ЕС пакуль не ўзгадніў 21‑ы пакет санкцый супраць Расіі
«Яшчэ застаюцца адкрытыя пытанні», заявіла Кая Калас.
Фота: AP
Нягледзячы на тое, што новы пакет санкцый пакуль не ўзгоднены, кіраўніца дыпламатыі ЕС Кая Калас паведаміла, што 13 ліпеня яшчэ 250 расійскіх фізічных і юрыдычных асоб могуць быць уключаныя ў санкцыйныя спісы. Паводле яе слоў, «гэта найбольшая колькасць фігурантаў, якую мы калі-небудзь уносілі ў санкцыйныя спісы», піша DW Беларусь.
«Што да 21‑га пакета, то тут усё яшчэ застаюцца адкрытыя пытанні», — дадала яна.
Акрамя таго, па патрабаванні Балгарыі з праекта 21‑га пакета былі выключаныя патрыярх РПЦ Кірыл і заснавальнік кампаніі «Лукойл» Вагіт Алекпераў.
Кіраўніца Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен прадставіла 21‑ы пакет санкцый ЕС 9 чэрвеня. Сярод прапанаваных мер — забарона на ўезд на тэрыторыю Еўрапейскага саюза для ўдзельнікаў вайны Расіі супраць Украіны.
Першапачаткова Еўракамісія прапаноўвала забараніць уезд у ЕС усім, хто служыў ва Узброеных сілах Расіі з пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны. Аднак з-за пазіцыі Францыі і Італіі гэтую меру вырашылі змякчыць: цяпер абмежаванні прапануецца распаўсюдзіць толькі на кароткатэрміновыя візы і на асоб, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях.