БЕЛ Ł РУС

Пластыкавыя бутэлькі могуць не толькі засмечваць акіян, але і ратаваць жыцці дэльфінаў

11.07.2026 / 17:48

Nashaniva.com

Навукоўцы прапанавалі просты і недарагі спосаб, які можа дапамагчы значна скараціць колькасць дэльфінаў, што выпадкова трапляюць у рыбалоўныя сеткі. Для гэтага да сетак прапануецца прымацоўваць пустыя пластыкавыя бутэлькі, піша discoverwildlife.com.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com

Праблема ў тым, што тонкія нейлонавыя рыбалоўныя сеткі амаль не бачныя для дэльфінаў нават пры выкарыстанні эхалакацыі. З-за гэтага марскія жывёлы часта заблытваюцца ў іх і гінуць.

Даследчыкі выказалі здагадку, што паветра ўнутры пластыкавых бутэлек лепш адбівае гукавыя хвалі, дзякуючы чаму дэльфінам лягчэй заўважыць перашкоду. Каб праверыць гэтую ідэю, эксперыменты правялі каля ўзбярэжжа Бразіліі, Перу і Занзібара.

Вынікі аказаліся рознымі. У Перу і на Занзібары бутэлькі не дапамаглі паменшыць выпадкі трапляння дэльфінаў у сеткі, затое ў некаторых выпадках павялічылі ўлоў рыбы. Найлепшы вынік быў атрыманы ў Бразіліі, дзе выкарыстоўвалі донныя сеткі. Там колькасць выпадкова злоўленых дэльфінаў істотна скарацілася, у той час як аб'ём злоўленай рыбы не змяніўся.

Пасля гэтага навукоўцы правялі яшчэ адзін эксперымент з доннымі сеткамі. Ён паказаў, што выкарыстанне пластыкавых бутэлек дазволіла знізіць выпадковую гібель дэльфінаў прыкладна на 88 працэнтаў без шкоды для рыбалоўства.

На думку даследчыкаў, гэты спосаб можа стаць эфектыўным сродкам аховы марскіх сысуноў, бо ён танны, просты ў выкарыстанні і даступны практычна кожнаму рыбаку. Цяпер падобныя выпрабаванні працягваюцца ў іншых краінах, каб праверыць, ці будзе гэты метад такім жа дзейсным у розных умовах.

Чытайце таксама:

З пачатку вайны ў Чорным моры магло загінуць да 100 тысяч дэльфінаў

Складзены рэйтынг манагамнасці млекакормячых. На якім месцы чалавек?

Навукоўцы ўпершыню зафіксавалі спарванне леапардавых акул. Аказалася, што ўдзельнічаюць самка і адразу два самцы ВІДЭА

Каментары да артыкула