БЕЛ Ł РУС

З бензінам бяда, а елі на бардзюры: былая фрыстайлістка Асоль Слівец з чатырма дзецьмі вяртаецца з адпачынку ў Расіі

14.07.2026 / 10:00

Ганна Стафановіч

Знакамітая спартсменка паехала на машыне з чатырма дзецьмі і сваёй мамай адпачываць на мора ў Расіі. 1800 кіламетраў шляху назад даецца не без прыгод.

Асоль Слівец. Тут і далей фота з яе інстаграма

Нягледзячы на патэнцыйную небяспеку, Асоль Слівец вырашыла адвезці чатырох дзяцей на мора ў Расіі. Малодшаму з іх усяго два гады. Другі муж спартсменкі не паехаў з імі. Дапамагала з такой вялікай кампаніяй дзяцей маці Асоль.

Сама ж жанчына сядзела за стырном машыны — 1800 кіламетраў у адзін бок. Стартавалі ў канцы чэрвеня, маршрут праклалі праз Магілёў, Бранск, Арол.

Тады Асоль распавядала ў сторыс, што праблем з бензінам на трасе М4 Масква — Наварасійск няма, але вось па-за трасай паліва не заўсёды ёсць. Скардзілася на тое, што ў Расіі немагчыма цяпер карыстацца навігатарам, бо GPS увесь час знікае. Ды і відэарэгістратар рэкамендавала адключаць, каб выпадкова не зняць нешта: «Бо здымеш нешта, а гэта рэжымны аб’ект. Па трасе вайсковую тэхніку вязуць».

Дзялілася і тым, што не давала дзецям планшэты ды не ўключала мульцікі, бо іх загойдвала. Таму ў дарозе яны елі, спалі і гулялі ў словы.

Сам адпачынак сям’і спадабаўся. Асоль пісала ў інстаграме: «Так, адпачываць з дзецьмі няпроста, але эмоцыі і адкрыцці вартыя любога клопату. Бо менавіта так нараджаюцца самыя цёплыя ўспаміны».

А вось на шляху дадому было больш прыгодаў. Асоль распавядае: «З бензінам бяда. З дызелем лепей, але ўсё роўна напружана. Едзеш 600 кіламетраў у пошуку. Ці зачынена, ці гадзінныя чэргі».

Есці даводзіцца ў літаральным сэнсе на дарозе. Паколькі на запраўках ажыятаж, бутэрброды робяць проста на бардзюрах.

Сама ж кіроўца распавядае лайфхак, як не стамляцца за стрыном: «Я прыйшла да працоўнай схемы: пакуль яны ядуць, мыюць рукі і размінаюць ногі — я як кіроўца сплю. Паесці я магу падчас язды. Гэта і адцягвае ўвагу, і не дае заснуць».

Чытайце таксама:

«Мы непрыкметна». Як беларусы цяпер едуць у Анапу на адпачынак

«Выйшлі з аўтобуса і адмовіліся ад тура». Беларусы расказалі, як мяжа сапсавала ім падарожжа

«Бачу, нешта шэрае ляціць. Атрымала асколак». Пацярпелыя дзеці з аўтобуса распавялі, што здарылася ў Бранскай вобласці

Каментары да артыкула