Амерыканскія сенатары ўзгаднілі законапраект аб «пякельных санкцыях» супраць Расіі з Белым домам
Амерыканскі сенатар Ліндсі Грэм на брыфінгу ў Кіеве заявіў, што законапраект аб новых жорсткіх санкцыях супраць Расіі ўзгоднены з адміністрацыяй прэзідэнта Дональда Трампа і мае падтрымку Белага дома. Паводле яго слоў, гэта значна павялічвае шанцы на тое, што Кангрэс ухваліць дакумент, піша «РБК-Украіна».
Ліндсі Грэм. Фота: «РБК-Украіна»
Законапраект, які Грэм распрацоўваў разам з сенатарам Рычардам Блюменталем амаль два гады, павінен даць прэзідэнту ЗША дадатковыя інструменты для ўзмацнення ціску на Расію з мэтай спынення вайны супраць Украіны.
Дакумент прадугледжвае магчымасць увядзення высокіх мытаў і іншых абмежаванняў супраць:
- краін, якія працягваюць купляць расійскую нафту і газ;
- кампаній і дзяржаў, што дапамагаюць Расіі абыходзіць ужо дзейныя санкцыі.
Паводле Грэма, ён плануе абмеркаваць законапраект з кіраўніцтвам Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партый, каб як мага хутчэй вынесці яго на галасаванне ў Кангрэсе.
Сенатар таксама заявіў, што ЗША могуць узмацніць падтрымку Украіны ў абароне ад расійскіх балістычных ракет. На яго думку, спалучэнне вайсковай дапамогі і эканамічнага ціску на краіны, якія супрацоўнічаюць з Масквой, можа прымусіць расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна сесці за стол перамоў.
Грэм адзначыў, што ведае, якія дзяржавы працягваюць закупляць расійскія энергарэсурсы і дапамагаюць абыходзіць санкцыі. Пасля вяртання ў ЗША ён мае намер абмеркаваць гэта з прэзідэнтам Трампам і прадстаўнікамі гэтых краін.
Законапраект Sanctioning Russia Act of 2025, зарэгістраваны ў Кангрэсе яшчэ ў красавіку 2025 года, прадугледжвае санкцыі супраць расійскіх банкаў і алігархаў, забарону амерыканскіх інвестыцый у энергетычны сектар Расіі, а таксама магчымасць увядзення мытаў сумай да 500% для трэціх краін, якія працягваюць купляць расійскую нафту і газ.
Раней разгляд дакумента адкладаўся, нягледзячы на падтрымку большасці сенатараў, паколькі чакалася яго ўзгадненне з адміністрацыяй Дональда Трампа. Цяпер, паводле слоў Ліндсі Грэма, такое ўзгадненне ўжо дасягнутае.
Чытайце таксама:
«Расія цісне на ЗША». Зяленскі раскрыў новыя тэрміны, пастаўленыя расіянамі для захопу Данбаса
«Ціск на Пуціна не працуе». Сенатар Грэм заклікаў Трампа ўзброіць Украіну «Тамагаўкамі»
Сенатары-рэспубліканцы ўзмацнілі ціск на Трампа, каб ён уводзіў санкцыі супраць Расіі