Свет1717

«За год можна зарабіць на кватэру ў Мінску». Беларуска расказала, як паехала працаваць у горад будучыні

Кацярына не планавала пераязджаць на Блізкі Усход, нават у падарожжы там ні разу не была. Але раптам у Tinder замест запрашэння на чарговае спатканне атрымала прапанову працы. Так яна нечакана для самой сябе апынулася ў Саудаўскай Аравіі, у горадзе будучыні пасярод пустыні, піша «Анлайнер».

«У дзяцінстве я жыла ў закрытым гарадку ў Нігерыi»

Знаёмства з гісторыяй Кацярыны пачалі крыху здалёк. У 2021 годзе яна толькі вярнулася ў амерыканскую IT-кампанію з дэкрэту — працавала там HR, збірала каманду. Мяняць нічога не збіралася: добрая праца і камфортнае жыццё ў Беларусі яе цалкам задавальнялі. Але ўмяшаліся асабістыя абставіны: Каця з мужам вырашылі развесціся. З цягам часу дзяўчына стала гатовая «выйсці на свет віртуальных знаёмстваў».

«Літаральна на першым спатканні я атрымала джоб-офер. Ведаюце, гэтыя стандартныя размовы, хто чым займаецца. Я расказваю, што працую HR, і мне тут жа паступае прапанова кагосьці заханціць. На другім спатканні тое самае. Там у мужчыны быў запыт на павышэнне заработнай платы. Я яго пракачала, дала парады, і праз час ад яго прыходзіць паведамленне: «Прыяцель, прышлі сваё рэзюмэ». Тут у мяне ў памяці ўсплыла інфармацыя, што ён працуе ў Саудаўскай Аравіі на вялікім праекце. Я падумала: чаму б і не? Мой досвед быў рэлевантным, мне прызначылі сумоўе — і адразу пасля яго былі гатовыя адарваць з рукамі і нагамі».

На той момант ні пра які пераезд гаворкі не ішло, новая справа стала для Каці цікавай падпрацоўкай. Але літаральна ў адзін дзень яна страціла асноўную працу — і прыняць запрашэнне паехаць у Саудаўскую Аравію здалося цалкам лагічным рашэннем.

«Да гэтага я ніколі не была ў той частцы свету, нават у Дубай не ездзіла. Але ў дзяцінстве разам з бацькамі я жыла ў Нігерыi. Мой тата — энергетык, мы сям'ёй паехалі за ім, і прыкладна ў такім узросце, як мае дзеці, я жыла ў закрытым гарадку».

Цяпер нарэшце можна даведацца, куды амаль за 6 тысяч кіламетраў адправілася Каця ўжо ў асэнсаваным узросце. Яна паехала працаваць на амбіцыйным праекце «Неом». Гэта футурыстычны мегапраект, які ў 2017 годзе пачалі ствараць на беразе Чырвонага мора ў Саудаўскай Аравіі. Яго мэтай было даказаць, што краіна жыве не толькі нафтай. На праект заклалі бюджэт прыкладна $500 мільярдаў.

Найбольш вядомай часткай «Неому» павінен быў стаць горад «Лінія»: два велізарныя хмарачосы даўжынёй 170 кіламетраў і вышынёй 500 метраў. Па праекце гэта горад, у якім не будзе ніводнай машыны, — найбольш экалагічны ў свеце.

Але гэта яшчэ не ўсё. Таксама збіраліся пабудаваць плывучы прамысловы горад, гарналыжны курорт з магчымасцю катацца круглы год пасярэдзіне пустыні і элітны астраўны курорт класа люкс. У гэтым годзе праект значна змянілі ў бок спрашчэння.

Сіндала — люксавы курорт, першы адкрыты праект «Неома»

Але на 2021 год прыпаў найбольшы пік яго росту. Каманда маштабавалася літаральна кожны дзень — у працы Кацярыны было дзе разгарнуцца.

Спачатку яна была адзінай беларускай сярод усіх супрацоўнікаў, пазней далучыўся яшчэ адзін хлопец. Аформіць дакументы — квэст з мноствам зорачак, сістэма атрымання віз — адна з найбольш бюракратызаваных у свеце. Напрыклад, на тое, каб перавезці дзяцей, у Каці пайшло амаль паўгода. Але былі ў яе практыцы кейсы, калі ўвесь працэс пераезду займаў і цэлы год.

«Банкаўскае аддзяленне цалкам закрылі, каб зрабіць мне картку»

У новую для сябе краіну Каця перабралася адна з двума дзецьмі — старэйшаму сыну было 8, малодшаму — усяго 2. Ускладняла сітуацыю тое, што ў Кацінага старэйшага дзіцяці аўтызм.

«Калі я кажу, што жыла ў Саудаўскай Аравіі, многія ўяўляюць сабе нешта накшталт Дубая, з лакшэры-ўмовамі і хмарачосамі. А я літаральна знаходзілася ў пустыні ў закрытым паселішчы. З людзьмі, з якімі ты працуеш, ты разам ясі, жывеш побач і праводзіш вольны час».

Каця расказвае, што ў «Неоме» на той момант працавала каля 4 тысяч чалавек, з іх 80% — экспаты. Атрымалася сапраўдная краіна ў краіне. Саўдыты, якія траплялі ў каманду, былі з мясцовай эліты, большасць вучыліся за мяжой, таму да ладу жыцця замежнікаў ставіліся з разуменнем. А вось жыхары найбліжэйшых гарадкоў кожны раз рэагавалі на прыезджых з вялікім здзіўленнем.

«У мяне быў шок, калі я прыехала адкрываць банкаўскі рахунак. Супрацоўнікі банка проста зачынілі дзверы знутры, каб мясцовыя жыхары не маглі зайсці, пакуль яны разбіраліся з маёй карткай. У іх да прыезджых жанчын асаблівае стаўленне. Ёсць такія рэстараны, якія, калі прыйдзе жанчына, гатовыя будуць закрыць для яе цэлую залу. Калі паважаць культуру, там супербяспечна.

Такога паважнага стаўлення з боку калег, як ад саўдытаў, я не бачыла ні ад каго, а досвед у мяне вялікі. Калі экспат з Еўропы цалкам можа накрычаць або праявіць грубасць, то саўдыт ніколі ў жыцці не дазволіць сабе падняць голас на калегу-жанчыну. Калі не дай бог хтосьці такое ўбачыць, яго адразу ж занясуць у «чорны спіс». Там вельмі па-трапяткому і пры гэтым прафесійна ставяцца да жанчын. Наогул, у Саудаўскай Аравіі зараз пік жаночага руху, іх падтрымліваюць і прасоўваюць. Мець у штаце жанчын з Саудаўскай Аравіі — гэта суперпрэстыжна».

Наогул мясцовая карпаратыўная культура ўразіла суразмоўцу.

«Шчыра кажучы, калі я толькі пачала працаваць дыстанцыйна, у мяне быў культурны шок. Я ўвогуле не разумела, як уладкаваны карпаратыўны свет у Саудаўскай Аравіі. У мяне былі босы ў Ізраілі, у Амерыцы, у Германіі — усюды свае традыцыі. Але ёсць правілы: ты дасылаеш імэйл, і табе павінны адказаць на працягу 24‑48 гадзін. А там ты дасылаеш імэйл, і табе не адказваюць тыдзень, два… Ты адпраўляеш яшчэ дзесяць — і цішыня. Калі працуеш дыстанцыйна, гэта проста забівае. Ты не разумееш, што адбываецца.

Выстава The Line

І толькі калі я прыехала туды і асабіста пазнаёмілася з людзьмі, з якімі перапісвалася, я ўсё зразумела. Для вырашэння пытанняў трэба прыйсці, пагаварыць, выпіць разам чаю. Вельмі шмат завязана на асабістых кантактах. Калі ты для іх нейкі невядомы чалавек, яны будуць цябе ігнараваць. Улічваючы, што ў кожнага ў скрыні па 600 лістоў, калі яны цябе не ведаюць, нічога не адбудзецца. Дарэчы, саўдыты вельмі любяць працаваць са славянамі. На дзіва ў нас падобны культурны код.

У камандзе нават з'явілася выражэнне «Кейт-мэджык»: усе здзіўляліся, як мне ўдавалася вырашаць праблемы. А я, якая б спёка ні была, проста ішла ў суседні офіс, дзе сядзяць людзі, якія прымаюць рашэнні, і размаўляла з імі асабіста. Яшчэ заўсёды ратавалі беларускі зефір і беларускія шакаладкі. Не было яшчэ ніводнай праблемы, якую не вырашылі б беларускія прысмакі», — смяецца Каця.

«Назбіраць за год на кватэру ў Мінску — проста»

Па словах суразмоўцы, плацілі ў «Неоме» цудоўна: трэба ж было неяк завабіць высокакласных спецыялістаў у пустыню. Назбіраць за год на кватэру ў Мінску можна было вельмі проста. Акрамя заробку, прадугледжаная сістэма бонусаў і накапленняў.

Каця працавала ў праекце, які займаўся ежай: вырошчвалі ў цяпліцах агуркі, таматы, салату і рыбу ў Чырвоным моры. Плюс было падраздзяленне, якое займалася раслінным бялком. А яшчэ спецыялісты працавалі над сістэмай індывідуальнага харчавання з улікам геному і асабістых патрэб.

«Знайсці спецыялістаў, якія маюць досвед вырошчвання такіх жа таматаў у пустыні з улікам новых тэхналогій, вельмі складана. Іх насамрэч мала. А тыя, у каго ёсць такі досвед, ужо жывуць у вельмі добрых умовах, іх дзеці ходзяць у добрыя школы. Завабіць іх у пустыню, прымусіць цалкам памяняць лад жыцця было неверагодна цяжкай задачай. Добра калі ты адзін прыязджаеш, а калі з сям'ёй…

Многія бачылі ролікі пра «Неом» і былі ўпэўненыя, што ўсё ўжо пабудавана. Прыязджалі на сумоўе — а вакол толькі пустыня. Здараецца разрыў шаблону. Трэба было падняць усё з самага пачатку. Не было ні вады, ні падводу электрычнасці, ні інтэрнэту — усё з нуля. Своесаблівы чэлендж.

Лагер для навічкоў

Ты не проста ідзеш на новую працу — ты цалкам мяняеш сваё жыццё. Людзі, якія прыязджалі з еўрапейскіх краін, вельмі цяжка ўбудоўваліся ў гэты кампаўнд — маленькую вёсачку, дзе няма ніякіх умоў: няма супермаркетаў, рэстаранаў, ніякага звыклага жыцця«.

Па словах Каці, асноўная катэгорыя супрацоўнікаў — рамантыкі, якія гарэлі ідэяй змяніць свет. Напрыклад, яе начальнік марыў усіх накарміць. Маўляў, калі ты можаш вырасціць ежу ў пустыні, то, якія б катаклізмы ні здарылася, чалавецтва выжыве.

Але, нягледзячы на велізарныя ўкладзеныя намаганні, мегапраект быў занадта амбіцыйным. Некаторыя кірункі проста закрываліся.

«Уявіце: вы працуеце на мяжы магчымасцяў, укладаеце душу, час, здароўе, а выніку так ніколі і не ўбачыце. Амаль ніхто не меў досведу працы ў настолькі маштабных праектах, таму было нямала тупіковых галін развіцця. Мне было прасцей. Вынікі маёй працы былі на паверхні: людзі прыязджалі, каманда расла, з 8 чалавек нас стала 100».

«Мыць, прыбіраць, гатаваць не трэба — толькі працаваць»

Пагаварылі і пра ўмовы жыцця пасярод пустыні. Як расказвае гераіня, для работнікаў арганізавана абсалютна ўсё: жыллё, офіс, харчаванне, прыбіранне.

«Усё зроблена так, каб ты працаваў нон-стоп. Ты ўвогуле нікуды не можаш выйсці, груба кажучы. Вакол пустыня, Чырвонае мора. Адзіная забаўка, дзе я правяла большую частку вольнага часу, — гэта самалёт. Каб не з'ехаць з глузду ў закрытай прасторы, трэба адтуль выязджаць. Усе адзін аднаго ведаюць, кожны дзень ты бачыш адных і тых жа людзей. Я трапіла на праект на піку, графік быў абсалютна ненармаваны. Увогуле не было мяжы паміж працай і домам, таму што ты літаральна жывеш на сваёй працы. Псіхалагічна для мяне гэта было самым складаным».

Лагер для навічкоў

На тэрыторыі спачатку было два лагеры, прычым у самым прамым сэнсе: двухпавярховыя дамкі максімальна нагадвалі месцы адпачынку для дзяцей.

«У лагеры для навічкоў усе ўзаемадзейнічаюць вельмі цесна. Ты чуеш, як суседзі храпуць, ходзіш з імі ў агульную сталовую. У цябе ёсць, па сутнасці, толькі ложак, ванны пакой, шафа і чайнік. А прыязджаюць вялікія імёны ў індустрыі, людзі, якія прывыклі да добрых умоў у Еўропе або Амерыцы. Для многіх гэта было сапраўдным чэленджам. Тым больш што ў перыяд буму камусьці даводзілася жыць так і па паўгода. Лагер не паспяваў за ростам колькасці работнікаў.

Сталовая

У другім лагеры знаходзіліся офісы і больш камфортнае жыллё — аднапавярховыя дамкі. Калі ты прыязджаеш адзін, у цябе адзін пакой: спальня, туалет і маленькая кухня з гасцёўняй, калі з сям'ёй, як я, — дзве спальні, два ванныя пакоі, кухня і гасцёўня».

Каця зноў падкрэслівае: усе ўмовы заточаныя на тое, каб ты мог увесь час аддаваць працы. Два разы на тыдзень адзенне забіраюць у пральню. Ежа безлімітная, самому гатаваць не трэба.

Сямейныя дамы

«Выбар ашаламляльны: крэветкі, лобстары былі звычайнай справай. Я заўсёды папярэджвала тых, хто плануе пераезд: набраць 10 кілаграмаў — гэта база. Па-першае, на стрэсе людзі больш ядуць. Па-другое, спакуса сапраўды вялікая. Ежы выкідалі вельмі шмат. Ялавічыну Велінгтон забіралі сабакам. Напоі безлімітныя. Але з цягам часу ўсё ж такі ўвялі сістэму кашалька: налічвалі балы, якімі можна было разлічвацца, каб хоць неяк скараціць аб'ёмы ежы».

Суразмоўца ўпэўненая: для сем'яў месца ідэальнае. У сацпакет уваходзіць усё: і яслі, і сад, і школа. Нават калі дзеці застаюцца ў іншай краіне, кампанія пакрывае навучанне. Самім супрацоўніцам можна хоць на наступны дзень пасля родаў выходзіць на працу: умовы ў яслях прадугледжаныя для немаўлят. У дзіцячым садку ў групе максімум 15 дзяцей, а на іх тры-чатыры нянькі. Усё зносіны на англійскай мове. Па словах Каці, абодва яе сыны выдатна вывучылі мову. Узять няньку-філіпінку дадому з пражываннем таксама зусім нядорага — $300-400. Так што за побыт сапраўды можна не перажываць.

«Калі мы вярнуліся ў Мінск, сыну трэба было прайсці камісію, каб пацвердзіць аўтызм. І ў яго пытаюцца: «У цябе ёсць сябры, як іх завуць?» Ён пачынае пералічваць: «Мухамед, Абдулазіз». Супрацоўнікі пачалі ўсміхацца. Давялося растлумачыць, што гэта праўда. У яго ёсць сябры з усяго свету — ад Славакіі да Аўстраліі. Гэта сапраўды вопыт, які дзівосна пашырае кругагляд. На праекце працавалі прадстаўнікі 107 краін. У нас было свята «Парад нацый», і выглядала гэта неверагодна.

«Кампанія аплачвала супрацоўнікам два пералёты ў месяц па ўсёй Саудаўскай Аравіі»

Удакладнілі: а чым можна заняцца ў вольны час? Першая думка — гэта спартзала. У кампаніі хутка зразумелі: чым хутчэй расце колькасць супрацоўнікаў, тым больш трэба трэнажорных залаў. У дадатак пабудавалі некалькі басейнаў і джакузі з асобнымі зонамі для мужчын і жанчын.

Галоўная прыродная забава — Чырвонае мора. Каця прызнаецца: найлепшы снорклінг у яе жыцці быў менавіта там. Рыбы, чарапахі, каралы — і ўсё гэта даступна ў любую хвіліну, проста садзішся ў машыну і едзеш на пляж. Але на гэтым «культурная праграма» у цэлым заканчваецца, асаблівых забавак няма.

Улічваючы складанасць праекту, доступ да яго быў закрыты. Госці атрымліваюць пропускі, якія пацвярджаюцца на некалькіх узроўнях. Акрамя таго, здымаць відэа, распаўсюджваць фатаграфіі, выкладаць іх у інстаграм забаронена. Нават у асабістым акаўнце Каця старалась не паказваць ком'юніці: за гэта маглі быць санкцыі.

«Выходзіць за тэрыторыю, вядома, можна — без гэтага ты проста з'едзеш з глузду. Кожныя другія выхадныя я кудысьці лётала — побач ці крыху далей, каб развеяцца. Кампанія аплачвала супрацоўнікам «Неома» два пералёты ў месяц па ўсёй Саудаўскай Аравіі. Адпачынкаў там шмат, асабліва пасля Рамадану. Усе пачынаюць адпачываць, і, куды б ты ні паехаў — у Індыю, на Шры-Ланку, — усюды сустрэнеш кагосьці з праекта. Гэта адзіны час у годзе, калі яны сапраўды не працуюць. Таму што, калі бярэш адпачынак улетку, ты ўсё адно працуеш анлайн, заўсёды на сувязі. А вось рэлігійныя святы — адзіны тыдзень, калі можна выключыць тэлефон і адпачыць».

Не змаглі не спытаць: наколькі дорага ў самой краіне?

«Тыя ж кава і бургер у Саудаўскай Аравіі і ў нас могуць каштаваць прыкладна аднолькава, а часам у нас нават даражэй. У Саудзіі культ ежы, шмат лакшэры-ўстаноў з багатай кухняй. Зразумела, што там ужо ў разы даражэй. Але пры жаданні можна паесці і за даляр. У Саудаўскай Аравіі моцна адчуваецца ўплыў амерыканскай культуры, шмат фастфуду.

Калі хочаш купляць добрыя прадукты — таматы, якія пахнуць таматамі, не пластыкавую клубніцу, — гэта будзе каштаваць вельмі дорага. У краіне амаль нічога не вырошчваюць, усё імпартуюць: моркву — з Аўстраліі, бульбу — з Егіпта, нешта — з Еўропы. Але пры жаданні можна знайсці што заўгодна — пытанне цаны. Грэчка, напрыклад, $10 за 500 грам.

Жыццё ў кам'юніці

Найбольш сціплы нумар у гатэлі ў сталіцы Эр-Рыядзе будзе каштаваць $300. Гэта звычайны сеткавы гатэль. Ёсць, вядома, гасцініцы, дзе жывуць прыезджыя індыйцы і пакістанцы, але я б не раіла засяляцца туды жанчыне адной. Дарэчы, жыць у адным нумары нежанатым парам нельга, асабліва ў простых гатэлях. Здараюцца нават аблавы. Заплюшчыць на гэта вочы могуць хіба што ў вельмі дарагіх сетках».

Але важкія падставы адправіцца ў такую міні-паездку з'яўляюцца. Напрыклад, у Каці так збылася мара: яна ўпершыню ў жыцці трапіла на канцэрт Metallica. З кожным годам такіх маштабных культурных падзей становіцца ўсё больш. Мясцовыя абажаюць паркі забавак — зразумела, у асноўным крытыя.

Эр-Рыяд

«Тэмпература летам дасягала +54»

Клімат у Саудаўскай Аравіі — яшчэ адно выпрабаванне на трываласць.

«Там, дзе мы жылі, побач Чырвонае мора, таму крыху лягчэй. Хоць летам тэмпература вады такая, што здаецца, быццам плаваеш у супе. Там няма такой засушлівай спёкі, як у Эр-Рыядзе, дзе летам можа быць 50‑60 градусаў. У нас максімум — 52-54. Нават да гэтага можна прызвычаіцца! І ўсё ж такі летам даволі цяжка, асабліва дзецям. Сто метраў складана прайсці па вуліцы, усе стараюцца перамяшчаца толькі на транспарце — ад кандыцыянера ў офісе да кандыцыянера ў машыне».

Як з такім надвор'ем прытрымлівацца ўсходніх традыцый? Так як «Неом» — гэта дзяржава ў дзяржаве, на самой тэрыторыі можна хадзіць адносна свабодна: падлеткі носяць шорты і топікі. Але Кацярына, якая працуе з мясцовымі, заўсёды адзявалася закрыта: доўгая сукенка, локці і плечы абавязкова пад тканінай. Як толькі выходзіш за вароты — у аэрапорт, у найбліжэйшы горад па бюракратычных справах, — абавязкова трэба закрывацца цалкам: мясцовыя жыхары ў гэтым рэгіёне не разбэшчаныя турыстамі.

Назіралася і пэўная «фізічная» дыстанцыя ў зносінах. Нельга дакранаццца да саудаўскіх калегаў, жанчынам нельга паціскаць руку.

Закрытыя вечарынкі ў пустыні

 — Культура сапраўды змяшаная. З аднаго боку, прагрэсіўны ўзровень «Неома», з другога — глыбокая павага да традыцый. Многія думаюць: «Мы тут такія сучасныя, ніхто не заўважыць». Але саудзіты вельмі раўніва ставяцца да сваёй культуры. Нават калі няма жорсткіх афіцыйных патрабаванняў, пажадана ведаць правілы і паводзіць сябе вельмі паважліва. Напрыклад, у Рамадан мяняецца распарадак дня. Для экспатаў сняданак і абед ёсць, але ў офісе піць ваду або каву забаронена: гэта вялікая непавага.

— А можна сябраваць або заводзіць адносіны на працы?

— Першае адчуванне — гэта мусульманская краіна, дзе любыя адносіны па-за шлюбам караюцца законамі. Але зараз ідзе лібералізацыя: мясцовыя ўжо пачынаюць сустракацца без дазволу бацькоў. Тым не менш у карпаратыўнай культуры, тым больш у маленькім кампактным кампаўндзе, рэпутацыя ідзе наперадзе цябе. За табой назіраюць. Таму асабістае жыццё — за межамі кампаўнда, лепш у іншым горадзе, а то і ў іншай краіне.

Дарэчы, менавіта так Каця пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Ён прыехаў на працу ў Саудаўскую Аравію з Алжыра 20 гадоў таму, працуе ў самай вялікай кампаніі сотавай сувязі, не на «Неоме». Сустрэліся яны ў дадатку для знаёмстваў. Вяселле згулялі ў Грузіі.

«Муж жыве ў Эр-Рыядзе. А мне пасля пяці гадоў выездаў, самалётаў, падарожжаў так добра дома. Цяпер у мяне такі перыяд, што я не веру ў work-life balance — яго не існуе. Ёсць перыяды: у прыярытэце або кар'ера, або сям'я. Зараз у мяне сямейны перыяд (у Беларусь Каця вярнулася падчас цяжарнасці трэцім дзіцем. — Заўвага «Анлайнера»), я хачу атрымаць асалоду ад мацярынства. Дзе мы будзем жыць разам з мужам, я не загадваю. Са сваім досведам я ведаю, што выжыву дзе заўгодна. Але зараз мне вельмі класна тут, у Беларусі.

Калі я з'язджала, многія круцілі каля скроні: «Куды ты едзеш з двума дзецьмі ў пустыню, да саўдзітаў?» Але азарт, уменне рызыкаваць і быць у патрэбным месцы ў патрэбны час, мне здаецца, стануць галоўнымі навыкамі найбліжэйшых гадоў. Спадзяюся, мая гісторыя кагосьці натхніць. Мне 40 гадоў — і жыццё пачынаецца зноўку».

Каментары17

  • Свядомы
    06.06.2026
    Кто она? Зачем мне знать ее историю? Миллионы горбатятся за копейки, вот о чем писать надо.
  • Valadzimir
    06.06.2026
    Свядомы, забіваюць глузды моладзі абсалютна нетыповымі асабістымі гісторыямі - па сутнасьці сьмецьцем, а пра сапраўдную гісторыю гэтага краю, тутэйшага народу, пачатую лютічамі - аніводнага слоўца.
  • Жора
    07.06.2026
    Піяр той, якая нясе чырвона-зялёную анучу. Цудоўна.

Цяпер чытаюць

Хто быў той байкер, які справакаваў смяротную гонку па вуліцах Брэста, у якой загінулі трое — у тым ліку і ён сам21

Хто быў той байкер, які справакаваў смяротную гонку па вуліцах Брэста, у якой загінулі трое — у тым ліку і ён сам

Усе навіны →
Усе навіны

Беларус пешкі ідзе 3000 кіламетраў з Варшавы да Іспаніі — гатовы ночыць у лесе і мыцца ў рэчцы9

Якія льготы страцяць жыхары Гомеля праз вывад горада з чарнобыльскай зоны2

У Беларусі ўжо +30°C1

Cклады Wildberries: пад Масквой і ў Цверы — міма, у Пецярбургу пайшло з дымам. Ёсць пападанне і ў НПЗ12

Расійскі дрон ганяўся за прадаўцом на вуліцы Херсона і выбухнуў ВІДЭА3

Шмыгаль назваў, якую новую мэту па знішчэнні ва Украіне паставіла сабе Расія9

Частку парку каля гасцініцы «Беларусь» рыхтуюць да забудовы. Раней будаваць там забараняў Лукашэнка2

Беларускі бізнэс просіць улады дапамагчы пацярпелым прадаўцам Wildberries16

Расійскі вайсковец адкрыў агонь у вёсцы пад Севастопалем. Чатыры чалавекі загінулі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто быў той байкер, які справакаваў смяротную гонку па вуліцах Брэста, у якой загінулі трое — у тым ліку і ён сам21

Хто быў той байкер, які справакаваў смяротную гонку па вуліцах Брэста, у якой загінулі трое — у тым ліку і ён сам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць