У Польшчы пройдуць вайсковыя вучэнні каля мяжы з Расіяй і Беларуссю
Мэтай вучэнняў названыя падтрыманне аператыўнай гатоўнасці і павышэнне баявых магчымасцей войска.
Фота: Damian Lemanski/Bloomberg via Getty Images
13 і 14 ліпеня на паўночным усходзе Польшчы, каля мяжы з Беларуссю і Расіяй, пройдуць запланаваныя вайсковыя вучэнні асобных падраздзяленняў Узброеных сіл краіны. Пра гэта паведамляе Polskie Radio 24 са спасылкай на паведамленне Аператыўнага камандавання польскіх Узброеных сіл.
Мэтай вучэнняў названыя падтрыманне аператыўнай гатоўнасці і павышэнне баявых магчымасцей войска.
Аператыўнае камандаванне заклікала жыхароў устрымацца ад публікацыі фотаздымкаў і відэаматэрыялаў з перамяшчэннем вайсковых падраздзяленняў.
У сувязі з правядзеннем вучэнняў грамадзян таксама папярэдзілі аб магчымым з'яўленні вайсковай тэхнікі і вайскоўцаў на дарогах агульнага карыстання.