сям'і можа і не быць. Калі яны падрастаюць і вырашаюць запусціць нейкі бізнэс, яны могуць атрымаць каласальную падтрымку ад дзяржавы. Але сказаць, што кожны тут нараджаецца з чамаданам грошай… Гэта, вядома, не так.

ІТ зараз успрымаецца ў Саудаўскай Аравіі як супермодная, трэндавая прафесія. Гэта наўпрост звязана з праграмай Saudi Vision 2030, абвешчанай спадчынным прынцам Мухамедам ібн Салманам. І ледзь не краевугольны камень гэтай праграмы — ШІ-тэхналогіі і саудаўскі штучны інтэлект. Таму ў іх ёсць, напрыклад, кампанія Humain, якая займаецца стварэннем фізічных дата-цэнтраў і распрацоўкай праграм на аснове ШІ.

Ёсць кампаніі, якія робяць софт для «разумнага горада», адсочваюць трафік, коркі, таксі…

Ні ў каго няма сумневаў, што ІТ — гэта крута. Тут ёсць інжынеры, якія выйшлі з вельмі багатых, прасунутых сем'яў. Ведаю распрацоўшчыка, у якога стрыечныя браты і дзядзькі займаюць пасады на ўзроўні міністраў і намеснікаў міністраў.

Культура. «У Рамадан усіх працадаўцаў абавязваюць абмяжоўваць працоўны дзень шасцю гадзінамі»

— Наколькі нормы паводзін людзей у Саудаўскай Аравіі адрозніваюцца ад тых, да якіх звыклі мы? І ці цяжка вам было да гэтага прызвычаіцца?

— Дзівіць, вядома, іх стаўленне да будучыні. Ёсць такое распаўсюджанае меркаванне: калі вам у арабскім свеце сказалі «іншаала» [калі на тое будзе воля Алаха] — то ўсё, забудзь, нічога не зробяць. Насамрэч гэта не так. Калі ты, напрыклад, кажаш: «Ну ўсё, пакуль, убачымся заўтра а 9‑й у офісе», табе зразумела, што так і будзе. А саўдыт адкажа: «Іншаала». Гэта настолькі шчыльна ўключана ў іх быт, што пра ўсё, што тычыцца будучыні, яны абавязаныя так сказаць. Спачатку гэта, вядома, торгае: навошта кожны раз пра гэта казаць? Але вось настолькі шчыльна яно ўплецена ў іх жыццё.

Або, напрыклад, садзіцца саўдыт у машыну і перад тым, як яе завесці, прамаўляе: «Бісмілях!» [у імя Алаха!]. І толькі потым паварочвае ключ. Калі ты першы раз гэта бачыш, думаеш: што адбылося? Чаму для іх гэта важна? А важна таму, што яны сапраўды да сваёй рэлігіі, да ісламу, ставяцца з вялікай пашанай.

Фота: Unsplash

Асабліва добра гэта відаць у месяц Рамадан. Па сутнасці, гэта той жа пост, што і ў іншых рэлігіях. Але калі ў нас мала хто строга посціцца, для іх гэта цэлы месяц сур'ёзных выпрабаванняў. У гэты час увесь дзень, пакуль свеціць сонца, ім нельга нічога есці і піць. Гэта прыкладна 12 гадзін, пасля якіх ужо можна сесці і паесці. У Саудаўскай Аравіі гэта не проста традыцыя, гэта замацавана на заканадаўчым узроўні. Нас гэта тычыцца ў тым сэнсе, што ў Рамадан усіх працадаўцаў абавязваюць абмяжоўваць працоўны дзень шасцю гадзінамі. Таму што цяжка цэлы дзень не есці, не піць і працаваць.

— А прыезджым трэба выконваць гэтыя нормы?

— У гэтых адносінах мясцовыя дзеляцца на дзве групы. Адныя кажуць: «Мне цяжкавата глядзець, калі ты ясі і п'еш ваду. Таму, калі ласка, альбо рабі гэта там, дзе я не бачу, альбо не еж і не пі наогул». А ёсць больш прасунутыя, якія разважаюць так: «Слухай, гэта мой выбар — пасціцца. І я не маю ніякага права патрабаваць ад іншага чалавека рабіць тое, што не з'яўляецца яго рэлігійным абавязкам».

Таму што наогул наязджаць на іншага чалавека і патрабаваць ад яго тое, што ён рабіць не павінен — гэта харам. А ў Рамадан — гэта проста дзесяціразовы харам.

Фота: Unsplash

Сустракаюцца людзі, якія могуць зрабіць заўвагу, але гэта рэдкасць. З іншага боку, мы самі стараемся ставіцца да гэтага з павагай. Ведаючы, што чалавек цэлы дзень не есць і не п'е ваду (мне здаецца, у такім клімаце гэта нават цяжэй, чым не есці), ты проста стараешся яго не правакаваць.

Настальгія. «Пасля ўсіх блуканняў магу сказаць шчыра: камфортней за ўсё мне было ў Беларусі»

— Вы ўжо два дзесяцігоддзі ў ІТ. І за гэты час паспелі папрацаваць у Беларусі, Тайландзе, Грэцыі, Саудаўскай Аравіі. Дзе вы адчувалі сябе максімальна на сваім месцы?

— Пасля ўсіх блуканняў магу сказаць шчыра: камфортней за ўсё мне было ў Беларусі. Камфортней, чым там, мне не было ніколі.

— Як выглядае ваша легалізацыя ў Саудаўскай Аравіі?

— У мяне зараз часовы дазвол на жыхарства, які непасрэдна звязаны з працоўным кантрактам, ён называецца ікама. Ёсць яшчэ так званая прэміяльная ікама — статус, які дазваляе жыць і працаваць у краіне без прывязкі да канкрэтнага працадаўцы. Але для яе атрымання трэба быць каштоўным спецыялістам і пражыць у Саудаўскай Аравіі пяць гадоў.

З асабістага архіва

Стаць падданым саудаўскага караля таксама тэарэтычна можна — калі вы Крышціяну Раналду, доктар навук, звязаны з нейкімі запатрабаванымі тэхналогіямі, ці ўнікальны, вельмі каштоўны спецыяліст. Гэта адзінкавыя выпадкі на ўсю краіну. У мяне ёсць знаёмыя іарданцы, якія літаральна выраслі тут і пражылі ўсё жыццё. І пры гэтым яны, як і я, жывуць са звычайнымі ікамамі, а шанцаў атрымаць паўнавартаснае грамадзянства няма нават у іх дзяцей. Не дай бог што — і ўсё, збірай чамаданы і з'язджай у Іарданію.

— Не плануеце вярнуцца?

— Праблема вельмі простая: для мяне там зараз проста няма працы майго профілю. Калі я вярнуся, перада мной адразу паўстане пытанне: чым зарабляць на жыццё?

Мая цяперашняя праца патрабуе так званай ансайт-прысутнасці. Ёсць людзі, якія мараць: «Хачу працаваць на Саудаўскую Аравію, але аддалена». Тыя ж распрацоўшчыкі так могуць. А менеджарам, асабліва праектным менеджарам, якія камунікуюць наўпрост з заказчыкамі, даводзіцца быць тут фізічна, каб бачыць кліента жыўцом.

Гэта ключавая асаблівасць працы не толькі з саўдытамі, але і агулам з арабскім светам. Яны лепш успрымаюць чалавека, калі бачаць яго асабіста, ціснуць яму руку, п'юць з ім каву, размаўляюць ужывую.

Чытайце таксама:

«За год можна зарабіць на кватэру ў Мінску». Беларуска расказала, як паехала працаваць у горад будучыні

«30 тысяч ужо аддаў за арэнду». Праграміст усё палічыў і ўзяў іпатэку ў Вільні

«З беларусамі ў аргенцінцаў шмат супольнага». Беларус расказаў, як яму жывецца ў далёкай Аргенціне

«Палова заробку — дзяржаве і высокія цэны ў крамах». Чаму айцішнікам добра і дрэнна ў Венгрыі

Каментары да артыкула